Посмотрите, как красиво на территории Лынтупского ОКП для граждан пожилого возраста и инвалидов ТЦСОН

Общество

Ёсць жаданне – магчымасці знойдуцца

Уся прыгажосць, якую вы бачыце на фотаздымках, знаходзіцца на тэрыторыі лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Яго работнікі стварылі тут сапраўдную казку, дзе ёсць месца і фантазіі, і адметным персанажам.

…Сонечны суботні дзень. Па вялікай тэрыторыі вакол аддзялення, як заўжды, няспешна прагульваюцца пастаяльцы. Хтосьці з іх неўзабаве займае месца ў альтанцы, «замаскіраванай» вінаграднікам, хтосьці — на лавачцы ля вялікага стракатага кветніка. А нехта працягвае далей свой шпацыр па вузкіх, акуратна выкладзеных пліткай сцяжынках.

Такія прагулкі для пажылых людзей з’яўляюцца асобным відам тэрапіі: калі паўсюль столькі яркіх фарбаў, думкі не могуць быць шэрымі. Работнікі аддзялення гэта выдатна разумеюць, а таму з года ў год ствараюць вакол сябе прыгажосць.

— Наша сацыяльная ўстанова адкрылася ў 2009 годзе, тады і ўзяліся за добраўпарадкаванне тэрыторыі, — расказвала загадчыца аддзялення Надзея Гатоўская. —  Пачынаць было вельмі складана: усім калектывам карчавалі пні, грузілі камяні, перакопвалі дзірван, каб пасеяць там першыя кветкі. Тады ж пасадзілі і туі. Кожны наступны год стараліся зра­біць штосьці новае, незвычайнае. Памочнікаў у нас няма, таму разлічваем выключна на свае сілы. Самі кожную вясну высяваем насенне кветак, прыдумваем цікавыя варыянты іх высадкі. Напрыклад, нядаўна ў нас з’явілася вялікая клумба ў выглядзе сонейка, якое «сагравае» яркімі фарбамі да позняй восені. А сёлета ўдалося ўстанавіць новую каркасную альтанку. Плануем увасобіць у жыццё і іншыя задумы.

Маю ўвагу прыцягваюць шматлікія малыя архітэктурныя формы: тут і мілы вожык з яблыкам на спіне, і буслы, якіх здалёк можна лёгка пераблытаць з сапраўднымі, і куры з сабакамі…  Набыць іх дапамог спонсар і даўні сябар аддзялення Іосіф Федаровіч.

— Зрабіць прыгажосць мала, яе трэба пастаянна падтрымліваць, — працягвала размову Надзея Тадэвушаўна. — Таму з ранняй вясны да позняй восені клопатаў у нас хоць адбаўляй. Для зручнасці ўсю тэрыторыю падзялілі паміж супрацоўнікамі — у кожнага, у тым ліку і ў мяне, свая зона адказнасці. Так на вялікай плошчы прасцей са­чыць за парадкам.

Догляду патрабуюць і пладовыя дрэвы і кусты, якіх таксама багата на тэрыторыі аддзялення. Цяпер радуюць ураджаем маладыя яблыні, летам сабралі шмат чорных парэчак. Растуць тут яшчэ вінаград, айва, чырвоная каліна, чорная рабіна… Усе ягады і фрукты ідуць на стол пастаяльцам: іх  дабаўляюць у чай і кампоты, сушаць, замарожваюць… Гэта ўсё — жывыя вітаміны!

— Не толькі пажылым лю­дзям радасна бачыць прыгажосць навокал. Нам і самім прыемна штодня працаваць у такой абстаноўцы, — рэзюмавала мая суразмоўца. — Для нас, работнікаў, аддзяленне даўно стала другім домам. Прычым не толькі ў пераносным сэнсе. Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі на працягу больш чым трох месяцаў давялося працаваць вахтавым метадам. Супрацоўнікі жылі тут, нікуды не выходзячы, па 2 тыдні. Гэта дало вынік: у нас ніхто не захварэў і нават не быў «кантактам». Такія новыя ўмовы працы яшчэ больш з’ядналі калектыў. За гэты час мы сапраўды сталі адной камандай, адной сям’ёй. А колькі новых гісторый пачулі ад пастаяльцаў!

У жніўні ўсе каранцінныя меры для работнікаў былі адменены. Аднак у пастаяльцаў жыццё не змянілася — яны не выходзяць за межы аддзялення.

Вельмі шкада, што зусім нямногія могуць убачыць гэту створаную чалавекам казку. А яна, дарэчы, атрымалася павучальнай. Супрацоўнікі аддзялення на ўласным прыкладзе даказалі, што не трэба быць чараўнікамі, каб запушчаную, нядобраўпарадкаваную тэрыторыю ператварыць ва ўтульны, найпрыгажэйшы куточак. Адзіная «магія», якая тут патрэбна, — жаданне…

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Любите жизнь, ведь она быстро проходит! — советует молодым 90-летняя Олимпиада Ландышко из Новоселок
Все добываем собственными руками! Работа на даче приносит семье Немчинских пользу и удовольствие
Команда Поставского ЖКХ заняла 3-е место в конкурсе профмастерства «Рабочий зеленого строительства»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.