Юбиляру Галине Дунаевой по жизни помогают чувство юмора, гостеприимство и оптимизм

Общество

Ёй і ўзрост пасуе

Галіна Дунаева меркавала, што ў юбілей да яе заглянуць прадстаўнікі райспажыўтаварыства, у сістэме якога адпрацавала 52 гады. Аднак калі разам з імі ў кватэру зайшлі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, карэ­спандэнт райгазеты, расхвалявалася: «Ай-ай, я нават непрыбраная, у фартушку вас сустракаю…» Ды не ў характары Галіны Аляксандраўны паддавацца разгубленасці. Прыняўшы Падзяку старшыні райвыканкама і падарункі, катэгарычна заявіла, што не адпусціць нікога, пакуль не пачастуе кавай. І не адпусціла.

За накрытым сталом прызналася: «Люблю сябе, людзей, прыроду, любое надвор’е. А ёсць жа людзі, якім усё і ўсюды дрэнна. Шкадую іх, цяжка такім жыць».

Пра тое, як шмат цяжкасцей давялося пера­адолець самой, юбілярка не любіць гава­рыць. Вырасла ў мнагадзетнай (тры дзяўчынкі) сям’і з вельмі сціплым дастаткам. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Мала­дзечанскае вучылішча будаўнікоў. Але потым перадумала, забрала дакументы і адвезла іх у Полацкае гандлёвае вучылішча. Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, канчаткова вызначыла шлях у прафесію, якая падабалася з ранняга дзяцінства. Працавала прадаўцом, загадвала кніжным магазінам, была дырэктарам універмага, старшынёй гарадскога спажыўтаварыства, займала іншыя пасады. Прызнаецца: «Вельмі любіла работу. Выйшаўшы на пенсію, яшчэ 10 гадоў працавала ў гандлі». Яе былыя калегі ўспамінаюць, што ўмела згуртаваць і павесці за сабой людзей, дакладна арганізаваць работу, знайсці выйсце ў складанай сітуацыі, аператыўна вырашыць любое пытанне, працаваць поплеч з ёй было цікава і плённа.

У 36 гадоў Галіна Дунаева аўдавела. Дачушка тады хадзіла ў трэці клас, сынок — у першы. Вельмі баяліся, каб маці не прывяла ў дом, на месца таты, чужога чалавека. А яна і не думала пра другое замуства. Усю сябе аддавала працы і ім, Наташы і Паўліку. «У мяне вельмі добрыя дзеці, — радуецца маці. — Змалку прывучаныя да самастойнасці, паколькі мне часта даводзілася ездзіць у камандзіроўкі. Акрамя таго, завочна вучылася ў гандлёвым тэхнікуме. Дружныя паміж сабой, выхаваныя. Абое жывуць у Мінску. Наташа — медык, працуе ў бальніцы. Павел — падпалкоўнік у адстаўцы. Пашанцавала і з зяцем, нявесткай, якіх люблю, як родных. Маю дзвюх дарослых унучак і дваіх праўнукаў, з якіх не магу нацешыцца. Для мяне найвялікшае шчасце, што ў дзяцей дружныя сем’і, ды і матэрыяльна яны забяспечаныя. Ахвотна наведваюся да іх, яны — да мяне. Вось і на юбілей прыехалі ўсе. Навезлі падарункаў, душэўна павіншавалі. А я загрузіла багажнікі іх машын сваімі хатнімі нарыхтоўкамі».

Пытаюся ў юбіляркі, чым напоўнены яе будні.

— У мяне столькі спраў, што, здараецца, на ўсё не хапае часу, — успыхваюць гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах жанчыны. — Прачынаюся і раблю зарадку. Затым грунтоўна снедаю (гатаваць люблю, кухня — маё любімае месца). Затым памыю тое-сёе, прыбяру ў кватэры і адпраўляюся на агарод. З задавальненнем працую на градках. Вырошчваю шмат агародніны. Напрыклад, сёлета паставіла 180 слоікаў розных нарыхтовак, пераважна са свайго ўраджаю. Люблю сха­дзіць з сяброўкамі на прагулку, пагля­дзець тэлеперадачы, пачытаць газеты, разгадаць крыжаванку ці сканворд. Або сяду за швейную машынку. Калі не лянуешся, то занятак заўсёды знойдзецца.

Чатыры гады назад Галіна Аляксандраўна перанесла аперацыю на лёгкіх. На шчасце, зацвярдзенне на іх аказалася незлаякасным і ўсё завяршылася шчасліва. «Я і вочы «падрамантавала», — смяецца. — Летась замяніла хрусталік на адным зрэнку, сёлета — на другім. Адчуваю сябе добра. Можа, дзякуючы свайму аптымізму. Але за здароўем сачу пастаянна. Завяла сшытак, у які год за годам заношу звесткі пра аналізы, абследаванні, ціск. Дзякаваць Богу, на сёння ў мяне ўсё ў норме».

Яе энергіі і працаздольнасці можна толькі пазайздросціць. Пачуццё гумару — заўсёднае. Гасціннасць — выключная. Аптымізм — невычэрпны. Між тым, скажу па сакрэце: Галіне Аляксандраўне споўнілася 80. Зрэшты, яна, такая маладжавая і жаноцкая, і не ўтойвае гэта. Можа, таму, што біялагічны ўзрост зусім не адпавядае лічбе ў пашпарце.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Татьяна Дюшко стала лауреатом премии им. Героя Советского Союза Зинаиды Туснолобовой-Марченко
Бывший председатель колхоза «Перамога» Владимир Адамчик отметил 75-летний юбилей
Руководитель Поставщины Сергей Чепик — золотой юбиляр. Актуальное интервью



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.