Ставім высокія мэты
Некалькі дзён назад завяршыўся сезон у пастаўскіх футбалістаў. А ў гэтыя выхадныя пачынаецца чарговы чэмпіянат Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд.
У другім па значэнні дывізіёне ў першай лізе зноў уступіць у барацьбу старажыл гэтага турніру — неаднаразовы пераможца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў пастаўскі «Атлант». З-за пандэміі каранавіруса сёлета першынство было завершана датэрмінова ў сярэдзіне сакавіка. На жаль, пастаўчане не згулялі ў суцяшальным турніры за 5—7 выніковыя месцы ў дывізіёне «Б» вышэйшай лігі. Пра тое, як яны гатовы да новых выпрабаванняў, — у інтэрв’ю з начальнікам нашай каманды Паўлам Вавінскім.
— У папярэднім першынстве вашы падапечныя правялі 15 матчаў. Як трэнерскі штаб і самі валейбалісты ацэньваюць вынікі і ўзровень гульні «Атланта»?
— У цэлым наша даволі маладая каманда выступіла ў сваю сілу, прыбавіла ў параўнанні з папярэднім сезонам. Аднак пры гэтым заслугоўвае толькі адзнакі «здавальняюча», бо роўна правесці спаборніцтвы не змагла, былі і правальныя паядынкі. З іншага боку, асобныя матчы атрымаліся выдатнымі. Так, двойчы ўдалося перамагчы прынцыповага саперніка з Оршы. Найлепшая гульня сезона была ў родных сценах, дзе мы ўпершыню перамаглі аднаго з фаварытаў — гомельскі «Бумпрам». Таксама, лічу, на роўных згулялі на стадыі ¼ фіналу з будучым бронзавым прызёрам — гродзенскім «Камунальнікам-ГДУ». Асноўная праблема ў тым, што нашы ігракі — з розных гарадоў і не могуць пастаянна трэніравацца разам у адрозненне ад асноўных сапернікаў. Таму ў канкурэнтаў узровень каманднага ўзаемадзеяння вышэйшы. У валейболе гэта найважнейшы фактар, хоць паасобку «атлантаўцы» мацнейшыя за сапернікаў.
— Наколькі я ведаю, чарговае першынство будзе даволі працяглым — завершыцца напрыканцы красавіка.
— Айчынная федэрацыя валейбола штогод імкнецца да таго, каб інтрыга захоўвалася да самага фіналу, расло майстэрства ўсіх 19 каманд-удзельніц. 9 з іх выступяць у эліце — вышэйшай лізе. У нашай першай лізе заявіліся 10 каманд, якія падзялілі па тэрытарыяльным прынцыпе. Мы трапілі ў падгрупу «А» і будзем спаборнічаць з дзвюма камандамі рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву з Мінска, а таксама з валейбалістамі Гродна і дублёрам чэмпіёна Беларусі — салігорскім «Шахцёрам». У падгрупе «Б» згуляюць аршанцы, магілёўскі «ЦАР-Камунальнік» і тры гомельскія каманды — ВК «Бумпрам», «СДЮШАР-Энергія» і «Газпрам-Гомель».
Папярэдні этап пройдзе ў тры кругі — па адной гульні ў кожным. На гэтай стадыі ўсе згуляюць па 12 матчаў. У 3-м крузе прымаць сапернікаў на сваёй пляцоўцы будуць тыя каманды, якія зоймуць найвышэйшыя месцы ў турнірнай табліцы. Таму ўзрастае роля кожнай сустрэчы, прахадных паядынкаў быць не павінна. У залежнасці ад занятых месцаў з сярэдзіны сакавіка пачнецца паўфінальны этап з серыямі да трох перамог. А затым у наступным месяцы будзе весціся барацьба ў фінале за «золата», «бронзу» і астатнія выніковыя месцы, таксама ў серыі да некалькіх перамог. У маі пераможца першай лігі згуляе пераходныя матчы за выхад у эліту з 9-м клубам вышэйшай лігі. Мы ставім перад сабой задачу фінішаваць пасля папярэдняга раўнда ў ліку дзвюх найлепшых каманд, каб пазмагацца за медалі. Разумеем, што выканаць яе будзе няпроста, бо сапернікі ў нас годныя. Але гуляць з кожным з іх на роўных нам па сілах.

— Павел Аляксандравіч, хто з валейбалістаў рыхтаваўся да вырашэння такой няпростай задачы? Ці змяніўся склад нашай каманды?
— Касцяк калектыву захаваўся, нас пакінулі толькі вопытны распасоўшчык Арцём Кароль і лібера Валерый Казека. Пасля перапынку вярнуўся ў «Атлант» наш ветэран — кандыдат у майстры спорту Аляксандр Зарэцкі, які ў мінулым прызнаваўся найлепшым у Беларусі лібера 1-й лігі. Разам з другім лідарам — Віталем Варанцом — ён ужо набраў нядрэнную спартыўную форму. Мы рады, што вярнуліся ў родны горад Аляксандр Каспер і Максім Іваноў. Яны гулялі ў клубах вышэйшай лігі ў Магілёве і Барысаве. Зноў у камандзе выхаванцы ДЮСШ Арсеній Шнітоўскі і Аляксей Іўчанка. Разлічваем на дапамогу леташняга лідара — Уладзіміра Юзвовіча, хоць цяпер ён працуе ў спорце ў абласным цэнтры, а таксама на іншых вопытных пастаўскіх валейбалістаў.
Рыхтавацца да чэмпіянату каманда пачала ў сярэдзіне жніўня ў рэжыме некалькіх трэніровак на тыдзень. Свайго першага саперніка ў кантрольным матчы ў Мінску мы перамаглі на днях з лікам 3:2, у ім праверылі гатоўнасць усіх ігракоў.
У завяршэнне запрашаю аматараў спорту на нашы матчы. Прыходзьце падтрымліваць землякоў з улікам рэкамендацый федэрацыі, звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй (масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыраванне). Мы ж пастараемся парадаваць аматараў валейбола прыгожай, самаадданай гульнёй у кожнай сустрэчы.
Гутарыў Уладзімір Шык
Прадстаўляем каманду «Атлант» (Паставы) сезона 2020/2021 года
- Кандыдат у майстры спорту (кмс) Віталь Варанец (год нараджэння — 1987, рост — 190 см, бухгалтар УП ЖКГ, Паставы)
- кмс Уладзімір Юзвовіч (1990, 197 см, інструктар па спорце, Віцебск)
- кмс Павел Дзеравянка (1998, 203 см, ваеннаслужачы)
- кмс Аляксандр Зарэцкі (1977, 168 см, работнік малочнага завода, Паставы)
- Пётр Марцінкевіч (2000, 183 см, студэнт БДУФК)
- Максім Іваноў (2000, 195 см, студэнт БДУФК)
- Аляксей Канаш (1999, 190 см, ваеннаслужачы)
- Данііл Балгоў (2004, 193 см, вучань СШ №3)
- Арсеній Шнітоўскі (2000, 185 см, работнік УП ЖКГ, Паставы)
- Мікіта Саўчук (1995, 190 см, работнік РАНС, Паставы)
- Андрэй Русак (1990, 185 см, дырэктар ФАЦ, Мядзел)
- Аляксей Іўчанка (1998, 182 см, работнік РАНС, Паставы)
- Андрэй Казлоўскі (2000, 201 см, навучэнец каледжа, Полацк)
- Дзмітрый Аксёненка (1997,190 см, ваеннаслужачы)
- Арцём Літвіновіч (1996, 176 см, работнік РАНС, Паставы)
- Арцём Пятровіч (2002, 197 см, студэнт БНТУ)
- Дзмітрый Бабровіч (1985, 192 см, работнік РАНС, Паставы)
- Аляксандр Каспер (2000, 203 см, работнік ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі)
- Павел Лукін (2003, 193 см, студэнт БДУФК)
- Аляксей Маркелаў (1989, 192 см, майстар лясгаса, Паставы)
Кіруючы склад каманды:
- начальнік каманды — Вавінскі Павел Аляксандравіч (1991)
- галоўны трэнер — Шышко Даніла Мечыслававіч (1985)
- трэнер — Рамейка Мікалай Станіслававіч (1959)
- трэнер — Савосін Генадзь Генадзьевіч (1962)
Каляндар гульняў каманды «Атлант» (Паставы) у ХХХ чэмпіянаце Беларусі па валейболе
Папярэдні этап. Першы круг
1 тур. 26 верасня
«Атлант» (Паставы)—РДВАР-2005 (Мінск)
2 тур. 3 кастрычніка
«Камунальнік-ГДУ» (Гродна)—«Атлант» (Паставы)
4 тур. 24 кастрычніка
«Атлант» (Паставы)— «РДВАР-2003 (Мінск)
5 тур. 7 лістапада
«Атлант» (Паставы)— «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)
Другі круг
6 тур. 14 лістапада
РДВАР-2005 (Мінск)—Атлант» (Паставы)
7 тур. 21 лістапада
«Атлант» (Паставы)—«Камунальнік-ГДУ» (Гродна)
9 тур. 9 студзеня
РДВАР-2003 (Мінск)—«Атлант» (Паставы)
10 тур. 16 студзеня
«ДЮСШ-Шахцёр»—«Атлант» (Паставы)
У 3-м і 8-м турах «Атлант» не гуляе
Трэці круг
Матчы 30 студзеня, 6, 13 і 20 лютага, 6 сакавіка
Каманды згуляюць на пляцоўках сапернікаў з больш высокім рэйтынгам
Паўфінальны этап
Матчы 13, 20 і 27 сакавіка
Фінальны этап
Матчы 17, 24 красавіка і 1 мая за выніковыя 1—2, 3—4, 5—6, 7—8 і 9—10 месцы
Читайте также:
Братья Тимофей и Матфей Ивановы добиваются высоких результатов в боксе
Чемпионат Витебской области по футболу. ФК «Поставы-ПМЦ»—ФК «Лепель» — 2:5
Где в Поставах появились три новые спортивные площадки?