«Клуб программистов» в РЦДМ научит создавать сайты и мобильные приложения

Образование

Каб быць з «Пітонам» на «ты»

Раней хлопчыкі марылі стаць касманаўтамі, а цяпер — айцішнікамі. Не ўсе, канечне, але многія хочуць звязаць будучыню менавіта з высокімі тэхналогіямі: сёння гэта галіна адна з самых перспектыўных, запатрабаваных і высокааплатных.

Аднак на шляху да мары аднаго жадання мала. Гэта выдатна разумеюць наведвальнікі «Клуба праграмістаў», які працуе пры раённым цэнтры дзяцей і мола­дзі. Кожны тыдзень яны зай­маюцца тут па 5 гадзін і, апроч іншага, вучацца ствараць сайты і мабільныя дадаткі. Карэспандэнт «ПК» завітала на адзін з такіх заняткаў, а заадно даведалася, якія яшчэ аб’яднанні па інтарэсах працу­юць у РЦДМ для вучняў старэйшых класаў.

…Да пачатку заняткаў 10 хвілін. Група навучэнцаў 12-14 гадоў ужо заняла месцы ў камп’ютарнай зале. Некаторыя з хлопцаў часу дарэмна не губляюць: асвойваюць праграму, вучацца друка­ваць на клавіятуры ўсляпую — не гле­дзячы на клавішы і выкарыстоўваючы ўсе пальцы рук. За рабочым сталом і кіраўнік клуба — педагог дадатковай адукацыі, настаўнік інфарматыкі СШ №1 Георгій Несцяровіч.

Георгій Несцяровіч з наведвальнікамі «Клуба праграмістаў»

З выкладчыкам дзецям пашанцавала — Георгій даўно захоплены сваёй справай. У 2018 годзе скончыў Інстытут бізнесу, менедж­менту і высокіх тэхналогій Белдзяржуніверсітэта па спецыяльнасці «WEB-распрацоўшчык», мае і вышэйшую педагагічную адукацыю. У школе працуе з 2012-га, у раённым цэнтры дзяцей і моладзі — з 2019-га.

— Я даўно практыкуюся ў стварэнні сайтаў, ведаю розныя мовы праграмавання, цікаўлюся аўтаматызаваннем аперацыйнай сістэмы, лічбавым маляваннем, — расказваў малады педагог. — Мне захацелася па­дзяліцца сваімі ведамі з дзецьмі, зацікаўленымі камп’ютарамі і праграмаваннем. Тым больш што цікавасць школьнікаў да інфармацыйных тэхналогій сапраўды вельмі вялікая. Заняткі ў клубе дапамогуць ім вызначыцца з будучай спецыяльнасцю, а таксама паспрыяюць развіццю мыслення і логікі.

Навучальная праграма клуба разлічана на 2 гады. У першы год дзеці вывучаюць асновы алгарытмізацыі і праграмавання, нямала часу прысвячаецца тэорыі. На наступны год акцэнт робіцца на стварэнні камп’ютарных праграм рознай складанасці, паглыбленні ўжо атрыманых ведаў.

У клубе Георгій Несцяровіч навучае дзяцей мове праграмавання Python, у перспектыве плануе знаёміць і з іншымі. Ён упэўнены, што ахвотных авалодаць імі таксама будзе нямала.

«Клуб праграмістаў» — адно са шматлікіх аб’яднанняў па інта­рэсах, якія дзейнічаюць у раённым цэнтры дзяцей і моладзі для вучняў старэйшага ўзросту.

— Найбольшай папулярнасцю сярод падлеткаў карыстаюцца студыя сучаснай харэаграфіі «Скай Дэнс», студыя ігры на гітары «Акорд», шахматны клуб «Віцязь», аб’яднанне спартыўна-тэхнічнага профілю «Аўтасвет» і іншыя, — расказвала намеснік дырэктара ўстановы Таццяна Шумуліанене. — У гэтым годзе адноўлена дзейнасць тэатра танца «Непаседы». Яго кіраўніком стала выпускніца Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Ірына Лятоха, якая сама некалі была адной з удзельніц гэтага харэаграфічнага калектыву. Прыемна, што ў «Непаседы» вярнуліся старшакласнікі, якія займаліся там раней. Прыйшлі і навічкі. Заняткі будуць праводзіцца ў трох групах.

Усяго ў РЦДМ дзейнічаюць больш за сем дзясяткаў аб’яднанняў па інтарэсах рознага профілю, дзе занятак даспадобы знойдуць сабе школьнікі любога ўзросту.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Казлоўская Вераніка Леанідаўна – дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г. Паставы»
Праздник улыбок и встречи со школой. День знаний прошел в школах Поставщины
207 юношей и девушек стали первокурсниками Поставского государственного колледжа



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.