Хлеб наш надзённы
У каго хлеб — у таго і шчасце. Хлеб накорміць, вада напоіць. Без хлеба сыты не будзеш. Хлеб усяму галава. У гэтых прыказках — народная мудрасць. А колькі вершаў і песень прысвечана хлебу!
Наўрад ці знойдзецца сям’я, у рацыёне якой адсутнічаў бы гэты найгалоўнейшы прадукт. У раёне на прамысловай аснове яго выпякаюць на хлебазаводзе Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Заглянем на прадпрыемства. 11 гадзін. Тэрыторыю завода даўно пакінулі машыны з хлебабулачнымі вырабамі. Загрузка тых, якія накіроўваюцца з таварам у Докшыцкі, Браслаўскі, Шаркаўшчынскі раёны, тут пачынаецца з 5-ці раніцы. Затым прадукцыя адпраўляецца ў магазіны нашага раёна. А аўталаўкі давязуць яе ў абазначаныя на маршрутах вёскі. Але аднаго «экспедытара» я ўсё-такі застала на прадпрыемстве. Гэта пастаўскі індывідуальны прадпрымальнік Валянцін Амбразевіч, ва ўласнасці якога магазін «Расінка» ў райцэнтры.

— Кожны дзень я сам прыязджаю на завод па хлебабулачную прадукцыю. Задавальняе як якасць, так і цана, — расказваў ён. — У магазіне пастаўскі хлеб і батоны не залежваюцца, людзі раскупліваюць хутка.
Атмасфера на заводзе цёплая і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Жаралы печаў, у якіх выпякаецца хлеб, разаграваюцца да 250 градусаў. У рабочых няма магчымасці прахалоджвацца: працэс няспынны. За суткі, у адпаведнасці з заяўкамі, выпякаецца ад 2,5 да 3,5 тоны хлебабулачных вырабаў 14-17 найменняў.

— Самы запатрабаваны спажыўцамі хлеб — «Мурамскі любімы». Тры гады таму на рэспубліканскім конкурсе ён удастоены сярэбранага медаля. Рэцэптура яго прыгатавання распрацавана намі, — расказвала загадчыца заводскай лабараторыі Святлана Чалей. — Хутка набірае папулярнасць «Зерневы духмяны», які пачалі выпускаць нядаўна. Ён удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе «Смаката». Вынікі конкурсу будуць агучаны на сімпозіуме хлебапёкаў, які павінен адбыцца ў Мінску ў лістападзе. Спадзяёмся на прызавое месца. А ўвогуле, наша прадукцыя адзначана шматлікімі ўзнагародамі розных конкурсаў. І гэта сведчыць пра яе высокую якасць».
За суткі, у адпаведнасці з заяўкамі, выпякаецца ад 2,5 да 3,5 тоны
хлебабулачных вырабаў 14-17 найменняў
З далейшай размовы са спецыялістамі я даведалася, што па найпрасцейшай тэхналогіі выпякаецца фармавы хлеб «Ніва», усім знаёмы як «цаглінка». Астатні — заварны, шматстадыйны. Штодня праводзіцца выпрабаванне паўфабрыкатаў з мэтай вызначэння, якая іх кіслотнасць, ці дастаткова часу брадзіла цеста і ці можна яго раздзелваць. Абавязковы кантроль якасці гатовай прадукцыі. Гэтым займаецца кантралёр харчовай прадукцыі Алена Апанасевіч. А за ўвесь працэс адказвае начальнік цэха хлебапячэння Наталля Марціна.

Такія працаёмкія працэсы, як прасейванне мукі і замес цеста, часткова механізаваныя. Але дастаткова і ручной працы. Вельмі нялёгкая яна ў цестамесаў. Сярод іх асабліва вызначаецца Марына Лазовік, якая ў кожны замес цеста ўкладвае часцінку сваёй душы. Не механічна, а ўручную раздзелваецца цеста хлеба павышанай якасці. У кожнай змене, якая доўжыцца 12 гадзін, тры фармоўшчыкі. Напружана працуюць на канвееры Марына Бародка, Вольга Курто, Іна Бартунская, Алена Каравацкая, Ірына Давідовіч, Вольга Лягкова. Хлебабулачныя вырабы, якія толькі што выйшлі з печы, рукамі пекараў і іх памочнікаў адразу ж выкладваюцца ў кантэйнеры. Затым хлеб і батоны 4 гадзіны астываюць, пасля чаго іх можна наразаць. Дарэчы, попыт на нарэзаныя хлебабулачныя вырабы расце.

Што да асартыменту, то пастаўскія хлебапёкі прапануюць такія гатункі хлеба, як «Мурамскі любімы», «Кулікоўскі новы», «Паланга прэміум», «Стаўрапальскі» і іншыя, а таксама багеты, сайкі, хлеб тоставы, батоны з разнастайнымі насыпкамі. На выязных кірмашах у Мінску заўсёды запатрабаваны хлеб з цёмным мякішам: «Еўрапейскі», «Бабулін», «Тызенгаўз», «Царскі з сухафруктамі».
— Напэўна, асабліва прыемна выпякаць хлебабулачныя вырабы з мукі новага ўраджаю? — гавару Святлане, і аказваецца, дэманструю поўную недасведчанасць.

— Наадварот, свежая мука вельмі «капрызная», — тлумачыць спецыяліст. — З ёй трэба абыходзіцца асабліва ўважліва. Рэкамендуецца выкарыстоўваць яе толькі праз два месяцы пасля памолу, а ўвесь тэрмін прыгоднасці — адзін год. Закупліваем муку на мукамольных прадпрыемствах у Віцебску, Полацку, Барысаве, Гомелі. Абавязкова ўлічваем цану і якасць. Бо ад якасці мукі залежыць і якасць нашай прадукцыі. А тэхналогію мы захоўваем строга.
Дарэчы, пастаўскім заводам зацікавіліся расіяне. Прыязджалі іх прадстаўнікі, аглядалі вытворчыя магутнасці, вывучалі тэхнічныя магчымасці. Абяцаюць дапамогу сваіх тэхнолагаў з мэтай наладжвання выпуску лініі замарожанага хлеба, які будзе экспартавацца ў Расію. Каб ажыццявіць гэта, трэба правесці вялікую работу. Але прапанова заманлівая…
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара
Читайте также:
Натуральные продукты. В микрорайоне строителей открылся новый магазин ОАО «Новоселки-Лучай»
Странные шарики на листьях дуба. Что это такое?
Поставчанин Казимир Кишко нашел боровик весом более 1 кг