Хозяйка книжного царства — библиотекарь гимназии Елена Авраменко

Образование

«Для мяне дзень, калі я не пачытаю хаця б паўгадзіны, — пражыты дарэмна», — прызналася падчас сустрэчы пастаўчанка Алена Аўраменка. Любоў да кнігі і чытання ў яе абудзілася ў падлеткавым узросце і вызначыла будучую прафесію.

У 2006 годзе Алена закончыла сярэднюю школу і ўладкавалася бібліятэкарам у Хацілаўскую сельскую бібліятэку. Паралельна паступіла на завочнае аддзяленне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, выбраўшы факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый, спецыяльнасць «Дзіцячыя і школьныя бібліятэкі». Праз 5 гадоў атрымала дыплом і задумалася над тым, каб змяніць месца работы.

Не, мяняць прафесію малады спецыяліст не збіралася, наадварот, яна ёй вельмі падабалася. А вось у вёсцы засумавала: хацелася большай колькасці чытачоў, актыўнасці, руху. Да таго ж цяжка было дабірацца на працу і дамоў: ездзіла то на веласіпе­дзе, то рэйсавым аўтобусам, то спадарожным транспартам, а то і на таксі. А калі бібліятэку перавялі ў іншае памяшканне, яшчэ і зімаваць даводзілася без ацяплення. У выніку вырашыла звольніцца. Але беспрацоўнай была нядоўга. Літаральна праз два дні патэлефанавалі з аддзела па адукацыі райвыканкама і прапанавалі пасаду бібліятэкара ў гімназіі.

Бібліятэкар гімназіі Алена Аўраменка

Тут Алена Аўраменка працуе ўжо 8 гадоў і ўсім задаволена. Адразу знайшла агульную мову з педагогамі і вучнямі. Падабаецца таксама тое, што на цяперашняй рабоце няма застою.

— У гімназіі пастаянна мяняюцца дзеці: штогод прыходзяць новыя вучні са сваімі поглядамі, густамі, інтарэсамі. Мне трэба ўвесь час падстройвацца пад іх, штосьці слухаць, глядзець, каб быць, як кажуць, у тэме. І гэта дае адчуванне жыцця, — гаварыла мая суразмоўца.

Па словах А. Аўраменкі, у гімназічнай бібліятэцы амаль ніколі не бывае пуста. Навучэнцы заглядваюць сюды, каб узяць не толькі праграмныя, але і іншыя творы, пачытаць энцыклапедыі, калі раптам няма якога ўрока — проста пагартаць кнігі і пагаварыць. Нярэдка заходзяць і настаўнікі: па літаратуру, дапамогу ў падрыхтоўцы да метадычных аб’яднанняў, класных гадзін і іншых мерапрыемстваў. Раз у чвэрць Алена і сама рыхтуе нейкае мерапрыемства: па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, прысвечанае пісьменніку-юбіляру, на тэму адносін да братоў нашых меншых і да т.п. У сваім кніжным царстве яна рэгулярна арганізуе тэматычныя выставы. Так, зараз працуюць «Падарожжа ў краіну Чыталію», дзе сабрана папулярная сучасная дзіцячая літаратура, і «Чароўны край — Пастаўшчына», прысвечаная Году малой радзімы.

Вось такое Дрэва любімых кніг «вырасла» ў бібліятэцы

Дзякуючы старанням біблі­ятэкара, на працягу 3 гадоў штомесяц выходзіць газета «Бібліятэчны веснік». Кожны яе выпуск — асобная тэма: аварыя на Чарнобыльскай АЭС, вайна ў Афганістане, Дзень беларускага пісьменства, мемарыяльныя комплексы і запаведнікі Беларусі, асобы і творчасць вядомых беларускіх празаікаў і паэтаў і інш. Выданне даволі папулярнае ў гімназістаў: яго актыўна чытаюць, выкарыстоўва­юць­ пры напісанні рэфератаў. Жывы інтарэс у вучняў выклікаюць і зробленыя бібліятэкарам лэп­букі — інтэрактыўныя тэматычныя папкі. Каб абудзіць у дзяцей цікавасць да кніг, А. Аўраменка перыядычна арганізуе чэленджы «Чытай!», прапануючы вучням самім знайсці і прачытаць творы, выдадзеныя ў год іх нараджэння, з лічбай у назве, галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца жывёлы і г.д. А для тых, хто не ведае, што ўзяць пачытаць, праводзіць кніжныя латарэі.

Большасць ідэй Алена бярэ з інтэрнэту, перапрацоўваючы іх пад сябе. Разам з тым і сама праяўляе крэатыў. Напрыклад, прыдумала Дрэва любімых кніг, якое «вырасла» на ўваходзе ў бібліятэку. З кожным годам яго крона становіцца ўсё пышнейшай за кошт новых лісточкаў з назвамі любімых твораў, якія прыклейваюць не толькі вучні, але і педагогі.

— Радуе, што ўсе мае ідэі падтрымлівае адміністрацыя гімназіі, — кажа А. Аўраменка. — Пры такіх адносінах хочацца праца­ваць яшчэ лепш.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
В спортивном зале СШ №3 г.Поставы стартовал третий сезон проекта «Папа-зал»
Учащиеся военно-патриотического класса СШ №4 узнали подробнее о профессии эксперта-криминалиста
Какие условия созданы для детей в Андроновском детском саду?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.