Осенняя призывная кампания 2020 года на Поставщине в самом разгаре

Приграничье

Першапачатковае прызначэнне вынесена

25 верасня адбылося першае ў бягучай кампаніі пасяджэнне прызыўной камісіі раёна. На ім былі вынесены рашэнні ў дачыненні да 41-го прызыўніка.

У райваенкамаце такой колькасці прызыўнікоў я, бадай, не бачыла ніколі. З самага ранку яны сталі збірацца ў актавай зале ўстановы і к вызначанаму часу запоўнілі яе цалкам. У 9.30 юнакоў па чарзе пачалі выклі­каць у кабінет ваеннага камісара, дзе і праходзіла пасяджэнне камісіі. Узначальваў яе намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён у асноўным і задаваў пытанні хлопцам. Адны з іх — як тыя ставяцца да службы ў арміі і ці гатовыя абараняць інтарэсы краіны. Большасць адказвала, што ставіцца станоўча і гатовы аддаць абавязак Радзіме. Пры гэтым у голасе многіх чуліся ўпэўненасць і энтузіязм. А Аляксандр Алесін нечакана для мяне адрапартаваў: «Заўжды гатовы!» Ды так бадзёра, нібы ўжо з’яўляецца ваеннаслужачым. Хлопец мае спецыяльнасць повара, і па папярэднім рашэнні камісіі месцам яго тэрміновай службы вызначана воінская часць, якая дыслацыруецца ў Азёрках.

Там жа будуць служыць Аляксей Сініца, Яўгеній Партасевіч, Антон Курто, Дзмітрый Дзеўгуць. Марыць паступіць у гэта воінскае фарміраванне на кантрактную службу і Аляксандр Масцяніца. Аднак пакуль ён размеркаваны ва ўнутраныя вой­скі. Затое дакладна слу­жыць на малой радзіме давядзецца Яўгенію Асяненку, Яўгенію Вайцяхоўскаму і Максіму Зелянкевічу. Іх накіроўваюць у 1-ы радыётэхнічны цэнтр.

Аляксандра Таміліна і Рамана Дробышава размеркавалі ў элітны род войскаў — спецназ. І калі Аляксандр такому раскладу вельмі рады, бо заўсёды марыў праходзіць службу тут альбо ў дэсантных войсках, то Раман папрасіў накіраваць яго ў спартыўную роту 103-й брыгады ваенна-паветраных сіл. Ён скончыў універсітэт фізічнай культуры, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па боксе і вельмі жадае выступаць на спаборніцтвах падчас службы. Па той жа прычыне хоча трапіць у 103-ю і Аляксандр Каспер. Сфера яго інтарэсаў — валейбол. Пра гэта можна здагадацца толькі па адным росце, які складае 2,04 метра. Пакуль жа ён прызначаны ва ўнутраныя войскі.

Знайшліся і тыя, хто прызнаўся ў нейтральным стаўленні да найбліжэйшых перспектыў. І толькі 2 юнакі паведамілі, што аддалі б перавагу цывільнаму жыццю. Максім Зелянкевіч, які мае вышэйшую адукацыю і працуе ў Мінску інжынерам-электроншчыкам, патлумачыў сваё жаданне тым, што баіцца падзабыць тэарэтычныя веды, атрыманыя ў ВНУ і як след не замацаваныя на практыцы. Але перажыванні хлопца не маюць падстаў: служыць ён будзе якраз па спецыяльнасці. А вось Антон Пасечнік, якога накіроўваюць у вучэбную часць у Барысаве, сказаў, што меў іншыя планы на гэтыя паўтара года.

— Адказнасць за бяспеку Ра­дзімы — не пустыя словы, а тэрміновая служба — не толькі нагрузкі, дысцыпліна, але і цудоўны жыццёвы вопыт, магчымасць асвоіць новую тэхніку, — прыво­дзіць пераканаўчыя аргументы Юрый Кісялёў. — Будзеш танкістам, можа, і ў спаборніцтвах па танкавым біятлоне давядзецца паўдзельнічаць. З любой сітуацыі неабходна атрымліваць карысць.

Слушныя словы. Усвядоміць іх у поўным аб’ёме ў прызыўнікоў яшчэ ёсць час — першыя адпраўкі на абласны зборны пункт пачнуцца ў сярэдзіне лістапада.

А вось загадчык майстэрняў ААТ «Янавіца-агра» Віталій Скрыдлеўскі і механізатар ААТ «Кураполле-агра» Валерый Адынец службу пройдуць у рэзерве, на што маюцца адпаведныя хадайніцтвы ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і сельгаспрадпрыемства. Гэта значыць, што двойчы ў год яны будуць выклікацца на месячныя зборы і на працягу трох гадоў атрымаюць ваенна-ўліковую спецыяльнасць без адрыву ад вытворчасці. Меліся хадайніцтвы і на інжынера-праграміста Аляксея Цішаловіча, медыкаў Аляксандра Піліпчука і Аляксандра Сароку, але ў іх задавальненні адмоўлена. Двух апошніх вырашана накіраваць у органы пагранічнай службы, першага — ва ўнутраныя войскі. Абскардзіць рашэнне можна ў вобласці.

— Асаблівасцю восеньскай кампаніі з’яўляцца тое, што яшчэ да яе пачатку каля 10 чалавек, якія падлягалі прызыву, паступілі на службу па кантракце і былі знятыя з воінскага ўліку. Прыблізна столькі ж чалавек збіраюць дакументы, каб зрабіць па іх прыкладзе, — дзеліцца назіраннямі пра бягучы прызыў начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік. — Гэта, безумоўна, свядомы ўчынак з боку маладых людзей, бо замест года-паўтара служыць ім давядзецца як мінімум 2 гады. Такі намер маюць Уладзіслаў Мацур, Міхаіл Мініковіч, Ягор Сіланаў, Павел Аўсюк, Андрэй Дубовік, Аляксандр Масцяніца і іншыя.

Самы ж кароткі тэрмін службы чакае Яўгенія Танану — усяго паўгода. А ўсё таму, што падчас атрымання вышэйшай адукацыі хлопец прайшоў навучанне па падрыхтоўцы малодшых камандзіраў. Служыць ён будзе начальнікам электрастанцыі ў воінскай часці, якая размешчана ў Слоніме.

Чакаецца, што рады ўнутраных войскаў папоўняць Дзмітрый Танана, Аляксандр Кавалёнак, Вадзім Коласаў, Раман Русак, Максім Усовіч, Станіслаў Буцневіч, Усевалад Савіч, Аляксей Чайкоўскі, Міхаіл Дзеравянка. Ахоўваць Дзяржаўную граніцу даручана Уладзіміру Кожуху, Эймантасу Лашчэўскісу, Максіму Загурскаму, Дзмітрыю Жыню, Максіму Попраўку і Дзмітрыю Проньку. У вучэбку ў Барысаве накіруецца Дзмітрый Дуброўскі.

— Паспяховай службы! — зы­чыць пасля прыняцця рашэння кожнаму прызыўніку старшыня камісіі.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
12 сентября — День работника органов предварительного следствия. Следователь Юлия Свирбутович
Двое поставчан «променяли» ограничение свободы на реальный срок в исправительной колонии
На городском стадионе прошел ежегодный районный конкурс юных инспекторов дорожного движения



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.