Что покупали поставчане в воскресенье на сельскохозяйственной ярмарке?

Главное Общество

Са святочным адценнем

Бульбу, збожжа, саджанцы і многае іншае куплялі пастаўчане ў мінулую нядзелю на сельскагаспадарчым кірмашы.

«Восень на рабым кані едзе», — гавораць у народзе. Гэта зна­чыць надвор’е пераменлівае: то сонца выгляне, то хмары зацяг­нуць неба, то вецер разгуляецца. Нядзельная раніца выдалася шэрай і няласкавай — навіслыя хмары вось-вось маглі праліцца дажджом. І тады няўтульна стала б і прадаўцам, і пакупнікам, якія запоўнілі рыначную плошчу ў райцэнтры. Але з часам неба пасвятлела, выглянула сонца. У дадатак наваколле напоўнілі музыка і песні самадзейных артыстаў, і кірмаш набыў святочнае адценне.

На яго афіцыйным адкрыцці выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. Ён адзначыў, што аграрыі Пастаўшчыны сёлета вырасцілі багаты ўраджай зерневых і зернебабовых, першымі ў вобласці, да 28 жніўня, завяршылі жніво, правёўшы яго ў рэкордна кароткі тэрмін. Кожны гектар даў у сярэднім 34,2 цэнтнера. У раёне намалочана 59 тысяч тон збожжа, што на 5,8 тысячы больш, чым летась, і ён заняў на Віцебшчыне другое месца. А адкрытае акцыянернае таварыства «Хацілы-агра», дзе сярэдняя ўраджайнасць з гектара 72,6 цэнтнера, прызнана абласным лідарам. Генадзій Іосіфавіч падзякаваў за настойлі­васць і старанне працаўнікам вёскі і шэфам з горада, пажадаў усім зрабіць неабходныя пакупкі.

Генадзію Лютынскаму ўручылі каравай
Людміла Храпун прапануе журавіны…
… а Яўгенія Галавіна набыла саджанцы

Асабліва вялікі попыт быў на бульбу і збажыну. Бойка ішоў гандаль ля машын з сельгаспрадукцыяй ААТ «Хацілы-агра», «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Ярэва-агра», «Сцяг Перамогі-агра». Камайцы прыцягвалі ўвагу пакупнікоў святочным афармленнем свайго гандлёвага месца. Нават хатнія нарыхтоўкі выставілі і самавар. Частавалі чаем, кавай, цукеркамі, яблыкамі. Не заканчвалася чарга ля палаткі рыбгаса «Навінкі» — элітны карп і таўсталобік ішлі нарасхват. Як заўсёды, з фантазіяй аформілі свае палаткі кааператары і прапаноўвалі найбагацейшы асартымент прадукцыі ўласнай вытворчасці.

Сельгаспрадукцыяй гандлявалі не толькі калектыўныя гаспадаркі, але і фермерскія ці проста сялянскія падвор’і як з нашага раёна, так і з суседніх. Бульба, капуста, морква, цыбуля, перац, памідоры, яблыкі. Журавіны, грыбы, кветкі — чаго толькі не было ў гандлёвых радах! А які вялікі выбар са­джанцаў яблынь, груш, вішань, чарэшань, абрыкосаў, персікаў, іншых пладовых дрэў і ягадных кустоў!

Кожны выконваў на рынку сваю задачу: адны прадавалі, другія куплялі, трэція стваралі святочную атмасферу. На кірмашовай сцэне выступілі народны ансамбль народнай песні «Вітанне» з райцэнтра, самадзейныя артысты з Дунілавіч, Юнек, Гуты, Парыжа, Камай, Валкоў, Навасёлак, Варапаева.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Александр Яночкин стал победителем областного соревнования и примет участие в «Дожинках»
3 механизатора нашего района получили в подарок сертификаты от профсоюза работников «Белтелекома»
В субботу Витебск принимал главный праздник аграриев — областной фестиваль-ярмарку «Дожинки-2020»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.