Учащиеся Поставского государственного колледжа помогают убирать картофель

Сельское хозяйство

Малайцы, памочнікі!

У сераду на полі за Ліц­вінкамі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання Валянціны Клянтак і Анастасіі Краўчанкі падбіралі клубні бульбы. Была пастаўлена мэта — да абеду работу завяршыць.

— Гэтыя дзве групы працу­юць у нас другі год, — расказвала галоўны эканаміст і старшыня прафкамітэта ААТ «Хацілы-­агра» Наталля Пабядзінская. — Спецыяльна прасіла адміністрацыю каледжа, каб адправілі да нас менавіта тых хлопцаў, якія дапамагалі летась. Мы засталіся задаволеныя імі, стараюцца і сёлета. Да работы прыступілі ў панядзелак і за тры дні ўбралі поле. А вось ураджаем другі хлеб не парадаваў.

Навучэнцы групы №223 з майстрам Валянцінай Клянтак

У ААТ «Хацілы-агра» бульба займала толькі 5 гектараў. Летась на такой плошчы расла «каралева Ганна». Накапалі шмат. Восенню ўвесь ураджай прадалі, таму што захоўваць караняплоды на насенне няма дзе. Вясной набылі «галу». Яна не патрабуе асаблівага догляду, устойлівая да хвароб, высокаўра­джайная. Механізатар Віктар Кобзік пасадзіў яе, своечасова дагледзеў. Рабіць хімпраполку дапамагаў Зянон Жэйма. Але рост клубняў запаволіла засуха. З гектара атрымалі ў сярэднім 160 цэнтнераў. Згодна з даведзенай нормай, навучэнцам за змену трэба падабраць 720 кілаграмаў. Пры сёлетняй ураджайнасці выканаць яе няпроста. Але кожны з заданнем спраўляецца.

— Хлопцы — другакурснікі, — расказвала майстар вытворчага навучання групы №223 Валянціна Клянтак. — Працавітыя, згуртаваныя. Адстаючых няма, ва ўсіх аднолькавы тэмп.

На гэтым жа полі падбіралі клубні навучэнцы групы №224, якой кіруе Анастасія Краўчанка. У поле маладых памочнікаў дастаўляюць аўтобусы пастаўскага ўчастка АТП №16 г. Глыбокае. Фронт работ навучэнцам забяспечваюць Андрэй Курто, Зянон Жэйма і Уладзімір Іваноў. Калі я прыехала на поле, капалкі былі адчэпленыя ад трактароў. Іх месца занялі прычэпы. Як толькі яны напаўняліся клубнямі, механізатары накіроўваліся да сховішча. На адвозцы дапамагаў яшчэ і Арцём Чашун. Калі барозны пусцелі, зноў падчаплялі капалкі.

Механізатары Зянон Жэйма, Андрэй Курто і Уладзімір Іваноў

Самы вопытны з механізатараў — Андрэй. Сваім уменнем працаваць на капалцы ён ахвотна дзяліўся з Зянонам і Уладзімірам, якім займацца гэтай работай даверана ўпершыню.

— Жывучы ў вёсцы і працуючы ў сельскай гаспадарцы, трэба ўмець рабіць усё, — гаварыў Зянон Жэйма. — Я ў час корманарыхтоўкі рупіўся з граблямі, потым цюкаваў салому, цяпер вось асвоіў капалку.

Зянон — мясцовы. Прайшоў тэрміновую службу і вярнуўся ў ААТ «Хацілы-агра». Ажаніўся, падрастаюць трое дзетак. Мнагадзетнай і працавітай сям’і кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла добраўпарадкаваную кватэру з усімі выгодамі. Уладзімір Іваноў з бацькамі прыехаў у Целякі тры гады назад. Затым купіў сабе дом у Турлах.

Хутка сельгасработы завершацца. Наперадзе ў навучэнцаў лекцыі і практычныя заняткі. Скончыўшы каледж, іх чакае працаўладкаванне. Магчыма, некаторыя, папрацаваўшы на палетках ААТ «Хацілы-­агра», пажадаюць выбраць месцам жыхарства гэту прыгарадную гаспадарку, дзе ўсе вытворчыя працэсы арганізаваны на належным узроўні, выплачваецца годная зарплата, створаны добрыя ўмовы для работы і камфортныя — для жыцця.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
207 юношей и девушек стали первокурсниками Поставского государственного колледжа
Каждая минута на счету! В ОАО «Хотилы-агро» озимые займут 1.800 гектаров
В ОАО «Курополье-агро» Андрей Политыко первым среди коллег намолотил 1000 тонн зерна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.