Ольга Сафонова — методист по керамике и керамической игрушке Дома ремесел «Стары млын»

Культура

Ад «Конніка» да акарыны

Вольга Сафонава — метадыст па кераміцы і керамічнай цаццы Дома рамёстваў «Стары млын». А яшчэ яна ўнучка вядомага ў раёне майстра па пляценні і аплікацыі саломкай Гераімы Тананы, чыё імя ў канцы мінулага года было ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Менавіта Гераіма Пятроўна, якая ўсё жыццё адпрацавала ў культуры, у тым ліку больш за 10 гадоў у «млыне», і паўплывала на прафесійны выбар Вольгі. Пасля таго, як дзяўчына закончыла школу, параіла ёй падаць дакументы ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Толькі ўнучку прывабіла не саломка, а гліна і магчымасць рабіць з яе розныя сувеніры. Але пляценне і аплікацыю саломкай Вольга таксама асвоіла: калі атрымала дыплом і трапіла па размеркаванні ў пастаўскі Дом рамёстваў, бабуля перадала ёй усе сакрэты свайго майстэрства.

У штаце «Старога млына» В. Сафонава з 2008 года. За гэты час паспела выйсці замуж і нара­дзіць трох дзетак. Апошні дэкрэтны водпуск закончыўся ў 2019-м, і малады кераміст зноў з галавой акунулася ў работу: адразу пачала рыхтавацца да «Славянскага базару ў Віцебску». Тады проста прыняла ў ім удзел. А сёлета вырашыла гучна заявіць пра сябе ў адкрытым абласным свяце-конкурсе майстроў традыцыйнай свістулькі «Салавейка», які павінен быў праводзіцца ў рамках «Вішнёвага фестывалю» ў Глыбокім (на жаль, з-за каранавіруса ён так і не адбыўся).

— Рабіць свістулькі я пачала яшчэ летась са стылізаваных птушак, жывёл, — апавядала майстар. — Раней гэта музычная цацка была вельмі папулярнай у беларускіх сем’ях, дзе раслі дзеці. Запатрабаваная і зараз. Яе добра купля­юць наведвальнікі нашай установы падчас экскурсій, калі выязджаем кудысьці на выставы, фестывалі. Нядаўна дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Мікалаеўна Петух расказала, што ў мясцовым края­знаўчым музеі захоўваецца этнаграфічная свістулька «Коннік» XVIII стагоддзя, знойдзеная падчас раскопак у раёне пастаўскага касцёла, і прапанавала заняцца яе рэканструкцыяй. Я загарэлася гэтай ідэяй. Схадзіла ў музей, падрабязна вывучыла этнаграфічны экспанат і па яго ўзоры стварыла калекцыю з 8-мі коннікаў розных памераў, якую хацела прадставіць на конкурс у Глыбокім.

Вольга і далей збіраецца працаваць у дадзеным напрамку. Цяпер узялася за рэканструкцыю старажытнай акарыны, вырабленай майстрам з вёскі Грэйцева Пастаўскага раёна, якая захоўваецца ў фондах Браслаўскага аб’яднання музеяў. Наколькі складаная гэта работа, ведае толькі той, хто ёй займаецца. Па словах маладой жанчыны, каб «заспявала» элементарная свістулька, трэба навучыцца правільна рэзаць свіст, што робіцца ўсяго двума дакладнымі рухамі. А выраб акарыны, якая з’яўляецца музычным інструментам, патрабуе яшчэ большага майстэрства.

Можна не сумнявацца, што ў захопленай любімай справай Вольгі ўсё атрымаецца і наперадзе яе чакае шмат конкурсаў і перамог. Ну а пакуль метадыст па кераміцы працягвае вучыцца сама і вучыць таму, што ўмее, дзяцей, якія наведваюць яе майстэрні па вырабе музычнай цацкі і ганчарных форм ручным спосабам. У кожнай з гэтых майстэрань займаецца па 6-7 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. На заняткі, дзе не толькі лепяць, але і распісваюць свае вырабы, школьнікі ходзяць з задавальненнем. Любяць папрысутнічаць на іх і ўласныя дзеці Вольгі Сафонавай — 11-гадовы сын і дочкі, якім 8 і 4 гады.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Лучший публицист страны. Игорь Прокопович — лауреат Национальной литературной премии
Районный Дом культуры открыл новый творческий сезон (фото, видео)
Почитайте, какие уникальные проекты реализуются на Лынтупщине



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.