«Могут решить любую задачу». В Андроновской ЯССШ работают 11 креативных педагогов

Важное Образование

Вучаць дзяцей і вучацца самі

Калі ні праязджаю праз Андроны, звяртаю ўвагу на вялікую прышкольную тэрыторыю. Асабліва прыгожа яна выглядае з вясны да позняй восені: дэкаратыўныя кустарнікі, мноства кветак, падкошаныя газоны, акуратная агароджа. Нават буслы аблюбавалі тут для сябе месца і збудавалі на слупе гняздо, кожнае лета выводзяць у ім птушанят.

А сама яслі-сад—базавая школа стала прыцягальнай «буслянкай» для мясцовых дзяцей. Сёння іх 41. Безумоўна, мала. Але гэта не з’яўляецца перашкодай для насычанага жыцця ўстановы. У ёй працуюць 11 педагогаў. На працягу 23 гадоў калектыў узначальвае Лілія Геронцьеўна Гінько. І паказвае прыклад ініцыятыўнасці, працавітасці, сціпласці, пра што я неаднойчы чула ад падначаленых ёй педагогаў і тэхработнікаў, а таксама ад кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама. А вось што гаварыла мне падчас сустрэчы непасрэдна кіраўнік навучальнай установы: «Наш калектыў невялікі і вельмі дружны. Педагогі крэатыўныя і могуць вырашыць любую задачу. Лідзія Мілецьеўна Атрахімовіч, Ганна Станіславаўна Зямчонак, Святлана Серафімаўна Спісок і я маем вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе настаўнікі вопытныя, кожны мае свой талент і падыход да дзяцей. Кожнаму ёсць за што сказаць «дзякуй».

Педагогі Андронаўскай яслі-сад—базавай школы: Людміла Сіманайць, Лілія Гінько, Ганна Зямчонак (сядзяць), Святлава Балошка, Лідзія Атрахімовіч, Юрый Катовіч, Мая Курто і Алена Шымковіч

У сельскіх школах, дзе ў класах мала вучняў, у настаўнікаў у разы больш магчымасцей, чым у калег з горада, для індывідуальнай работы з кожным. А вось падрыхтаваць масавыя мерапрыемствы ў райцэнтры лягчэй. Там, акрамя агульнаадукацыйных, дзейнічаюць яшчэ і школы мастацтваў.

— А ў нас ёсць Лідзія Мілецьеўна Атрахімовіч, якая спявае, танцуе, малюе, можа падрыхтаваць любое мерапрыемства, — працягвала расказваць дырэктар. — Выдатна праяўляе сябе намеснік па вучэбнай рабоце Людміла Раманаўна Сіманайць, якая працуе ў нашай школе толькі другі год. Ды і ўсе настаўнікі актыўныя. Вельмі шкада, што сёлета па стане здароўя вымушана была пакінуць школу Лідзія Сяргееўна Шырокая. Працавітая, таленавітая, з залатымі рукамі, яна шмат зрабіла для афармлення ўстановы, многаму навучыла школьнікаў.

Што да дзяцей, то ў мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе, яны ўдзельнічаюць усе. Самыя актыўныя заяўляюць пра сябе ў раёне, вобласці і нават рэспубліцы. Толькі ў мінулым навучальным годзе вучні заваявалі 10 дыпломаў рознага ўзроўню на конкурсах і алімпіядах.

— Мы даём дзецям трывалыя веды і пастаянна вучымся самі, — адзначыла Лілія Гінько. — Асабліва актыўна педагогі займаюцца на дыстанцыйных курсах. На першым часе такая форма павышэння прафесійных ведаў крыху насцярожвала, але зараз мы пераканаліся ў яе эфектыўнасці. Каб не адстаць ад сучасных патрабаванняў, ніколі не спыняемся ў самаадукацыі, удасканальваем уменне валодання камп’ютарнымі тэхналогіямі, практыкуем новыя формы работы з вучнямі.


Школа павінна, як магніт, прыцягваць вучняў сваім цікавым, змястоўным жыццём. Толькі пры гэтай умове і вучоба зможа прыцягваць, як магніт. 

Васілій Сухамлінскі


Да пачатку заняткаў мы з дырэктарам прайшліся па абодвух паверхах установы. Уразілі чысціня, прыгожае афармленне дзіцячага садка (пра яго раскажам у газеце пазней), прадметных кабінетаў, этнаграфічнага кутка, камп’ютарнага класа, бібліятэкі, калідораў. Ідэальны парадак тут падтрымліваецца заўсёды. Вось і да бягучага навучальнага года адрамантаваны класныя памяшканні, столь у спартыўнай зале, гульнявая пляцоўка дзіцячага сада, аконныя рамы, калідор на другім паверсе, пафарбавана агароджа. Усяго выканана работ на суму 1 620 рублёў. Прычым гэта сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы, спонсарскай дапамогі ААТ «Кураполле-агра» і педкалектыву. У правядзенні работ удзельнічаў не толькі тэхперсанал, але і педагогі, вялікую дапамогу аказалі бацькі вучняў. Дзякуючы агульным намаганням, установа выглядае ідэальна.

Здавалася б, педкалектыву, вучням і іх бацькам толькі радавацца таму, што ёсць у школе. Аднак прысутнічае і трывога за яе будучыню. Усім вядома, што ў краіне, у тым ліку ў нашым раёне, працягваецца аптымізацыя ўстаноў адукацыі. А што, калі з-за малалікасці вучняў і неабходнасці эканоміі фінансаў будзе закрыта і гэта? Зрэшты, сёння ў аграгарадку Андроны пражывае 68 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў. Значыць, надзея, што гэты цудоўны астравок ведаў і прыгажосці застанецца жыць, усё-такі ёсць.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
207 юношей и девушек стали первокурсниками Поставского государственного колледжа
«Клуб программистов» в РЦДМ научит создавать сайты и мобильные приложения
Учительница начальных классов Лилия Тишалович в 10-й раз приняла под свое крыло первоклассников



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.