Новая волна COVID-19. Медработники советуют жителям Поставщины снизить контакты и привиться

Главное Здравоохранение

Знізіць кантакты і прышчапіцца раяць жыхарам Пастаўшчыны медыцынскія работнікі.

Сезон пад’ёму вострых рэспіраторных захворванняў у нашай краіне штогод пачынаецца ў верасні. Сёлета ён супаў яшчэ і з другой хваляй COVID-19, якая накрыла ўвесь свет. Знізіць рызыку заражэння віруснымі інфекцыямі магчыма, калі прытрымлівацца мер прафілактыкі.

Маскі вяртаюцца

Захваральнасць на COVID-19 у нашым раёне была пастаўлена на паўзу ў жніўні. У сярэдзіне верасня хвароба вярнулася. Сёння ў эпідпрацэс уцягнуты кандытарскі цэх Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства, лясгас, рынак «Гарызонт», іншыя прадпрыемствы.

— Каб замарудзіць распаўсюджванне інфекцыі, выконвайце правілы біялагічнай бяспекі, — раіць загадчыца аддзела эпідэміялогіі райЦГЭ Людміла Сафронава. — Перш за ўсё неабходна прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыравання. Для гэтага мінімізуйце колькасць кантактаў з іншымі людзьмі, захоўвайце 1,5-2-метровую адлегласць адно ад аднаго, апрацоўвайце рукі антысептыкамі, не забывайце праветрываць памяшканні і праводзіць дэзынфекцыю кантактных паверхняў.

Апроч таго, на прадпрыемствах і ў арганізацыях пажадана наладзіць гнуткі графік: устанавіць для розных груп работнікаў індывідуальны час пачатку і заканчэння працоўнага дня, а таксама абедзеннага перапынку. Гэта неабходна для таго, каб пазбегнуць скаплення вялікай колькасці людзей у адным месцы.

Кантактам першага ўзроўню рэкамендуецца самаізалявацца на 14 дзён. Выходзіць з дому дазваляецца толькі ў найбліжэйшы прадуктовы магазін і абавязкова пры гэтым карыстацца маскай і пальчаткамі. Калі дазваляюць жыллёвыя ўмовы, займіце асобны пакой. Не карыстайцеся агульнымі сталовымі прыборамі з членамі сям’і.

Асобам старэйшага і пажылога ўзросту і тым, хто мае хранічную паталогію, наведваць грамадскія месцы без маскі непажадана.

Вакцынацыя стартавала

Вакцынацыя супраць сезоннага грыпу ўжо пачалася. Для яе правядзення выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці «Грыпол плюс». Мяркуючы па водзывах, прышчэпка пераносіцца добра.

— Для таго, каб да перыяду пад’ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі сфарміраваўся імунітэт, прышчэпку неабходна рабіць ужо зараз, а не чакаць глыбокай восені, — адзначае Людміла Сафронава. — Як і каранавірусную інфекцыю, грып цяжэй за ўсё пераносяць людзі з хранічнай паталогіяй і пажылога ўзросту. Гэтай групе рызыкі прышчэпка паказаная ў першую чаргу. Больш за тое, існуе рэальная небяспека, што, калі грып накладзецца на COVID-19, рэзервовыя магчымасці арганізма з дзвюма інфекцыямі могуць не справіцца.

Традыцыйна за бюджэтныя сродкі прышчэпяць ад грыпу дзяцей, цяжарных жанчын, асоб з хранічнай паталогіяй і старэйшых за 60 гадоў. Для работнікаў прадпрыемстваў вакцыну прафінансуе працадаўца.

Вераніка Філановіч



Читайте также:
Как не поддаться панике во время пандемии СОVID-19? Советы психолога
Медработники Поставщины получили награды за вклад в борьбу с коронавирусной инфекцией
Ольга Дрозд почти 4 года работает заведующей аптекой №86 в г.п. Лынтупы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.