Кто и на каких условиях может получить субсидию на развитие собственного дела?

Местная власть

Прадпрымальных падтрымае дзяржава

Страціць работу ў наш час можа любы чалавек. Але, трапіўшы ў такую сітуацыю, не трэба адчайвацца. Можна арганізаваць уласную справу і атрымаць дзяржаўную фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідыі. Каму і на якіх умовах яна аказваецца — у інтэрв’ю з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталляй СЕДЗЮКЕВІЧ.

— Наталля Мікалаеўна, на падставе чаго даецца субсідыя і які яе памер?

— Дзяржаўная фінансавая падтрымка ў выглядзе субсідыі аказваецца на падставе Палажэння аб садзейнічанні беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесніцкай дзейнасці, зацверджанага пастановай Савета Міністраў краіны ад 07.03.2008 №342. Субсідыя — аднаразовая дзяржаўная грашовая дапамога. Яна даецца ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму на дату заключэння дагавора. На 1 верасня бягучага года гэта 2 192,52 рубля.

— Ці ўсе беспрацоўныя могуць разлічваць на фінансавую дапамогу дзяржавы? І што неабходна зрабіць для яе атрымання?

— Права на субсідыю маюць толькі тыя грамадзяне, якія на працягу аднаго месяца з дня рэгістрацыі ў службе занятасці ў якасці беспрацоўных не змаглі знайсці работу. Каб атрымаць субсідыю, натуральна, неабходна зарэгістравацца ў названай якасці. Пасля гэтага спецыялісты службы занятасці будуць старацца падабраць грамадзяніну работу з улікам яго пажаданняў, адукацыі і вакансій, якія паступаюць ад наймальнікаў. Калі працаўладкаваць беспрацоўнага немагчыма і пры гэтым няма парушэнняў Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», можа быць разгледжана пытанне аб садзейнічанні ў арганізацыі прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці. Але тут ёсць узроставае абмежаванне — 18 гадоў.

Далей беспрацоўнаму неабходна абдумаць бізнес-ідэю, задацца мэтай арганізаваць уласны бізнес, падрыхтаваць бізнес-план па выбраным відзе прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці і па­даць заяву на атрыманне субсідыі. Калі фінансавых ведаў недастаткова, можна прайсці бясплатныя курсы па навучанні асновам прадпрымальніцкай дзейнасці. У пра­цэсе навучання прадугледжана падрыхтоўка тэхніка-эканамічнага абгрунтавання (бізнес-плана) па выбраным відзе дзейнасці.

— Каму ў першую чаргу даецца субсідыя?

— Перавагу маюць беспрацоўныя, якія арганізуюць найбольш значныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці. Іх пералік быў зацверджаны яшчэ ў 2010 годзе. Зараз у спісе 27 відаў, уключаючы вытворчасць мэблі, аддзелачныя работы, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, дзейнасць таксі і аўтамабільнага грузавога транспарту, арганізацыя перавозак грузаў і г. д. Жанчыны могуць выбраць работу ў сферы аказання паслуг цырульнямі і салонамі прыгажосці, дашкольнай адукацыі, адукацыі для дарослых і інш. Людзі з вышэйшай адукацыяй — знайсці прымяненне ў галінах навуковых даследаванняў і распрацовак, права, бухгалтарскага ўліку і аўдыту, кансультавання па пытаннях камерцыйнай дзейнасці і кіравання і інш.

— Раскажыце, на якіх умовах аказваецца фінансавая падтрымка. Ці магчыма такое, што бізнес зарэгістраваны, грошы пералічаны, а прадпрыемства (індывідуальны прадпрымальнік, рамеснік) дзейнасць не вядзе?

— З беспрацоўным, які атрымаў рашэнне аб выдзяленні яму субсідыі, заключаецца адпаведны дагавор. Ён прадугледжвае мэты выкарыстання выдзеленых сродкаў, а таксама адказнасць бакоў за невыкананне умоў дагавора. Спецыялісты службы занятасці сочаць за выкананнем грама­дзянамі дагаворных абавязацельстваў па выдзеленых субсідыях. У прыватнасці, правяраюць мэтавае выкарыстанне сродкаў — па прадстаўленых фінансавых дакументах, якія пацвярджаюць выкарыстанне выдзеленай субсідыі. У выпадку непрадстаўлення такіх дакументаў прадугледжана вяртанне субсідыі і штраф.

Правяраюцца таксама факты ажыццяўлення прадпрымальніцкай, рамесніцкай дзейнасці. Калі яна не ажыццяўляецца больш за 6 месяцаў на працягу 12-месячнага перыяду з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, беспрацоўны абавязаны вярнуць атрыманую суму субсідыі. Тое ж самае ён павінен зрабіць і ў выпадку няплаты ва ўстаноўленыя тэрміны збору за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці на наступны год пасля атрымання субсідыі.

— Дапусцім, справа не пайшла, грошы патрачаны, праз 8-10 месяцаў чалавек зноў без работы. Возьмеце яго на ўлік службы занятасці і даруеце няўдачу або тут узнікаюць абавязацельствы па вяртанні?

— Калі грамадзянін звярнуўся ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў 12-месячны тэрмін пасля атрымання субсідыі, мы зноў зарэгіструем яго ў якасці беспрацоўнага. Але субсідыю трэба будзе вярнуць. Пры гэтым хачу заўважыць, што паўторна яна не даецца.

— А куды трэба звяртацца па субсідыю?

— У аддзел занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Наш адрас: Паставы, плошча Леніна, 25, тэлефон для даведак 4-47-12.

Гутарыла Алена Шапавалава



Читайте также:
26 августа в райисполкоме прошел открытый диалог «Молодежь — будущее Беларуси»
В райисполкоме обсудили вопросы семейной неблагонадежности и оказания помощи таким семьям
На прямую линию председателя райисполкома Сергея Чепика обратилось 7 человек



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.