Рейд по проверке жилых домов позволил оценить ситуацию с безопасностью жизнедеятельности

Безопасность

Зімой сагрэюцца не ўсе

З пачатку гэтага года ў адной толькі Віцебскай вобласці адбылося амаль 700 пажараў, у якіх загінулі больш за 75 чалавек. На Пастаўшчыне вогненная стыхія разгулялася 32 разы і пазбавіла жыцця 2 чалавек. Усяго за некалькі дзён, з 1 па 9 кастрычніка, у нашым раёне зарэгістраваны 4 пажары. Прычынамі двух з іх сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане і парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Праблема гібелі людзей ад знешніх прычын, адной з якіх з’яўляюцца пажары, знаходзіцца на пастаянным кантролі ў раённым выканаўчым камітэце. Для яе вырашэння з ліку прадстаўнікоў розных суб’ектаў прафілактыкі створаны гарадская і сельскія аглядавыя камісіі. Два разы на месяц яны наведваюцца дамоў да шматдзетных, малазабяспечаных, нядобранадзейных сем’яў, адзінокіх састарэлых і грамадзян, якія злоўжываюць спіртным, і ацэньваюць сітуацыю з бяспекай жыццядзейнасці.

Члены аглядавай камісіі гутараць з жыхаром вуліцы Кастрычніцкай

Чарговы такі рэйд з удзелам журналістаў раённай газеты і мясцовага тэлебачання адбыўся 13 кастрычніка. Падчас яго ўвага начальніка ЖЭУ УП ЖКГ Аляксандра Касаткіна, інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Уладзіміра Ластоўскага, участковага інспектара міліцыі Аляксандра Кішко і спецыяліста па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Дзіяны Гусевай была скіравана на стан пячнога ацяплення ў пастаўчан — аматараў спіртнога.

Першым адрасам нашага наведвання стала адна з кватэр па вуліцы Азёрнай. Яе гаспадар быў дома, цепліў печ. Да стану печы ў членаў камісіі не ўзнікла заўваг. Адзінае, чаго не хапае ў жытле, — гэта аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. У хуткім часе ён бу­дзе ўстаноўлены.

Пераязджаем на вуліцу Гогаля. У двары дома, ля якога спыняемся, звалка рознага смецця. Сярод яго — куча пустых бутэлек з-пад віна і іншых моцных напіткаў. Горы смецця і ў доме. Яно ўзвышаецца адразу за разбітым акном, уваходнымі дзвярыма, калі іх можна так назваць. Тое, што калісьці было дзвярыма, уяўляе сабой гнілую драўляную каробку, да якой прыбіты абламаны кавалак фанеры. Пры гэтым на «канструкцыі» вісіць замок. Тут пражывае адзінокі пенсіянер, якога работнікі сацыяльнай службы збіраюцца змясціць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН па вуліцы Ленінскай у Паставах.

Так выглядае дом па вуліцы Гогаля

Накіроўваемся на Кастрычніцкую. І зноў нікога няма дома: на дзвярах замок, а з разбітых вокнаў веранды нас вітаюць залівістым брэхам сабакі. Вырашаем пашукаць гаспадыню ў суседа, які жыве непадалёк, а заадно праверыць яго бытавыя ўмовы. Дзверы адчыняе немалады мужчына. Ён расказвае, што ўжо 4 гады, як у кватэры абрэзана ацяпленне, да таго ж гэтым летам быў пажар, і ахвотна згаджаецца перабрацца на зіму на сацложак.

Па дарозе назад заўважаем жанчыну, якую шукалі. Яна запрашае ў дом. Але з-за чатырох сабак, што выскокваюць з-за дзвярэй, увайсці рашаюцца толькі ўчастковы міліцыянер і інспектар РАНС. Гаспадыня з парога прызнаецца: печку не цепліць, бо ў ёй адваліліся дзверцы, а на рамонт няма грошай. Спецыяліст ТЦСАН прапануе перазімаваць на сацложку, на што жанчына адказвае: у выпадку неабходнасці прытуліць дачка. Адмаўляецца і ад паслуг мабільнай брыгады, якая магла б навесці парадак у доме, захламленым рознымі рэчамі.

У той дзень мы не трапілі таксама да жыхароў завулка Кірава і вуліцы Вакзальнай. Да іх члены камісіі наведаюцца пазней, калі гаспадары будуць дома. Ну а выяўленыя недахопы давядзецца ўхіліць самім пенсіянерам альбо іх дзецям, арганізацыям, у якіх працавалі, ці сацыяльнай службе.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Двое поставчан «променяли» ограничение свободы на реальный срок в исправительной колонии
На городском стадионе прошел ежегодный районный конкурс юных инспекторов дорожного движения
Осенняя призывная кампания 2020 года на Поставщине в самом разгаре



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.