В Поставском районе коммунальники подготовили котельные к отопительному сезону

Общество

Збояў быць не павінна

Уступіла ў свае правы восень. Не за гарамі ацяпляльны сезон. Пра тое, як да яго падрыхтаваліся камунальнікі раёна, «Пастаўскаму краю» расказалі намеснік дырэктара УП ЖКГ Аляксандр Раманенкаў і начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства Вольга Шыцько.

Пачнём з таго, што мінулы ацяпляльны сезон прайшоў без адзінай аварыі. Толькі пры запуску кацельняў выяўляліся дробныя непаладкі, якія нашы рабочыя аператыўна ўхілялі. Не павінна быць збояў і ў гэтым сезоне, бо падрыхтаваліся да яго грунтоўна. На балансе УП ЖКГ 25 кацельняў. Зрабілі неабходны рамонт усіх. Таксама гатовы да эксплуатацыі цэнтральны цеплавы пункт у мікрараёне вуліцы Юбілейнай. Новыя катлы ўстанаўлівалі спецыялісты з Віцебска, усе астатнія работы арганізоўвалі майстры. Усе кацельні і цепласеткі прайшлі выпрабаванні.

Цеплавузел абслугоўвае слесар-сантэхнік Уладзімір Барсук

Каб забяспечыць надзейнасць цеплазабеспячэння і знізіць цеплавыя страты, штогод праводзіцца планавая замена цепласетак з выкарыстаннем папярэдне ізаляваных труб. У выніку ў раёне 97,5% цепласетак адпавядаюць сучасным патрабаванням. Сёлета замянілі чатыры неэканамічныя катлы: у кацельнях Лынтупскай СШ і Лынтупскай участковай бальніцы. Калі раней яны працавалі на дрывах, то ў гэтым сезоне ўпершыню ў раёне тут будуць выкарыстоўвацца пялеты. Тэндар на іх пастаўку выйграла Бабруйская папраўчая калонія. А дрывамі і шчапой забяспечвае Пастаўскі лясгас.

Павелічэнне выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў было і застаецца прыярытэтным напрамкам развіцця цеплазабеспячэння. Пры заданні 63% у папярэднім ацяпляльным сезоне іх доля склала 66%. Не меншай чакаецца і сёлета. У наступным годзе плануем перавесці на выкарыстанне шчапы кацельні, якія забяспечваюць цяплом гімназію, каледж, інтэрнат і шматкватэрныя дамы па вуліцы Гайдара. Правераны і ўстаноўлены на ўсіх шматкватэрных дамах прыборы ўліку цеплаэнергіі. Створаны іх дастатковы падменны фонд на выпадак, калі ў ацяпляльным сезоне якія-небудзь выйдуць са строю і запатрабуюць рамонту. З мэтай выяўлення рэзерваў зніжэння спажывання паліва і электрычнай энергіі спецыялісты «Белкамунпраекта» праводзяць у нашым раёне энергетычнае абследаванне ўсіх аб’ектаў прадпрыемства, у тым ліку кацельняў. Пасля яго завяршэння будуць унесены канкрэтныя прапановы.

Вялікая ўвага звяртаецца на падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона жыллёвага фонду. Адрамантаваны сістэмы ацяплення, цеплавыя пункты, цеплаізаляцыя, электраабсталяванне, бойлеры, зроблена апрасоўка і прамыўка сістэм ацяплення. Усе запланаваныя работы выкананы ў поўным аб’ёме. Падпісаны пашпарт гатоўнасці жыллёвага фонду, а гэта 180 дамоў з цэнтральным ацяпленнем. Варта сказаць і пра тое, што ў адпаведнасці з планам бягучага рамонту адрамантаваны 309 метраў пагонных стыкаў сценавых панэляў і 1 296 квадратных метраў дахавага пакрыцця, капітальна адрамантаваны жылыя дамы па вуліцы Касманаўтаў, 12, у райцэнтры і па вуліцы Набярэжнай, 5, у аграгарадку Навасёлкі, інтэрнат па вуліцы Зялёнай, 5 «А», у Паставах.

Падрыхтавала да друку Фаіна Касаткіна



Читайте также:
В общежитии УП ЖКХ по ул. Зеленой, д. 5а заканчивается капитальный ремонт
6 сентября — День работников газовой и топливной промышленности. Поставский РГС
6 сентября — День работников газовой и топливной промышленности. Поставский филиал «Витебскоблтоп»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.