Звычайныя словы пра незвычайнага чалавека
18 красавіка бягучага года яму споўнілася б 65. Але бязлітасная хвароба абарвала жыццё дачасна — у верасні 2009-га. Засталіся сотні артыкулаў у пастаўскай раёнцы, абласным «Народным слове», рэспубліканскай «Звяздзе» і іншых выданнях, зборнікі паэзіі і прозы.
Я гавару пра Алеся Касцяня — таленавітага журналіста і пісьменніка. Вечар, прысвечаны яго памяці, адбыўся нядаўна ў раённым краязнаўчым музеі. Планаваўся да 65-годдзя з дня нараджэння творцы, але свае карэктывы ўнесла эпідэмія каранавіруса. Нарэшце яго небяспечная хваля адкацілася, і былыя сябры, калегі, вучні, аднадумцы Алеся змаглі сабрацца разам.
Распачынаючы імпрэзу, дырэктар музея Таццяна Гарошка ўзгадала першую сустрэчу з Алесем Касцянём. Яна, вучаніца Варапаеўскай сярэдняй школы, даслала ў райгазету свае вершы і была запрошана на пасяджэнне літаб’яднання, што дзейнічала пры рэдакцыі і якое ўзначальваў Алесь. Запомнілася, як уважліва і тактоўна ставіўся журналіст да аўтараў-пачаткоўцаў, як заахвочваў іх да паэзіі. Праз гады, калі Таццяна ўжо працавала ў раённым аддзеле культуры, яны разам пісалі сцэнарыі, рыхтавалі і праводзілі святы. Акрамя таго, стварылі так званы нядзельны ліцэй беларускай мовы. Згуртавалі вакол сябе энтузіястаў. Сустракаліся кожную нядзелю. Чыталі лекцыі, гаварылі пра мастацтва і літаратуру, ладзілі гульні, спявалі. «Была ў захапленні ад таго, наколькі высокаадукаваны Алесь і якім выдатным выкладчыкам паказаў сябе, як прафесійна расказваў пра паэзію», — заключыла выступоўца.

Увайшоў у мастацкую майстэрню, павітаўся і асвятліў усіх усмешкай. Такім назаўсёды запомніўся момант знаёмства з Алесем пастаўскаму мастаку Іосіфу Атрахімовічу. З цягам часу яны сталі такімі сябрамі, што разумелі адно аднаго без слоў. Сустракаліся не толькі ў майстэрні, але і на кватэры Алеся. Нягледзячы на тое, што ён ужо меў сям’ю, ля творцы гуртавалася шмат аднадумцаў. Чыталі вершы і прозу, абмяркоўвалі падзеі грамадскага жыцця, планавалі сваю дзейнасць. Успамінаючы той час, Іосіф Атрахімовіч адзначыў, наколькі назіральным быў Алесь. З’явы або падзеі, якія асабліва ўражвалі, адразу ж знаходзілі адлюстраванне ў яго творах. Так нараджаліся ў тым ліку і эсэ «Простыя рэчы», якія рэгулярна друкаваліся ў рэспубліканскай «Звяздзе» і знаходзілі шырокі водгук у чытачоў газеты.
Алесь найперш быў журналістам, а ўжо потым — пісьменнікам. Працуючы ў штаце раёнкі, пісаў шмат і цікава. Адкрыты, таварыскі, шчыры, меў добрыя стасункі ў калектыве. Плённа кіраваў літаб’яднаннем. Дзякуючы Касцяню, гасцямі рэдакцыі былі не толькі мясцовыя творцы, але і літаратары, акцёры з вобласці і рэспублікі. З часам яму стала цесна ў нашых сценах, па некаторых пытаннях яго погляды не супадалі з рэдакцыйнай палітыкай, і Алесь пакінуў калектыў. Але журналісцкую працу працягваў — рэдагаваў газету «Сумежжа», якая на хвалі перабудовы стала выходзіць у раёне, з’яўляўся аўтарам абласной газеты «Народнае слова» і рэспубліканскай «Звязды».
Пра тое, як стваралася «Сумежжа», пра выданне паэтычных зборнікаў «Рунь», у якія ўваходзілі творы паэтаў-пачаткоўцаў Пастаўшчыны і якія рэдагаваў Алесь Касцень, узгадаў Міхась Гіль. Пра сумесную грамадскую дзейнасць гаварыла Людміла Цыбульская. Наталія Карнілава і Вольга Лісіцкая прачыталі яго і свае вершы. Затоена слухалі прысутныя Алесеву дачку Ганну Хромчанку. «Таты няма на гэтым свеце, але я перакананая, што паміж намі існуе нейкая ўзаемасувязь. Тое, што сёння пачула пра яго, вельмі прыемна. Усё прапускаю праз сябе», — прызналася яна і ўзгадала многія эпізоды з сямейнага жыцця, якія выклікалі ў прысутных то ўсмешкі, то роздум.
У пачатку сустрэчы яе вядучая Таццяна Гарошка прапанавала кожнаму выступоўцу напісаць на вялікім ватмане слова, якое, на яго думку, характарызуе такога незвычайнага чалавека, як Алесь Касцень. І з’явіліся: любоў, каханне, інтэлектуал, светлае, шчырасць, адкрытасць, арыгінал, франт, прафесіянал, світальная душа і інш. Запоўнены аркуш падарылі дачцэ журналіста і пісьменніка. Яна ў сваю чаргу адвезла яго сваёй бабулі — 87-гадовай Антаніне Уладзіміраўне Касцень, у якой Алесь быў адзіным сынам і якая жыве памяццю пра яго.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара
Читайте также:
Почему арт-деревня Каптаруны стала местом притяжения для известных творческих людей?
Летнія народныя святы на Пастаўшчыне
Телеканал «Беларусь-3» снял передачу о гутской народной игре «Яшчар»