Как на полях ОАО «Новоселки-Лучай» проходит сев озимых?

Сельское хозяйство

Зручна ноччу з Trimble

7 гадзін раніцы. Дыспетчар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Марына Шорац выпісвае пуцёўкі, і першыя 6 чалавек адпраўляюцца ў поле. Ад Навасёлак да Вайцяхоў, дзе разгарнулася падрыхтоўка глебы і ідзе сяўба азімых, больш за 40 кіламетраў. Там на трактарах з 8-корпуснымі абаротнымі плугамі рупяцца Аляксандр Арлоўскі, Руслан Шымко і Канстанцін Скірэліс. Першыя два — вопытныя, а вось Косця на ворыве толькі другі дзень. Але ў любым выпадку ён можа разлічваць на спрактыкаваных калег, якія пры неабходнасці падкажуць, павучаць. Трактары рухалюцца адзін за другім па полі, за імі роўнымі радамі кладзецца чорная глеба.

— Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла, — гаварылі механізатары. — А мы старання не шкадуем. Тэмпы залежаць ад вільготнасці глебы, яе структуры, а таксама ад контурнасці палёў. На такіх, як у Вайцяхах, ёсць дзе разагнацца. За дзень узорваем у сярэднім 20 гектараў.

На трактарах з плугамі рупяцца Руслан Шымко, Канстанцін Скірэліс і Аляксандр Арлоўскі

Пасля плугоў ідзе трактар з новым 9-метровым культыватарам, на якім ноччу працуе Віктар Дулінец, днём — Яўгеній Грышчанка. Затым глебу дыскуе Анатолій Хоміч. Пазменная работа і ў родных братоў Андрэя і Стаса Врублеўскіх, якім даверана сяўба. Пару гадоў таму Врублеўскія былі першаадкрывальнікамі начной апрацоўкі глебы.

— Згодна з планам, сёлета азімымі мы павінны заняць 3 000 гектараў, — расказвала вядучы аграном гаспадаркі Алена Касцюк. — Гэта вельмі вялікі аб’ём. У мінулыя гады сеялі амаль на тысячу гектараў менш. Марудзіць нельга. Каб укласціся ў найлепшыя тэрміны, вырашылі найперш засяваць палі з цяжкай глебай. Практыкуем сяўбу ноччу. Гэта стала магчымым дзякуючы такому абсталяванню, як Trimble. Яно ўстаноўлена на новым энерганасычаным трактары «МТЗ-3522». Працаваць з аўтапілотам намнога зручней. Асабліва ў цёмны час сутак, у туман, а таксама калі рухаешся супраць сонца. Трактар ідзе па ўстаноўленым курсе, гэта сістэма значна павышае эфектыў­насць і прадукцыйнасць палявых работ, садзейнічае эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў, насення і часу.

Сеяльшчыкі — браты Стас і Андрэй Врублеўскія

Пад’язджаем да поля, дзе з культыватарам працуе Віктар Дулінец. Ён, убачыўшы машыну, накіроўваецца на ўскраек, каб здаць змену напарніку.

— Як ноч прайшла? — цікавяцца Яўгеній Грышчанка і Анатолій Хоміч.

— Шкада, што не было стрэльбы, — усміхаецца Віктар. — Дзікі ішлі на суседняе поле ў кукурузу. Ніколі так блізка не бачыў гэтых жывёлін. А ўвогуле, гектараў пад 40 пракультываваў. Найцяжэй працаваць на світанні: святло фар не дапамагае, трэба быць асабліва пільным, каб не дапусціць агрэхаў.

Вадзіцель загрузчыка Віктар Петрыкевіч

Віктар садзіцца ў машыну, а Яўгеній уключаецца ў работу. Наступны прыпынак — каля трактара братоў Врублеўскіх. Старэйшы, Андрэй, здае змену малодшаму, Стасу. Некалькі слоў пра справы дома, затым пра тое, як працуе тэхніка, агляд 6-метровай сеялкі. Да сеяльшчыкаў пад’язджае на МАЗе Віктар Петрыкевіч. Ён працуе пазменна з Тадэвушам Пралічам. Пакуль вадзіцель наладжвае загрузчык, браты развітваюцца, Стас хуценька заскоквае на верх сеялкі, кантралюе засыпку зерня. Адной загрузкі хапае гектараў на 15. За змену кожны механізатар засявае прыкладна па 40. Землі тут цяжкія, таму не заўсёды ўдаецца вытрымаць узяты тэмп. Тыя, хто працаваў ноччу, адпраўляюцца на адпачынак, а вечарам зноў вернуцца ў поле.

Добрых вынікаў на падрыхтоўцы глебы дабіваюцца Анатолій Хоміч, Віктар Дулінец і Яўгеній Грышчанка

Ідзе сяўба і ў іншых аддзяленнях гаспадаркі. Юрый Татарчук шчыруе ў лучайскім. Аляксандр Федаронак некаторы час сеяў у цешалаўскім. Цяпер падчапіў плугі і займаецца ворывам. На 22 верасня ў гаспадарцы азімыя пасеяны больш чым на 40% плошчы. Спрыяюць тэмпам добрая арганізаванасць работ, тэхнічная аснашчанасць машынна-трактарнага парка і адказнасць спецыялістаў. Хапае насення і гаруча-змазачных матэрыялаў. На ўсіх участках задзейнічаны надзейныя і працавітыя механізатары. На тых палях, якія засеялі першымі, ужо зелянее рунь, абяцаючы добры ўраджай.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В ОАО «Курополье-агро» Андрей Политыко первым среди коллег намолотил 1000 тонн зерна
Учащиеся Поставского государственного колледжа помогают убирать картофель
В ОАО «Новоселки-Лучай» картофель выращивали аж на 37 гектарах



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.