Без нечаканасцей
1 тур. 3:0 (25:19; 25:15; 25:17)
З дэбютантам першынства, фактычна юнацкай зборнай Беларусі (U-17), пастаўчане напярэдадні правялі ў сталіцы кантрольны паядынак і перамаглі з лікам 3:2. Таму ведалі свайго першага саперніка. Аднак расслабляцца ніхто не думаў, бо маладыя таленты з усіх куткоў краіны імкнуцца перамагаць. Стартавы матч «Атлант» пачаў спакойна, у добрым настроі.
У самым пачатку, дзякуючы падачам 16-гадовага Данііла Балгова, які хутка прагрэсіруе, прыбавіў ва ўсіх кампанентах і стаў іграком асноўнага складу, пастаўчане адарваліся адразу на 6 ачкоў. Яны ўпэўнена завалодалі гульнявой ініцыятывай, якую не аддалі да канца сустрэчы. Добра згуляў капітан і распасоўшчык Уладзімір Юзвовіч, ён зарабіў некалькі ачкоў падманнымі скідкамі мяча. Вынікова атакаваў першым тэмпам Віталь Варанец, як і іншыя ігракі на гэтай пазіцыі. На задняй лініі надзейна дзейнічаў ветэран, кандыдат у майстры спорту Аляксандр Зарэцкі.
Праўда, пэўныя агрэхі ў нашых пры гульні на блоку былі, і мінчанам перыядычна ўдаваліся імклівыя камбінацыі. У канцоўцы першага сэта пастаўчане крыху збавілі тэмп, бо пачаліся перастаноўкі на пляцоўцы: трэнеры далі пагуляць усім заяўленым рэзервовым ігракам, якія таксама нядрэнна сябе праявілі. У выніку за кошт больш высокага майстэрства і вопыту «Атлант» пачаў сезон з упэўненай перамогі. Яе дабіліся Варанец (Лукін), Балгоў (Канаш), Юзвовіч (к, Аксёненка), Русак (Саўчук), Казлоўскі (Шнітоўскі), Іваноў (Каспер) і лібера Зарэцкі, Літвіновіч.
Наш наступны сапернік — гродзенскі «Камунальнік-ГДУ» — таксама стартаваў з перамогі (3:0) над салігорскай «ДЮСШ-Шахцёр». Астатнія матчы тура завяршыліся так: «Узлёт» (Орша)—«ЦАР-Камунальнік» (Магілёў) — 3:0, «СДЮШАР-Энергія» (Гомель)— «Газпрам-Гомель» — 1:3. Пасля выезду ў Гродна пастаўчане 24 кастрычніка на сваёй пляцоўцы памераюцца сіламі з дзеючым чэмпіёнам — камандай РДВАР-2003 (Мінск).
Уладзімір Шык
Фота Златы Дубковіч
Читайте также:
Чемпионат Витебской области по футболу. ФК «Поставы-ПМЦ»—ФК «Лепель» — 2:5
Где в Поставах появились три новые спортивные площадки?
Начинается очередной чемпионат Беларуси по волейболу. Интервью с Павлом Вавинским