В ОАО «Курополье-агро» Андрей Политыко первым среди коллег намолотил 1000 тонн зерна

Сельское хозяйство

Ніякай работы не цураецца

У ААТ «Кураполле-агра» Андрэй Палітыка — навічок: уладкаваўся ў гаспадарку тры гады таму. А на сёлетнім жніве першым сярод калег намалаціў тысячу тон збожжа. Павіншаваць тысячніка накіраваліся ў поле. Андрэй завіхаўся каля жняяркі.

— Мяняю некаторыя сегменты, — патлумачыў. — Яны на ячменным полі хутка выходзяць са строю. Пакуль раса не спала, агледжу камбайн — і наперад! Добра, што няма праблем з запчасткамі. Галоўны інжынер Юрый Цяляк клапоціцца, каб тэхніка не прастойвала, таму ўсё неабходнае дастаўляе нам хутка. І мы стараемся час не марнаваць. Вядома, калі нешта ламаецца, нервы падымаюцца. Але ўсе праблемы вырашальныя.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Васілій Касцень па­дзякаваў Андрэю за шчырую працу, адданасць хлебаробскай справе, пажадаў новых поспехаў на любым участку.

— Гэта я ў Кураполлі толькі другі сезон убіраю, — працягваў расказваць механізатар. — А работа для мяне знаёмая. Шэсць сезонаў быў памочнікам у аднаго з самых вопытных камбайнераў былога калгаса «Кастрычнік» — Леха Якімовіча, які па-баць­коўску мяне ўсяму навучыў. Потым убіраў самастойна.

Радзіма Андрэя Палітыкі — невялікая вёска Ласіца Валкоўскага сельсавета. Калі справы ў мясцовай гаспадарцы пайшлі на спад, яго сям’я перабралася ў Лучай. А ў Кураполле Андрэй прыехаў за сваёй Марыяй. Жонка загадвае жывёлагадоўчым комплексам. Завочна вучыцца на 4-м курсе Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла сям’і асобны дом. Цяпер там ідзе рамонт.

— Люблю тэхніку, — гаварыў Андрэй. — Ніякай работы не баюся і не цураюся. Вясной падвозіў зерне да сеялак, потым быў заняты на корманарыхтоўцы. Цяпер атрымліваю задавальненне ад жніва, хоць правесці ўвесь светлавы дзень у полі нялёгка. Аднак іншы рэжым не ўстановіш: хлеб ча­каць не будзе. Многія кажуць, што сялянская праца не прэ­стыжная. Але без яе нікуды. Жыць можна і ў вёсцы — сам у гэтым пераканаўся. Трэба толькі не ленавацца. А калі стараешся, то ўсё складваецца нядрэнна. Зараз пастаўлю камбайн, агледжу КВК і буду ўбіраць кукурузу. Што да водпуску, збіраюся пайсці ў яго зімой. Дома занятак знойдзецца ў любую пару года.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Один из самых молодых комбайнеров района Илья Боровко показал себя на нынешней жатве
Я была согласна на любую работу… Техник-осеменатор ОАО «Хотилы-агро» Ольга Шпаковская
Каждая минута на счету! В ОАО «Хотилы-агро» озимые займут 1.800 гектаров



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.