На августовской конференции педагоги Поставщины определили основные направления работы

Образование

Якасныя веды, годнае выхаванне

Такія прыярытэтныя кірункі вызначылі для сябе педагогі Пастаўшчыны на жнівеньскай канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні новага навучальнага года.

Нарада праходзіла ў актавай зале СШ №1. На яе сабраліся прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна. Сярод ганаровых гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнікі фінансавага аддзела і аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Людміла Шэцка і Аляксандр Рыбакоў. Прысутных прывіталі ўдзельнікі вакальнага калектыву «Фантазія» пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай і навучэнцы СШ №1. Пра асноўныя дасягненні мінулага навучальнага года расказаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава.

Мэтанакіраваная работа прыносіць плён

Галоўны паказчык работы ўстаноў адукацыі — гэта якасць ведаў вучняў. Амаль 400 школьнікаў у мінулым навучальным годзе прымалі ўдзел у раённым этапе прадметнай алімпіяды. Навучэнцы гімназіі заваявалі 31 дыплом, СШ №1 — 26, СШ №2 — 24, Варапаеўскай СШ — 17, СШ №3 — 15. Па выніках абласнога этапа Пастаўскі раён ў ліку найлепшых сярод сельскіх раёнаў вобласці: па 6 прадметах атрымана 8 дыпломаў, тры з іх — I ступені. Пяць навучэнцаў нашага раёна ўвайшлі ў склад абласной каманды для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе алімпіяды. Вялікая заслуга ў гэтым настаўнікаў Аляксандра Гарнага, Ірыны Козіч, Ігара Пракаповіча, Ніны Субач, Людмілы Рассохі, Аляксандра Вавінскага, Таццяны Пракаповіч, Фёдара Дзевятоўскага.

Пётр Курто ўручае Падзяку Васілію Бульбянову

Адным з найважнейшых фактараў, які забяспечвае дынамічнае развіццё адукацыі, з’яўляецца інавацыйная даследчая дзейнасць. У мінулым навучальным годзе на раённым узроўні было рэалізавана 6 праектаў, на абласным — 1. З абласной навукова-практычнай канферэнцыі «Эўрыка» навучэнцы Пастаўшчыны прывезлі 6 дыпломаў, з рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару — 2. Іх атрымалі Мікіта Пурлан (СШ №4) і Мікіта Залецкі (Варапаеўская СШ). Яны ўзнагароджаны заахвочвальнай прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Сярод выпускнікоў мінулага навучальнага года былі 23 медалісты. Пахвальных лістоў за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў удастоены 43 выпускнікі сярэдніх школ. Пасведчанні з адзнакай атрымалі 19 навучэнцаў. У вышэйшыя навучальныя ўстановы сёлета паступілі 95% выпускнікоў гімназіі, 86% — Навасёлкаўскай СШ, 78% — СШ №2, 67% — СШ №1.

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Селіванава (у цэнтры) з настаўніцамі пачатковых класаў Наталляй Кірыленкай (Курапольская БШ) і Наталляй Сіманькай (СШ №2)

Галоўныя напрамкі

Імі з’яўляюцца выхаванне грамадзянскай адказнасці, патрыятызму, прававой адукаванасці, высокай маральнасці навучэнцаў. З гэтай мэтай арганізавана работа 108 аб’яднанняў па інтарэсах. Шырока разгарнуўся валанцёрскі рух, актыўна вядуцца турысцка-краязнаўчая работа і пошукава-даследчая дзейнасць. Іх цэнтрамі сталі школьныя музеі і краязнаўчыя гурткі, у якіх ла­дзіліся розныя патрыятычныя акцыі. Члены гурткоў добраўпарадкоўвалі помнікі і абеліскі, наво­дзілі парадак на месцах пахавання воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пошукавай групай пад кіраўніцтвам дырэктара СШ №2 Аляксандра Кузняцова за апошні час устаноўлена больш за 300 невядомых раней імён тых, хто загінуў, памёр ад ран, прапаў без вестак пры абароне Айчыны, і 6 000 загінулых падчас Першай сусветнай вайны на тэрыторыі нашага раёна.

Другі год у школах Пастаўшчыны паспяхова рэалізуецца інфармацыйна-адукацыйны праект «ШАГ» («Школа Актыўнага Грамадзяніна»). Уся выхаваўчая работа накіравана на папярэ­джанне супрацьпраўных дзеянняў непаўналетніх. З гэтай мэтай укараняюцца найбольш эфектыўныя метады і формы работы па фарміраванні ў дзяцей і іх бацькоў бяспечных і адказных паводзін, выкараненні шкодных звычак, вядзенні здаровага ладу жыцця. Арганізавана работа 40 аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці. Па выніках абласной спартакіяды школьнікаў наш раён у мінулым годзе заняў першае месца сярод сельскіх раёнаў. У сакавіку на рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве «Здароўе» Аляксандра Жыдкая і Яўгеній Жукаў (СШ №3, настаўнік — Аляксандр Вавінскі) занялі адпаведна першае і трэцяе месцы.

Настаўнік гімназіі Алена Храпун

Для папаўнення спартыўнай базы ўстаноў адукацыі кожны год набываюцца інвентар і абсталяванне. У летні перыяд працавалі 18 аздараўленчых лагераў на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі, спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі», дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, 30 — па месцы жыхарства, 37 спартыўна-гульнёвых пляцовак.

Павел Трава дэталёва прааналізаваў работу школ, дзіцячых садоў, адзначыў станоўчыя моманты, засяродзіў увагу на праблемных пытаннях, спыніўся на задачах, якія пастаўлены на 2020/2021 навучальны год. Сваімі напрацоўкамі з прысутнымі падзяліліся загадчыца дзіцячага сада №5 Ірына Зубкевіч, дырэктар Варапаеўскай СШ Віктар Жук і сацыяльны педагог СШ №2 Вольга Запольная.

Узнагароды – найлепшым

Поспех у вырашэнні задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, заўсёды залежыць ад ўзроўню кампетэнтнасці і адказнасці настаўнікаў, выхавальнікаў. Трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту праходзіла на семінарах, конкурсах прафесійнага майстэрства. Значнай падзеяй з’яўляецца конкурс «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». У яго раённым этапе прынялі ўдзел 18 педагогаў з 17 устаноў адукацыі. У розных намінацыях найлепшымі прызнаны Алена Авіна, Іна Турла, Мікалай Бузанаў, Надзея Кухальская, Кацярына Кругляк з СШ №№3, 2, 1, Варапаеўскай СШ і ясляў-сада №5. А Юлія Ракель з СШ №3 стала абсалютнай пераможцай.

З мэтай выяўлення, абагульнення і распаўсюджання вопыту творчых кіраўнікоў праводзіўся абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Кіраўнік года». У раённым этапе ўдзельнічалі 11 чалавек. Дырэктар Варапаеўскай СШ Віктар Жук прадстаўляў наш раён на абласным этапе і атрымаў дыплом лаўрэата. На канферэнцыі лепшыя з лепшых былі адзначаны Падзякамі старшынь аблвыканкама і райвыканкама, Ганаровымі граматамі абласнога ўпраўлення па адукацыі, раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў.

50 гадоў таму 28 жніўня настаўнікам пераступіў парог Старадворскай базавай школы Васілій Бульбяноў. У 1982-ім узначаліў калектыў Дунілавіцкай СШ. Пры ім быў узведзены новы будынак школы. Васілій Аляксандравіч — выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны настаўнік, лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны». А яшчэ — апантаны турыст, які стварыў у школе турыстычны гурток, у свой час разам з вучнямі пабываў на Камчатцы, Ледавітым акіяне, Кольскім паўвостраве, у Лавазёрскіх тундрах, Каракумскай пустыні і іншых месцах.

Наталля Кірыленка і Наталля Сіманька — настаўніцы пачатковых класаў Курапольскай базавай школы і СШ №2. Кожная мае дадатковыя грамадскія абавязкі. Так, Наталля Кірыленка з’яўляецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі школы.

Маладое папаўненне педагогаў Пастаўшчыны

Наталля Селіванава шмат гадоў кіруе сацыяльна-педагагічным цэнтрам. У ім знаходзяць прытулак дзеці з нядобрана­дзейных сем’яў і тыя, якія застаюцца без апекі бацькоў. Цяплом і ўвагай іх ахінаюць выхавальнікі. А дырэктар умела арганізуе работу ўстановы, праз сваё сэрца прапускае лёсы абяздоленых дзетак, робіць усё для таго, каб тут ім было ўтульна і камфортна.

Алена Храпун выкладае рускую мову і літаратуру ў гімназіі. Яе адрозніваюць глыбокае веданне прадмета і актыўная жыццёвая пазіцыя.

З пачаткам новага навучальнага года прысутных павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і ўручыў граматы і падзякі. Вялікая група настаўнікаў узнагароджана граматамі аддзела па адукацыі, абкама і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

У сям’ю педагогаў раёна сёлета ўліліся 10 маладых спецыялістаў.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
С 1 августа по 15 сентября возле универмага «Омега» в Поставах работает школьный базар
Поставский молочный завод оказал спонсорскую помощь Лынтупской ЯССШ
Актуальное интервью с начальником отдела по образованию райисполкома Павлом Трава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.