Как прошло открытие отопительного сезона в Поставском районе?

Общество

Цяпло сагрэе ў халодны сезон

Сёлета падаваць цяпло ў жыллёвы фонд Пастаўшчыны пачалі 15 кастрычніка. Для выхаду сістэмы на стабільны рэжым работы адводзіцца 10 каляндарных дзён з моманту ўключэння ацяплення. Як прайшло адкрыццё сезона — у матэрыяле карэспандэнта «ПК».

Да зімы падрыхтаваліся

Жыллёвы фонд раёна бягучы ацяпляльны сезон сустрэў у поўным узбраенні. Такому выніку папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Праведзены прафілактычны рамонт і выпрабаванне абсталявання кацельняў, у дамах — прафілактычны рамонт сістэм і цеплавых пунктаў, гідрапнеўматычная прамыўка сістэм ацяплення, адрамантаваны печкі, бойлеры, балконы, стыкі панэляў сцен, дахі. У міжацяпляльны перыяд зроблена планавая паверка 88 групавых прыбораў уліку цеплаэнергіі. УП ЖКГ нарыхтавана 18,2 тысячы м3 дроў і 4,5 тысячы м3 шчапы. Прадугледжаны і магчымыя аварыі — сфарміравана аварыйная брыгада сантэхнікаў з ліку трох чалавек, якія падчас наладачных работ працавалі нават ноччу. Астатнія сантэхнікі і тэхнікі па абслугоўванні групавых прыбораў уліку шчыравалі без выхадных.

Усе 25 кацельняў, якія знаходзяцца на балансе УП ЖКГ і абслугоўваюць 180 дамоў, атрымалі пашпарты гатоўнасці.

У цеплапункце падрыхтоўчыя работы завяршае слесар-сантэхнік Уладзімір Барсук

Імкнуцца да энергаэфектыўнасці

Цяпло каштуе нятанна, таму зніжэнне яго сабекошту і зберажэнне — важная задача. Каб выбраць аптымальны варыянт сістэмы цеплазабеспячэння райцэнтра, за бюджэтныя сродкі распрацавана спецыяльная схема. Таксама праводзіцца энергетычнае абследаванне прадпрыемства. Па яго выніках будуць вынесены прапановы па зніжэнні выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў.

— Усе работы па падрыхтоўцы кацельняў і замене цепласетак мы ўжо не першы год выконваем уласнымі сіламі, — расказвае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Вольга Шыцько. — Сёлета для зніжэння затрат цеплавой энергіі ў Дунілавічах пракладзены сучасныя ПІ-трубы агульнай працягласцю 0,19 кіламетра. У раёне ж такіх труб у цепласетках 97,8%. Замена астатніх — справа наступных гадоў. Эканоміць прыродны газ дапамагае выкарыстанне дроў на кацельнях, а электраэнергію — новых энергаэфектыўных свяцільнікаў.

Энергаэфектыўнасці спрыяюць і індывідуальныя цеплалічыльнікі. Яны ўстаноўлены ў кожнай кватэры дамоў, пабудаваных пачынаючы з 2010 года. Аднак індывідуальнае рэгуляванне падачы цяпла — гэта яго змяншэнне, а не поўнае перакрыванне. Камунальнікі нагадваюць, што гэта катэгарычна забаронена. Больш за тое, адключаная ад ацяплення кватэра прызнаецца безуліковай, і аплата за яе абагрэў налічваецца па нарматывах цеплавой энергіі на ацяпленне 1 м2, зацверджаных райвыканкамам. Уладальнікі кватэр, абсталяваных індывідуальнымі цеплалічыльнікамі, таксама павінны ведаць, што ўвесь ацяпляльны сезон яны разлічваюцца за цяпло па паказаннях групавога лічыльніка, а пасля завяршэння сезона робіцца пераразлік згодна з паказаннямі індывідуальнага прыбора. Праўда, для гэтага павінны быць выкананы 3 умовы: наяўнасць адпаведнага дагавора, спраўнасць прыбора, ацяпленне ў кватэры не перакрыта.

Без аварый на цепласетках

З бягучага года, па пастанове ўрада, у мясцовых органаў улады з’явілася права самастойна вызначаць тэрміны пачатку і завяршэння ацяпляльнага сезона (без узгаднення з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі). А вось арыенціры падачы цяпла засталіся ранейшымі. У жыллёвым фон­дзе батарэі павінны цяплець, калі сярэднясутачная тэмпература паветра на працягу пяці сутак складае плюс 8 градусаў і ніжэй.

— Пачатак сёлетняга сезона прайшоў без аварый на цеплавых сетках. Што да сістэмы ацяплення ў дамах, то без нюансаў не абышлося, але нічога экстраардынарнага, — лічыць  намеснік дырэктара па жыллёва-эксплуатацыйнай службе УП ЖКГ Аляксандр Раманенкаў. — І ўвогуле, з кожным годам такіх выпадкаў становіцца менш. Сёлета самы сур’ёзны — затапленне кватэры на 3-м паверсе ў адным з мікрараёнаў горада. Гэта здарылася па віне ўласніка кватэры паверхам вышэй. Нягледзячы на аб’яву, якая папярэджвала пра выпрабаванне сістэмы ацяплення, гаспадары кватэры знялі батарэі. Па нашым дэфектным акце, шкода, нанесеная суседзям, вялікая.

Тут галоўнае — усвядоміць, што любое ўмяшальніцтва ў сістэму ацяплення без ведама ЖКГ — незаконнае, бо яна з’яўляецца ўласнасцю прадпрыемства. Калі такое ўсё ж адбываецца, то з камунальнікаў здымаецца любая адказнасць.

Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — лічыць, што ў дзень запуску сістэмы ва ўсіх кватэрах павінна стаць цёпла. З-за аб’ектыўных прычын так не бывае, сцвярджаюць работнікі ЖКГ. Таксама не трэба ча­каць, што падчас ацяпляльнага сезона батарэі будуць заўсёды гарачымі. Іх тэмпература вызначаецца спецыяльным графікам, які непасрэдна залежыць ад надвор’я.

— Усе кацельні працуюць выключна па тэмпературным графіку, — запэўнівае Вольга Шыцько. — Для кантролю за работай цеплалічыльніка ў нас устаноўлена сістэма дыстанцыйнага ўліку і збору даных. Можам нават зрабіць пагадзінную расшыфроўку. Зняцце паказанняў адбываецца штодня. Гэта дазваляе своечасова ўхіліць усе няспраўнасці, кантраляваць тэмпературу цепланосьбіта і гарачай вады. У раёне маецца 212 прыбораў уліку цеплавой энергіі ў жыллёвым фондзе і 29 — на кацельнях.

Трэба ведаць, што якасць ацяплення вызначаецца тэмпературай у памяшканні. Устаноўленая норма — 18 Со. Калі яна будзе ніжэйшай на працягу сутак, можаце звяртацца па пераразлік.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Что делать, если потерялось свидетельство о регистрации того или иного акта гражданского состояния?
Платежи по QR-коду: как это работает и где в Поставах можно воспользоваться услугой?
Кто имеет право на пенсию за особые заслуги перед Республикой Беларусь?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.