Ольга Дрозд почти 4 года работает заведующей аптекой №86 в г.п. Лынтупы

Здравоохранение

З душой да людзей і прафесіі

Вольга Дрозд амаль чатыры гады працуе загадчыцай аптэкі №86 у г.п. Лынтупы. Працуе добрасумленна — мясцовыя жыхары неаднойчы прасілі напісаць пра яе ў газеце. Маўляў, і чалавек добры, і спецыяліст выдатны. Значыць, трэба ехаць знаёміцца!

З Вольгай мы сустрэліся на яе рабочым месцы. Наведвальнікаў у аптэцы ў той дзень было шмат, таму давялося пачакаць, пакуль у дзяўчыны з’явіцца час для размовы. Гэта і да лепшага: змагла паназіраць за работай маладога правізара. Вось, напрыклад, да вітрыны падышоў пажылы мужчына.

«Мне 3 упакоўкі», — працягвае ён грошы і не ўдакладняе, што канкрэтна з лекаў яму неабходна. Дзяўчына дастае з шафы таблеткі, перадае дзядулю. Развітваючыся, шчыра ўсміхаецца і жадае яму не хварэць. Ніякімі тэлепатычнымі здольнасцямі Вольга, канечне, не валодае. Проста за час работы ў пасёлку дасканала вывучыла і лю­дзей, і іх патрэбы. Таму і ра­зумее сваіх пастаянных кліентаў без слоў.

— Рашэнне паступаць у мед­універсітэт прыняла яшчэ ў 8 класе, — распачала аповед Вольга, якая ў 2011 годзе скончыла пастаўскую СШ №2. — Мне вельмі падабаліся ўрокі біялогіі, хіміі, у тым ліку дзякуючы настаўнікам, якія ўмелі зацікавіць гэтымі прадметамі. Хацела стаць стаматолагам, але для паступлення крыху не хапіла балаў. Вырашыла па­даць дакументы на тэрапеўтычны факультэт. Пайшла па даведку ў Пастаўскую ЦРБ. Там незнаёмая жанчына спытала мяне: «А чаму не хочаш вучыцца на правізара?» Задумалася: сапраўды, а чаму б не паспрабаваць? Хоць раней, прызнаюся, пра гэту прафесію нічога не ведала і ніколі яе не разглядала. Толькі дзякуючы выпадку стала студэнткай фармацэўтычнага факультэта.

Ужо на першых курсах вучобы ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце Вользе вельмі хацелася практыкі — абслугоў­ваць людзей у аптэцы. А калі гэта нарэшце адбылося, дзяўчына пераканалася, што фармацыя — яе прызванне. Парадавалася, што мара стаць стаматолагам так і не збылася. Атрымаўшы дыплом і прайшоўшы інтэрнатуру, даведалася: працаваць па размеркаванні будзе ў Лынтупах.

— Гэта навіна стала для мяне нечаканасцю, — успамінала Вольга. — Да размеркавання ў пасёлку я не была ні разу. Хвалявання дабаўляла і тое, што мяне адразу назначылі на пасаду загадчыцы — а гэта дакументы, справаздачы, адказнасць. Але непакоілася дарэмна: асвоілася хутка, адчуваю сябе тут на сваім месцы.

У Лынтупах дзяўчына з 1 студзеня 2017 года. Тут яе чакалі: з-за адсутнасці спецыяліста аптэка на працягу 5 гадоў працавала раз у тыдзень. Сваю «Сяргееўну» гарпасялкоўцы любяць і паважаюць: з ёй можна пагаварыць не толькі пра лекі, але і пра жыццё.

— У сельскай мясцовасці работа мае сваю спецыфіку, — адзначала суразмоўца. — Тут больш душэўнасці, людзі прасцейшыя, чым у горадзе. І пра справы спытаюцца, і пажартуюць, і добрым словам падтрымаюць. У горадзе ты не будзеш «Сяргееўнай». Там усё ў іншым рытме, і няма калі прысесці. Ведаю, што кажу, бо на працягу 2-х апошніх гадоў па суботах працавала па сумяшчальніцтве ў цэнтральнай аптэцы ў Паставах.

Хаця і ў Лынтупах руху хапае. Да каранавіруса частымі пакупнікамі былі літоўцы, а з пачаткам эпідэміі і мясцовыя жыхары сталі набываць больш лекаў і медыцынскіх сродкаў. Таму работы шмат.

За апошнія гады лынтупская аптэка пахарашэла: тут зрабілі рамонт, устанавілі новыя вітрыны, у тым ліку з акулярамі (цяпер па іх не трэба ехаць у райцэнтр). Сёлета з’явіўся кандыцыянер.

Значна аблягчае работу правізара ўстаноўленая раней камп’ютарная сістэма, пры дапамозе якой можна праверыць наяў­насць лекаў у Паставах ці Віцебску, а пасля заказаць іх у Лынтупы. Бываюць у рабоце і непаразуменні: усё ж такі з дня ў дзень працуеш з людзьмі. Асабліва шмат цярпення трэба пры зносінах з пажылымі. Але калі любіш сваю справу, то і цяжкасці пераадолець прасцей.

Вольга жыве ў Лынтупах — здымае тут кватэру (расходы на жыллё ёй кампенсуюцца). Тым не менш, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва, мае магчымасць расці прафесійна: пазалетась ездзіла на курсы павышэння кваліфікацыі, а нядаўна здала экзамен у Віцебску і атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю.

Пяцігадовы тэрмін адпрацоўкі ў Вольгі Дрозд заканчваецца ў снежні 2021 года. Пра далейшыя планы яна пакуль сказаць не гатова. Іх скарэкціруе час.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Противостоять вместе! Поставчане активно помогают медикам в борьбе с коронавирусом
Человек слова и дела. Волонтер районной организации БОКК Ирина Куцухо
Медработники Поставщины получили награды за вклад в борьбу с коронавирусной инфекцией



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.