Руководитель Поставщины Сергей Чепик — золотой юбиляр. Актуальное интервью

Важное Общество

Будучыню трэба будаваць самім

Учора старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку споўнілася 50 гадоў. Прыгожая, важкая дата. Напярэдадні яе карэспандэнт «Пастаўскага краю» ўзяла ў юбіляра інтэрв’ю. Гутарка ішла не столькі з прадстаўніком улады, колькі проста з чалавекам.

— Сяргей Васільевіч, усе мы родам з дзяцінства. Якім яно было ў вас?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Баброва Лепельскага раёна. Дзяцінства было вясёлым і цікавым, як і ва ўсіх вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Не любіў хадзіць у садок. Таму шмат часу право­дзіў з дзядулем Васем і бабуляй Галяй. Дзед мяне яшчэ малога навучыў касіць і хадзіць за плугам. Ён трымаў пчол. Але пчаляра з мяне не атрымалася. Некалькі разоў пчолы пакусалі, і я баяўся іх. Калі пайшоў у школу, усе выхадныя і канікулы таксама праводзіў у дзядулі з бабуляй. Бацькам даводзілася ўгавор­ваць мяне, каб забраць дадому. А 10 клас я заканчваў у Лепелі, дзе тата працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. У 1987 годзе яго перавялі старшынёй Пастаўскага райвыканкама, і сям’я пераехала на новае месца жыхарства. А я паступіў вучыцца ў Горацкую сельгасакадэмію. Пасля яе заканчэння — а гэта было ў 1992 годзе — усё маё жыццё звязана з Пастаўшчынай. Працаваў у аграсэрвісе, ГАЗаўтасэрвісе, 10 гадоў кіраваў ААТ «Кураполле-агра». Са жніўня 2015-га — у райвыканкаме, спачатку начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а з мая 2017-га — старшынёй райвыканкама.

— А што вас зараз звязвае з Лепельшчынай?

— Незабыўныя прыгожыя мясціны, успаміны дзяцінства, магілы родных людзей. На могілках ля вёскі Слабодка пахаваны мае бабуля і дзядуля, бацька. Я часта бываю там. На татавай магіле заўсёды кветкі, хоць з дня яго гібелі прайшло ўжо 20 гадоў. Іх прывозім не толькі мы, родныя, але і яго сябры, паплечнікі па працы, добрыя знаёмыя. Я вельмі ўдзячны за такую памяць.

— Прабачце, што гэтым пытаннем узварушу боль цяжкай страты. Несумненна: той час быў самым чорным у жыцці вашай сям’і. Як не паддаліся адчаю?

— Сапраўды, трагедыя, калі ў аўтамабільнай катастрофе ў 51-гадовым узросце загінуў тата і на мяжы жыцця і смерці аказалася мая сястра Аксана, якая ехала разам з ім, чорным крылом накрыла нашу сям’ю. Было невыносна горка і балюча. Справіцца з адчаем дапамог моцны характар і падтрымка родных, бацькавых і маіх сяброў. Нам прапаноўвалі змяніць работу і месца жыхарства, у тым ліку вярнуцца на Лепельшчыну. Але на сямейным савеце вырашылі застацца ў Паставах. Не магу не сказаць пра маці. Ёй, напэўна, было найцяжэй, але не зламалася. Яна была і застаецца ахоўніцай сямейнага ачага. Добрая, памяркоўная, клапатлівая, умела і з татам адносіны будаваць, і нас з сястрой выхоўваць. А як любіць унукаў!

— Упэўненая, бацька з’яўляўся для вас тым чалавекам, на якога раўняліся. А ці ёсць яшчэ людзі, якія паўплывалі на фарміраванне вас як асобы?

— Сапраўды, мой бацька быў такім чалавекам, з якога можна і трэба было браць прыклад стойкасці і мужнасці. І мне, сыну, — у першую чаргу. Ён меў стальны характар, быў прыстойным, працавітым, мэтанакіраваным. Ніколі не адступаўся ад прынцыпаў, шмат зрабіў для развіцця раёна. Адметна, што ў маёй працоўнай біяграфіі ёсць тыя ж прыступкі, якія праходзіў тата. Зрабіць горш, чым ён, я не маю права. А ці атрымаецца лепш, пакажа час. Але імкнуся да гэтага.

Быў у маім жыцці яшчэ адзін чалавек, на якога хацелася раўняцца. Чалавек з вялікай літары Алег Адольфавіч Валодзька. Я ўдзячны яму за навуку не толькі гаспадарання, але і чалавечнасці. Як шмат ён зрабіў для гаспадаркі! Колькім людзям дапамог у цяжкіх жыццёвых сітуацыях! У тым ліку і нашай сям’і, калі я цяжка хварэў. Мне было ўсяго 29, і жыццё магло абарвацца… Я і зараз звяраю свае рашэнні і ўчынкі па бацьку і па Алегу Адольфавічу.

— Раён узначальваеце чацвёрты год. Ці адчуваеце падтрымку каманды?

— Лічу важным, што захаваў тую каманду, якая працавала і пры маім папярэдніку. Ёсць касцяк аднадумцаў. Мы добра разумеем адно аднаго і працуем на агульны вынік. Сёлета ўпершыню раён заняў другое месца ў вобласці па вытворчасці зерня на бала-гектар. Гадавы надой ад каровы па раёне таксама ўпершыню ў яго гісторыі складзе 4 тысячы кілаграмаў. Аднак патэнцыял Пастаўшчыны намнога большы, які і будзем раскрываць. Мне цікава працаваць з такімі надзейнымі кіраўнікамі працоўных калектываў, як Юрый Шымчык, Вячаслаў Крыштафовіч, Канстанцін Гайлеўскі, Сяргей Лацецкі, Анатолій Бабічаў, Уладзімір Місачэнка, Генадзій Сіповіч і іншыя.

У любой складанай сітуацыі можна знайсці выйсце, толькі не трэба апускаць рукі. Ды і як без аптымізму глядзець у будучыню? А будаваць яе для сябе, нашых дзяцей і ўнукаў трэба нам самім. Ніхто іншы гэтага не зробіць.

Сяргей Васільевіч Чэпік з сынам Дзімам

— Ведаю, што і да ветэранаў працы вы ставіцеся з вялікай павагай.

— Ідучы наперад, трэба азірнуцца на мінулае, ацаніць яго. У раёне нямала прыкладаў самаадданасці як кіраўнікоў, так і радавых працаўнікоў, якія зараз знаходзяцца на пенсіі, а многіх, на жаль, ужо няма сярод нас. Важна памятаць тых, чый зямны шлях завяршыўся, і падтрымліваць зносіны з жывымі. Сустракаючыся з ветэранамі, атрымліваю ад іх шмат карысных падказак і ўдзячны за гэта. Па любым пытанні магу параіцца з Алай Эдмундаўнай Кейзік, Эдуардам Пятровічам Казурам, Віктарам Пятровічам Арэхавым. Для мяне вельмі каштоўныя іх жыццёвы вопыт і ўменне працаваць з людзьмі. Стараемся віншаваць юбіляраў, арганізоўваць сустрэчы ветэранаў. У гэтым плане актыўную работу праводзіць раённая ветэранская арганізацыя.

— І зноў пытанне пра асабістае. Па вашым меркаванні, якую сям’ю можна назваць ідэ­альнай?

— Сумняваюся, што такія сем’і існуюць. У кожнай — нейкія свае нюансы. Вось і мой першы шлюб распаўся, у чым, лічу, ёсць віна абаіх. Дочкі Анжаліка і Юлія ўжо дарослыя. Абедзве жывуць у Віцебску, атрымалі вышэйшую адукацыю. Юлія сёлета паступіла ў Акадэмію кіравання. І я ганаруся сваімі дочкамі, падтрымліваю з імі сувязь. У другім шлюбе нарадзіўся сынок Дзіма, якому зараз чатыры з паловай гады.

Такім чынам, я выканаў традыцыйную трыяду: пабудаваў дом, пасадзіў сад і выхоўваю сына.

— Успомніце, калі ласка, які самы памятны падарунак вы атрымлівалі ?

— Яго мне зрабіла жонка Святлана, нарадзіўшы сына, пра якога я заўсёды марыў. Безумоўна, бясцэнным падарункам з’яўляюцца і дзве дачкі, якім жадаю толькі шчасця. Ну а штосьці матэрыяльнае ўражвае менш за ўсё.

— Як вы ставіцеся да крытыкі?

— Станоўча. Калі крытыка канструктыўная, то прымаю яе і раблю патрэбныя вывады. А калі разумею, што чалавек не мае рацыі, стараюся яго перака­наць. У некаторых пытаннях і я памыляюся, але заўсёды прыслухоўваюся да меркавання іншых. Заўсёды насцярожана стаўлюся да тых, хто прызнае толькі сваю думку і сваю пазіцыю, незалежна ад таго, гэта кіраўнік любога рангу або просты працаўнік.

— Ваш асноўны жыццёвы прынцып?

— Быць прыстойным чалавекам у адносінах да людзей і да справы, якой займаюся. Вось і цяперашняя складаная абстаноўка ў краіне правярае нас на трываласць, паказвае, хто чаго варты. Калі мы ў адной камандзе, то і павінны даказваць гэта, тлумачыць сітуацыю людзям, весці іх за сабой, а не перакідвацца ў той бок, куды падзьме вецер па­дзей. Не люблю перавёртышаў і не ра­зумею іх.

— І апошняе пытанне: вы аптыміст або песіміст?

— Адназначна, аптыміст. Лічу, што ў любой складанай сітуацыі можна знайсці выйсце, толькі не трэба апускаць рукі. Ды і як без аптымізму глядзець у будучыню? А будаваць яе для сябе, нашых дзяцей і ўнукаў трэба нам самім. Ніхто іншы гэтага не зробіць.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Татьяна Дюшко стала лауреатом премии им. Героя Советского Союза Зинаиды Туснолобовой-Марченко
В День матери  в отделе ЗАГС торжественно зарегистрированы четверо малышей
Бывший председатель колхоза «Перамога» Владимир Адамчик отметил 75-летний юбилей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.