Пошта можа ўсё
Так характарызуе спектр паслуг аддзялення паштовай сувязі ў гарадскім пасёлку Варапаева яго начальнік Аксана Іванісава.
І сапраўды, апроч традыцыйнага афармлення падпіскі, выдачы і адпраўкі карэспандэнцыі і пасылак, тут можна аплаціць камунальныя паслугі, крэдыты і падаткі, заказаць буйнагабарытную тэхніку, набыць тавары паўсядзённага попыту. Дарэчы, асартымент апошніх значна пашырыцца пасля капітальнага рамонту: у аддзяленні з’явіцца неізаляваны гандлёвы аб’ект, які будзе працаваць па прынцыпе самаабслугоўвання.

— Мы імкнёмся павысіць даступнасць паслуг, якія аказваюцца ў нашых аддзяленнях, і стварыць камфортныя ўмовы абслугоўвання кліентаў, што сёння немалаважна і актуальна, — тлумачыць новаўвядзенні начальнік Пастаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Таццяна Гайлюн.

Як будзе выглядаць пошта-магазін у Варапаеве, пакуль можна меркаваць па расказах яго начальніцы. Аксана Іванісава з задавальненнем праводзіць экскурсію, паказваючы, дзе размесцяцца гандлёвыя плошчы і службовыя памяшканні. Работу аддзялення не паралізаваў нават рамонт: на другім паверсе будынка аператары сувязі Алёна Кейзік і Вольга Лысёнак адпускаюць шматлікіх кліентаў. І гэта толькі варапаеўцы. Усяго ж аддзяленне паштовай сувязі абслугоўвае 39 вёсак, у якіх пражывае больш за 3 тысячы чалавек. У гарадскім пасёлку карэспандэнцыю і тавары людзям разносяць паштальёны Валянціна Балай, Таццяна Собаль, Лілія Шкорнік і Алена Германовіч, у казлоўшчынскай зоне — Людміла Шынгоф, а ў ляхаўшчынскай — Святлана Мядзюха. З сакавіка бягучага года ў аддзяленні з’явілася мотадастаўка. На маршруце агульнай працягласцю каля ста кіламетраў працуе вадзіцель-паштальён Вольга Крукава.
— Калектыў зладжаны, надзейны, узаемазаменны, — характарызуе падначаленых Аксана Іванісава. — Падтрымліваем адно аднаго, стараемся дагадзіць кліентам. Аператары сувязі ведаюць, каму якую паслугу прапанаваць, што параіць набыць. Як правіла, людзі зацікаўліваюцца. Апроч аднаго — падпісацца на газеты. Іх кожны імкнецца выпісаць у свайго паштальёна, што спраўна і робяць. Самай папулярнай з’яўляецца раёнка, яе ў аддзяленне прыходзіць каля 500 экзэмпляраў.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Натуральные продукты. В микрорайоне строителей открылся новый магазин ОАО «Новоселки-Лучай»
Долгожительница Елена Урбанович из г.п. Лынтупы отметила 100-летний юбилей
В отделении дневного пребывания для граждан пожилого возраста ТЦСОН прошел семинар «Обучение женщин основам агробизнеса»