Почитайте, какие уникальные проекты реализуются на Лынтупщине

Важное Культура

Па веды і натхненне – на Лынтупшчыну

Каторы год запар на Лынтупшчыне рэалізуюцца ініцыятывы, шмат у чым унікальныя для Беларусі. Нідзе больш у краіне няма такой арт-вёскі, якой з’яўляюцца Каптаруны. Асаблівы і мясцовы культурны цэнтр «Культыватар». Восенню яны зноў прыцягнулі ўвагу грамадскасці: і ў гарпасёлку, і ў вёсцы на самай граніцы з Літвой ладзяцца цікавыя мерапрыемствы. Карэспандэнт ПК даведалася пра іх падрабязней.

Вучыцца ніколі не позна

Упершыню адукацыйныя курсы для дарослых Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар» арганізаваў у 2018 годзе. Тады мясцовым жыхарам прапанавалі наведаць заняткі па напрамках «Сувеніры з гліны сваімі рукамі» і «Рамонт дома сваімі рукамі». Летась кожны ахвотны мог паў­дзельнічаць у семінары-практыкуме па садаводстве, спасціг­нуць асновы керамікі і навучыцца гатаваць традыцыйныя беларускія стравы.

Рэалізаваць ініцыятыву ўдалося дзякуючы падтрымцы прадстаўніцтва Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі  (DVV International Belarus). Партнёрскія адносіны з гэтай грамадскай арганізацыяй прадоўжыліся і сёлета. Як вынік — у Лынтупах зноў праводзяцца адукацыйныя курсы для дарослых, толькі ў значна большым аб’ёме, чым у папярэднія гады.

Старт разнастайным бясплатным семінарам быў да­дзены 12 верасня. Усе яны разбіты на пяць факультатыўных курсаў: «Школа здаровага ладу жыцця. Практыкі аднаўлення пры эмацыянальным выгаранні», «Экалагічныя падыходы да землекарыстання», «Кераміка для ўсіх», «Школа архітэктуры і дызайну», «Клуб аматараў беларускай кухні. Традыцыйная кухня Пастаўшчыны».

— Усе нашы адукацыйныя мерапрыемствы праводзяцца па пятніцах, суботах і нядзелях, — расказвала куратар праекта Ірына Белая. — Першыя ж семінары выклікалі інтарэс як з боку мясцовага насельніцтва, так і дачнікаў, якіх нямала ў Лынтупах і навакольных вёсках. На адным з заняткаў мы, напрыклад, правяралі якасць вады ў студнях. Падкрэслю, што выкладчыкі ў нас — выключна прафесіяналы, часцей за ўсё яны прыязджаюць з Мінска.

З Ірынай мы сустрэліся на занятках па кераміцы, якія праводзіліся 18—19 верасня. Яны ў той дзень сабралі паўтара-два дзясяткі чалавек — дарослых і дзяцей, якія пад кіраўніцтвам вопытных майстроў рабілі разнастайныя сувеніры. Чым не арт-тэрапія?

Удзельніцай іншых адукацыйных курсаў была метадыст Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Людміла Чатовіч.

— Летась клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя», які дзейнічае пры нашым цэнтры, пачаў плённае супрацоўніцтва з «Культыватарам», — адзначыла яна. — Дзякуючы гэтаму, і даведалася пра сёлетнія курсы для дарослых. Яны мяне вельмі зацікавілі. Спачатку наведала занятак «Сэнсарнае аднаўленне на прыродзе», які праводзіла біёлаг-генетык, супрацоўніца мінскага батанічнага саду Ірына Агейчык. А праз тыдзень прыехала на сапраўдную чайную цырымонію. Яе ладзіла чайны эксперт, арганізатар чайнага фестывалю і ўладальніца ўласнай чайнай студыі Алена Вялічка. Абавязкова паеду ў Лынтупы яшчэ — мяне зацікавілі заняткі па ферментаванні траў і майстар-клас «Смачныя вегетарыянскія рэцэпты на кожны дзень».

Акрамя гэтых, на кастрычнік-лістапад запланаваны заняткі «Восеньскія работы ў агародзе і падрыхтоўка агарода да зімы», «Як адходы ператварыць у каштоўныя ўгнаенні», «Падрыхтоўка саду да зімы» (усе іх правядуць кандыдаты сельскагаспадарчых навук). Прой­дуць майстар-класы па рамонце драўляных вокнаў і драўляных фасадаў, прыгатаванні стравы «Вясельны парсючок» і страў піліпаўскага посту і іншыя. Усе заняткі бясплатныя. Інфармацыя пра дату і час іх правядзення размешчана на старонках «Культыватара» ў сацыяльных сетках — Facebook, Instagram. Тэлефон для папярэдняга запісу — +375 (29) 776-04-22.

У перспектыве – парк скульптур і фотавыстава

У Каптарунах тым часам працягваюцца арт-рэзідэнцыі. Пра іх сутнасць «Пастаўскі край» расказваў у ліпені, калі ў арт-вёсцы працавалі вядомыя ў Беларусі літаратары і мастакі. А нядаўна ствараць свае работы сюды прыязджалі скульптары і фатографы.

Фотапленэр пад назвай «Genius loci. Genius lost» прайшоў з 25 па 27 верасня. Яго ­ўдзельнікамі сталі 12 чалавек, 10 з якіх — фатографы. «Кожнае новае месца дае нам магчымасць ператварыць сябе. Мы мусім у ім згубіцца, каб знайсці сябе ў новай якасці», — адзначыла, прадстаўляючы пленэр, яго куратар Дзіна Даніловіч.

— За гэтыя тры дні фотамайстры паспелі адчуць мясцовасць, пранікнуцца яе асеннім хараством, ­— гаварыў заснавальнік арт-вёскі, пісьменнік і мастак Артур Клінаў. — У выніку зроблены сотні (калі не тысячы) здымкаў, найлепшыя з якіх увойдуць у экспазіцыю будучай фотавыставы. Яе плануем паказаць падчас урачыстага адкрыцця Каптарунскага вясковага тэатра — з-за неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі гэту падзею пераносім на вясну. Ёсць ідэя арганізаваць выставу і на адной з мінскіх пляцовак.

Артур Аляксандравіч таксама падзяліўся навіной: у Каптарунах з’явіцца парк скульптур пад акрытым небам. Першыя дзве работы там ужо ўстаноўлены — іх выканалі майстры Андрэй Вараб’ёў і Ігар Засімовіч, якія сёлета сталі ўдзельнікамі арт-рэзідэнцый. Іх правядзенне запланавана і ў наступным годзе. А значыць, яшчэ многія вядомыя творцы створаць на Лынтупшчыне свае ўнікальныя работы.

Іна Сняжкова
Фота з архіва «Культыватара» і Артура Клінава



Читайте также:
Почему арт-деревня Каптаруны стала местом притяжения для известных творческих людей?
Лучший публицист страны. Игорь Прокопович — лауреат Национальной литературной премии
Районный Дом культуры открыл новый творческий сезон (фото, видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.