Благодаря Анне Вырвич и Тамаре Масловской гутчане живут насыщенной культурной жизнью

Культура

У цесным кантакце з людзьмі

Што неабходна для таго, каб культурнае жыццё ў глыбінцы біла крыніцай? У першую чаргу актыўныя, творчыя культработнікі, якія самі гараць сваёй справай і ўмеюць запаліць іншых.

З ліку такіх загадчыца філіяла №5 «Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Тамара Маслоўская і яе памочніца рэжысёр Ганна Вырвіч. У тандэме жанчыны працуюць ужо 8 гадоў і за гэты час многае паспелі зрабіць на культурнай ніве. У СКЦ дзейнічае з дзясятак гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў, у якіх дзеці і дарослыя танцуюць, спяваюць, разыгрываюць сцэнкі і ставяць спектаклі, займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, дзеляцца сакрэтамі кулінарнага майстэрства і знаёмяцца з прыгатаваннем традыцыйных беларускіх страў. Таксама пры ўстанове не адно дзесяцігоддзе існуе сямейны ансамбль Пачкоўскіх, вядомы далёка за межамі нашага раёна. Яго стваральніка і кіраўніка Аляксандра Пачкоўскага можна назваць пазаштатным супрацоўнікам сацыяльна-культурнага цэнтра — ён акампануе на гармоніку практычна на кожным мерапрыемстве.

А іх тут ладзіцца нямала. Пералічваць усе не буду, скажу толькі, што культурнае жыццё ў Гуце не спынілася нават тады, калі Пастаўшчыну накрыла першая хваля эпідэміі каранавіруса. З памяшканняў мерапрыемствы перамясціліся на вуліцу і право­дзіліся з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі паміж удзельнікамі і гледачамі. Дзякуючы такім мерам, ніхто з вяскоўцаў не захварэў на COVID-19.

Работнікі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра Ганна Вырвіч і Тамара Маслоўская

Наогул, уклад жанчын у культурную скарбонку не толькі раёна, але і рэспублікі цяжка пераацаніць. Збіраючы фальклор і іншыя этнаграфічныя матэрыялы, яны даведаліся, што раней у іх мясцовасці была папулярнай сярод моладзі гульня «Яшчар», і вырашылі яе адрадзіць. У выніку зараз «Яшчар» уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а пра купальскі варыянт гульні знята перадача журналістамі тэлеканала «Беларусь 3», якую можна было паглядзець па тэлебачанні 12 верасня. Шмат пісалася на гэту тэму ў раённай і рэспубліканскай прэсе.

— Усё, пра што расказваюць нам старажылы або іх дзеці — як раней пяклі хлеб і гатавалі розныя традыцыйныя стравы, спявалі купальскія, вясельныя і іншыя абрадавыя песні, танцавалі, — мы выкарыстоўваем у сваёй рабоце, — апавядала Тамара Маслоўская. — Так узнікла яшчэ адна ідэя — аднавіць бытавыя танцы. Сёння іх выконваем 12. Гэта полькі «Беларуская», «Матылёк», «Верацяно», падэспань, кракавяк, лявоніха, абэрак, «Ночка» і інш. Танцуе моладзь — вучні Гуцкай школы і яе нядаўнія выпускнікі. З імі мы двойчы выступалі на «Браслаўскіх зарніцах», тры гады былі ўдзельнікамі «Славянскага базару ў Віцебску», нядаўна ездзілі на абласныя «Дажынкі».

— У нас вельмі таленавітыя дзеці, — уключаецца ў размову Ганна Вырвіч. — Яны і спяваюць, і на народных інструментах іграюць, і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю займаюцца. З задавальненнем удзельнічаюць ва ўсім, што ім прапануем. Актыўныя і дарослыя. Найперш трэба назваць сям’ю Аляксандра і Ганны Пачкоўскіх, Наталлю, Аляксея і Арцёма Кухальскіх, Алену і Уладзіміра Болт, Наталлю Буйко, Алу Тумілу, якія адразу адклікаюцца на ўсе нашы просьбы, выручаюць у выпадку неабходнасці.

У сваю чаргу культработнікі, прапануючы штосьці вяскоўцам, стараюцца арыентавацца на іх інтарэсы і пажаданні. Такім чынам, у прыватнасці, вядзецца работа ў гуртку «Умелыя ручкі». Таксама Тамара Валянцінаўна і Ганна Васільеўна ніколі не лічацца з уласным часам, могуць затрымацца на рабоце да 9-10 гадзін вечара, калі, напрыклад, у самадзейных артыстаў не атрымліваецца раней прыйсці на рэпетыцыю.

Такі цесны кантакт і поўнае ўзаемаразуменне з людзьмі спрыяюць таму, што гутчане жывуць цікавым і насычаным культурным жыццём.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Районный Дом культуры открыл новый творческий сезон (фото, видео)
Почитайте, какие уникальные проекты реализуются на Лынтупщине
Ольга Сафонова — методист по керамике и керамической игрушке Дома ремесел «Стары млын»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.