Посмотрите, как в Поставах и Лынтупах отметили День пожилых людей

Общество

І жыцця залаты лістапад…

1 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень пажылых людзей. Ён — напамін пра тое, што трэба з павагай і разуменнем адносіцца да прадстаўнікоў старэйшага пакалення, клапаціцца пра іх і дапамагаць у вырашэнні праблем.

У Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гэта робяць круглы год, незалежна ад даты на календары, што і пацвердзілі шматлікія наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў Лынтупах і райцэнтры. Менавіта там сёлета прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да Дня пажылых людзей.

Мерапрыемства ў Паставах распачалося апоўдні і сабрала ў адной зале паўсотні чалавек шаноўнага ўзросту — актыўных, творчых, жыццярадасных. Усе яны не адзін год сябруюць з аддзяленнем: пастаянна наведваюць гурткі па інтарэсах, разам з супрацоўнікамі арганізуюць разнастайныя забаўляльныя праграмы. І кожная такая сустрэча для іх — сапраўднае свята.

З віншаваннямі да віноўнікаў урачыстасці ў той дзень прыйшлі шматлікія госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Марыя Ракоўская, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава і іншыя. Выступаючы, яны гаварылі не толькі пра пажылых людзей, але і пра само аддзяленне, бо 1 кастрычніка споўнілася 5 гадоў з дня яго адкрыцця.

— Тое, што вы робіце, заслугоўвае вялікай павагі, — звярнулася да прысутных Наталля Се­дзюкевіч. — У кожнага шмат клопатаў дома, бываюць праблемы са здароўем, тым не менш творчае жыццё ў аддзяленні віруе. Можа, таму, што вы —  прадстаўнікі іншага пакалення. Раней жа ўсё было іначай: людзі не так думалі пра грошы, як цяпер, не шукалі выгады пры любой магчымасці. Я яшчэ застала той час, калі ўсе былі разам і ў горы і ў радасці: разам хрысцілі, жанілі, хавалі… І ўсё было так шчыра! Ад вас і цяпер зыхо­дзіць столькі дабрыні! Дзяліцеся ёй, перадавайце маладзейшым, вучыце сапраўдным чалавечым зносінам. Няхай будуць на гэта сілы і здароўе, хай жыццё падорыць яшчэ шмат сумесных сустрэч!

Мерапрыемства падарыла гледачам многа прыемных эмоцый: былі ўручэнні ўзнагарод і падарункаў, шматлікія творчыя нумары (канцэрт пад назвай «І жыцця залаты лістапад» доўжыўся дзве з паловай га­дзіны). Фінальным акордам сустрэчы стала сумеснае чаяванне.

У 15 гадзін Дзень пажылых людзей пачалі адзначаць і ў Лынтупах. Каля будынка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту сабраліся яго наведвальнікі і дзясяткі мясцовых жыхароў. Для іх быў арганізаваны канцэрт — творчыя нумары падарылі ваенны аркестр Смаргонскай пагранічнай групы, вакальны гурт «Актыўнае пакаленне», Сяргей Зелянкевіч.

Некаторыя гледачы не толькі слухалі вядомыя песні, але і танцавалі: паказалі маладзейшым, як танцаваць танга, кракавяк і вальс. Адным словам, успомнілі маладосць, якой, без сумнення, яшчэ ёсць месца ў душы.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Натуральные продукты. В микрорайоне строителей открылся новый магазин ОАО «Новоселки-Лучай»
Долгожительница Елена Урбанович из г.п. Лынтупы отметила 100-летний юбилей
В отделении дневного пребывания для граждан пожилого возраста ТЦСОН прошел семинар «Обучение женщин основам агробизнеса»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.