Каждый год поставчане отправляются в 145-километровое путешествие на плотах

Важное Общество

Ты нясі мяне, рака…

Ці адважыліся б вы адправіцца ў 145-кіламетровае падарожжа на плытах? Змаглі б на два-тры тыдні цалкам «адключыцца» ад цывілізацыі і пры любым надвор’і быць часткай дзікай прыроды? А ці адпусцілі б у такую вандроўку сваё дзіця? Калі вы станоўча адказалі на ўсе пытанні, то, напэўна, добра ведаеце кіраўніка ваенна-спартыўнага клуба «Азімут» Сяргея Сядых.

Кожнае лета Сяргей Ге­надзь­евіч разам з камандай пастаўскіх «турыстаў-авантурыстаў» адпраўляецца ў водны паход па рацэ Дрысе, якая працякае праз Расонскі і Верхнядзвінскі раёны. І кожны раз адкрывае для сябе і іншых многа новага.

Так атрымалася, што ў сёлетнім і папярэднім сплавах удзельнічаў шэраг маіх знаёмых. Раз у некалькі дзён яны змяшчалі ў сацыяльных сетках фота і відэа сваіх прыгод. Гэта быў сапраўдны «серыял», ад якога не магла адарвацца. Перашкоды на рацэ, «мокрыя» ўмовы надвор’я, надакучлівыя камары — выпрабаванняў хапіла ўсім.

Але адна справа глядзець такі «серыял» у камфортных умовах дома і зусім іншая — быць яго галоўнымі героямі. Але якімі шчаслівымі яны выглядалі! Узнікла пытанне: у чым жа кайф такіх падарожжаў? Адказ пачула ад Сяргея Сядых, з якім сустрэлася пасля заканчэння летняга паходнага сезона.

Сяргей Сядых

…Турызм для Сяргея Генадзь­евіча — не хобі, а лад жыцця. Ім былы ракетчык жыве з 1985 года.

Зыходным пунктам стала знаёмства з патрыярхам рускага стылю рукапашнага бою Аляксеем Кадачнікавым, — успамінаў Сяргей Сядых. — Гэта адбылося на ваенных зборах у Харкаве. Пасля нашай размовы я зразумеў, што зусім нічога не ведаю пра выжыванне ў экстрэмальных умовах. Як накарміць салдат, калі скончыліся запасы ежы? Як сарыентавацца на мясцовасці без компасу і карты? Як пераправіцца з рэчамі праз раку? Я як ваеннаслужачы ракетных вой­скаў стратэгічнага назначэння  быў абавязаны ведаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

Сяргей Генадзьевіч стаў чы­таць шмат літаратуры па турызме. Неўзабаве адправіўся ў свае першыя ў жыцці водныя і пешыя паходы. Па кнігах навучыўся будаваць самыя розныя плыты: для гэтага выкарыстоўваў бярвенне, бочкі, аўтамабільныя камеры і іншыя матэрыялы. Спачатку плаваў па рэках Расіі, потым вывучаў беларускія Улу, Вузлянку, Нарачанку, Свольну, Ашмянку… Апошнія гадоў дваццаць сплаўляецца па рацэ Дрысе на Расоншчыне, якая для гэтых мэт падыходзіць ідэальна.

Сёлета ў такое ўжо традыцыйнае воднае падарожжа адправіліся тры дзясяткі пастаўчан. Самаму малодшаму ўдзельніку было 6 гадоў (раней і 2-гадовы разам з бацькамі сплаўляўся!). Былі і дзеці іншага ўзросту.

Найлепшы спосаб спазнаць чалавека — адправіцца з ім у паход, — запэўніваў мой суразмоўца. — Там кожны праяўляе свае як станоўчыя, так і адмоўныя якасці. Памятаю, неяк да сплаву далучылася адна гламурная дзяўчына і давай распытваць: «А дзе памыцца? А дзе прыбіральня? А як гэта — піць чай з рачной вады?» І толькі чуеш: «Не буду… Не маё…» Звычайна такі чалавек пры першай магчымасці вяртаецца назад, «у цывілізацыю». Некаторыя дзеці пачынаюць плакаць пасля першага ж начлегу. Так было сёлета з маім унукам, а некалі і з маёй дачкой, калі я яе маленькую ўзяў у паход. Тут галоўнае — нікога не прымушаць. Хочаш зноў у горад — калі ласка.

Сапраўды, тое, што для аднаго з’яўляецца найлепшым адпачынкам, для іншага — выпрабаванне. Напрыклад, не кожны можа змірыцца ў паходзе з армейскай дысцыплінай і распісаным па гадзінах рэжымам дня. А ён такі. У 8 раніцы — пад’ём і абавязковая зарадка. Потым сняданак (яго на вогнішчы гатуе нарад па кухні). У 11 гадзін выхад на маршрут, пасля 18-ці — пошук стаянкі, абуладкаванне лагера. Каля 20.00 — вячэра, а затым самае вясёлае — «гульні, танцы, атракцыёны» (так Сяргей Генадзьевіч называе забаўляльную праграму, калі дарослыя і дзеці гуляюць у «кракадзіла» і шматлікія іншыя гульні). 3-4 разы за паход можна папарыцца ў лазневай палатцы.

Кожны такі паход — выдатная школа турызму. Асабліва карысныя «ўрокі» Сяргея Сядых для дзяцей. Ён і марскія вузлы завязваць навучыць, і вогнішча ў дождж распальваць. А чаго вартыя падчас сплаваў урокі самастойнасці!

У паходзе няма бабулі, якая прынясе-падасць, мамы, якая прыгалубіць і дапаможа, — гаварыў суразмоўца. — Таму для дзяцей звычайна стрэс, што трэба абсалютна ўсё рабіць самому. Спачатку яны разгубленыя, у іх шмат пытанняў. Аднак ужо праз некалькі дзён бачу цалкам самастойных людзей: і посуд памыюць, і прыбяруць. А колькі ў іх уражанняў! І пытацца нічога не трэба — шчаслівыя вочы гавораць самі за сябе.

Так, на мне ляжыць вялікая адказнасць за дзяцей. Але я ніколі не баюся браць яе на сябе. Гэтаму навучыла армія. Калі быў камандзірам батарэі, у маім падпарадкаванні было па 150 салдат і сяржантаў, з якімі адпраўляўся на тактычныя заняткі, вучэнні, палявыя выхады… Потым, калі перайшоў працаваць у школу, шмат вандраваў са сваімі вучнямі — за імі таксама глядзі ды глядзі! Прычым з начлегам хадзілі нават зімой. А зараз нікога выцягнуць не магу. Ды і бацькі тады былі смялейшымі…

Даросламу чалавеку, які ніколі не быў у такім паходзе, цяжка зразумець, як можна не раздражняцца ад таго, што цябе суткі палівае дождж. Або як адчуваць сябе бадзёрым пасля пастаяннага сну ў палатцы.

Пасля трох начлегаў на ўлонні прыроды не мае значэння, колькі іх будзе далей — 10 ці 20, — запэўніў Сяргей Сядых. — Потым яшчэ да ложка трэба доўга прывыкаць (смяецца — аўт.). Бывае, вярнуся ў сваю кватэру, гляну праз акно на вуліцу — а там дождж, гразь… Думаю: добры гаспадар і сабаку на двор не выга­ніць. А потым успамінаю: дык я ж два дні назад пры яшчэ горшым надвор’і на плыце плыў! І мне было проста супер! Тады шчыра сам сабе ўсміхаюся, прыгадваючы ўсе найлепшыя моманты падарожжа.

У апошнія гады ў сплавах ­удзельнічае больш дарослых, чым дзяцей. Асноўны касцяк групы складаюць былыя выхаванцы ваенна-спартыўнага клуба «Азімут» з дзецьмі. У іх ліку — пастаўчанка Рыта Шылей.

У «Азімут» я прыйшла ў 9 гадоў, — прыгадвала яна. — Сяргей Генадзьевіч у многім замяніў мне бацьку, які рана пайшоў з жыцця, і вельмі паўплываў на маё светаўспрыманне — навучыў жыць у гармоніі з прыродай, радавацца дробязям і бачыць прыгожае ў звычайным.

Сплавы дораць шмат незабыўных і бясцэнных уражанняў. Прачнуцца ў 4 гадзіны пад спевы птушак, пасядзець вечарам ля вогнішча, пабыць адзін на адзін з прыродай, цалкам «перазагру­зіць» думкі, супакоіцца… Дзеля гэтага і варта знайсці час на такое падарожжа.

Апошнія тры гады я бяру з сабой дзвюх дачок, у тым ліку і хворую на ДЦП Соню. Збіраючыся з імі ў паход, заўжды ўспамінаю выраз: «Калі хочаш, каб дзеці былі з табой у старасці, трэба быць з імі ў дзяцінстве». Сумесныя эмоцыі яднаюць. Цяпер я гэта разумею як ніколі.

Сяргей Сядых і Рыта Шылей

­

Удзельнікам сплаву заўжды задаюць шмат пытанняў сябры і знаёмыя, якія таксама хацелі б адправіцца ў такое працяглае падарожжа па вадзе. Аднак далёка не ўсе на гэта асмельваюцца. У такім выпадку хочацца нагадаць: любое, нават самае доўгае, падарожжа пачынаецца з аднаго маленькага кроку. А зрабіць яго не так і складана.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Сяргея Седыха і Рыты Шылей



Читайте также:
Чем агроусадьба «Ля Блакітных азёр» в д. Войшкуны привлекает многочисленных туристов?
Травница Ольга Спиридонова провела шестидневную фитошколу в Трабутишках. Интервью
Андрей Смирнов и Александр Анкудович спасли селезня от неминуемой смерти



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.