«Такие разные профессии и мамы». В Поставах отметили День матери

Общество

Мамы разные нужны, мамы всякие важны

Так сцвярджаў у сваім вершы класік дзіцячай літаратуры Сяргей Міхалкоў, пералічваючы прафесіі мам: лётчыца, вагонаважатая, міліцыянер, швачка, повар, інжынер, настаўнік, урач… Наколькі складана быць цудоўнай мамай і адбыцца ў прафесіі? Пра гэта разважалі гераіні мерапрыемства «Такія розныя прафесіі і мамы», якое прайшло ў сераду ў раённым Доме культуры.

Гераіні свята Алена Крывенькая, Святлана Карандашова, Дзіна Трава, Юлія Лазікевіч, Ірына Казак, Алена Букатая і Віргінія Сакалова

Крэатыўнасць

Кожную пятніцу пастаўчане з нецярпеннем чакаюць чарговага выпуску навін мясцовага тэлеканала «Паставы ТБ». Яго рэдактар Юлія Лазікевіч — таленавіты журналіст, лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх творчых конкурсаў сродкаў масавай інфармацыі. Узнагароджана граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама.

Юлія — пастаўчанка. З залатым медалём закончыла СШ №1, потым — факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Цяпер вучыцца ў магістратуры гэтай навучальнай установы. На пастаўскім тэлебачанні працуе з 2014 года.

— Вельмі люблю сваю прафесію, — прызналася Юлія падчас свята. — Кожны новы дзень — гэта сустрэчы з цікавымі людзьмі. А атрыманыя ўзнагароды, лічу, — заслуга ўсяго калектыву. Найбольшая мая радасць — дзеці Сафія, Анечка і Іван. Вельмі шчаслівая, што побач са мной надзейная апора — мама Ванда Рамуальдаўна.

Прыгажосць сваімі рукамі

стварае брыгадзір брыгады муляраў АБП «Рассвет Пастаўскі» Алена Букатая. Прафесію выбірала з тым разлікам, каб мець жыллё, добрую зарплату. У «Рассвеце» працуе 26 гадоў і за гэты час не расчаравалася. Колькі аб’ектаў узведзена і добраўпарадкавана за гэты час з яе ўдзе­лам! Даводзілася працаваць і за межамі Пастаўшчыны — у Браслаўскім, Шаркаўшчынскім, Докшыцкім раёнах, выязджаць на будоўлю ў Расію.

У Алены Іванаўны дзве дарослыя дачкі, якія жывуць асобна. Яны выбралі сабе іншыя прафесіі. Калі ім дома патрабуецца рамонт, абавязкова запрашаюць да сябе маму. І тады Алена дае волю фантазіі.

Алена Букатая з’яўляецца лаўрэатам званняў «Чалавек года Пастаўшчыны-2013» і «Чалавек года Віцебшчыны-2017». У жыцці кіруецца прынцыпам: хочаш зрабіць жыццё лепшым — пачні з сябе. Гэтаму вучыць і дачок.

«Салодкая» прафесія

Заглянуўшы ва ўніверсам «Цэнтральны», многія не могуць раўнадушна прайсці каля паліц з булачкамі, круасанамі, вітрын з тартамі і пірожнымі. Іх выпякае майстар-кандытар Святлана Карандашова. Яна нарадзілася ў Ташкенце ў сям’і ваеннаслужачага. Затым жылі ў Германіі, Растове-на-Доне. Прафесію кандытара і тэхніка-тэхнолага атрымала ў Новачаркаскім харчовым тэхнікуме. Больш за 20 гадоў працуе ў Пастаўскім філіяле аблспажыўтаварыства. Удзельнічала ў розных конкурсах і выставах. Найбольш памятныя — Сусветная алімпіяда кулінарнага майстэрства ў нямецкім горадзе Эрфурце і міжнародны турнір «Арт-дызайн» у Кіеве. З кожнага прывезла сярэбраны медаль. Журы ўразілі створаныя ёй палявыя кветкі з цукру. Адзін з букетаў, вырабленых Святланай, захоўваецца ў музеі Белкаапсаюза ў Мінску.

Прафесіяналізм майстра цэ­ніць кіраўніцтва не толькі філіяла, але і раёна. Святлана Карандашова — лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны-2013», член Гільдыі повараў і шэф-повараў Беларусі, на працягу пяці гадоў уваходзіць у склад журы прэстыжных спаборніцтваў сярод кандытараў.

Нягледзячы на багаты вопыт, пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, веды чэрпае не толькі з інтэрнэту, але і на курсах павышэння кваліфікацыі. Шмат новага пераняла ад ісландскага кандытара Марыі Шрамко.

Вялікая загружанасць на рабоце, падрыхтоўка да конкурсаў. А яшчэ трэба было займацца выхаваннем дзяцей. У сям’і Карандашовых дарослыя сын і дзве дачкі. Як прызналася Святлана Леанідаўна, яна вельмі ўдзячная мужу і дзецям за падтрымку і разуменне.

Урач – стыль жыцця

У гэтым упэўненая ўрач-анколаг Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Дзіна Трава. Ураджэнка Вялікіх Лук Пскоўскай вобласці стала студэнткай Віцебскага медуніверсітэта. Атрымала спецыяльнасць «Лячэбная справа», інтэрнатуру прайшла па хірургіі, цяпер — урач-анколаг. У Паставах жыве 13 гадоў. Тут выйшла замуж, нарадзіла трох сыноў: Мішу, Дзіму і Ігара.

Кожны дзень Дзіна Пятроўна сутыкаецца з болем лю­дзей, якія прыходзяць да яе на прыём. Усіх уважліва выслухоўвае, назначае лячэнне, умее паспагадаць і падтрымаць, праз сябе прапускае іх боль. Цяжка і фізічна, і маральна. Часта нават дома не пакідаюць думкі пра пацыентаў. Стрэс здымае фізічнай працай у агародзе, кветніку. Пастаянна адчувае падтрымку мужа і сыноў. Найлепшы рэлакс для яе — сумесны сямейны адпачынак, сустрэчы з раднёй, сябрамі.

І повар, і псіхолаг

Мама павінна сумяшчаць у сабе некалькі прафесій: повара, выхавальніка, настаўніка, урача, псіхолага і іншыя. Так лічыць Віргінія Сакалова — мама шасцярых дзяцей і бабуля дзвюх унучак. 20 гадоў сям’я пражыла ў Сакунах. Муж працаваў механізатарам, Віргінія — у бухгалтэрыі. Трымалі вялікую гаспадарку. Дзяцей з ранняга ўзросту прывучалі да працы. Кожны меў свае абавязкі і быў адказны за пэўны ўчастак работы. Затым пабудавалі жыллё ў Паставах і сталі гараджанамі. Для дзяцей адкрыліся магчымасці для творчага развіцця. Дзяўчынкі наведвалі музычную і мастацкую школы, розныя гурткі. А малодшага, Сашу, цягне да тэхнікі. На летніх канікулах ён не адыходзіць ад бацькі, які падчас жніва працуе на камбайне.

У лістападзе Сакаловы будуць адзначаць сярэбранае вяселле. «Рэцэпт» іх шчаслівага сямейнага жыцця складаецца з даверу, узаемапавагі, падтрымкі, кахання.

Майстар па ткацтве і выхаванні

Алена Крывенькая — кіраўнік народнага клуба «Майстры» Дома рамёстваў «Стары млын», мама трох сыноў. Паколькі муж часта бывае ў камандзіроўках, выхаванне дзяцей кладзецца на яе плечы. 19-гадовы Даніла — студэнт Гродзенскага тэхналагічнага каледжа, захапляецца графіці. Сярэдняму, Глебу, — 15. Ён закончыў школу мастацтваў па класе акардэона. Алена не прапусціла ні аднаго яго выступлення. 12-гадовы Назар марыць прафесійна гуляць у футбол і на кожным матчы рады бачыць маму ў якасці балельшчыка.

— Што да маёй прафесіі, то яна не вельмі папулярная, — гаварыла Алена. — Але я ёй жыву. Пастаянна вучуся, удасканальваю майстэрства.

Дываны, ручнікі, абрусы, народныя касцюмы, паясы — гэта далёка не поўны пералік таго, што вырабляе майстар па ткацтве. Работа патрабуе ўседлівасці, цярпення, фантазіі. Аленіны рукі ствараюць сапраўдныя цуды.

Настаўніца не толькі ў школе

Цікавасць да работы настаўніка ў Ірыны Казак сталі праяўляцца дзесьці ў другім класе. Яна збірала суседскіх дзяцей і праводзіла для іх «урокі». Вучыла чытаць і пісаць сваіх малодшых сястру і брата. Пасля 9 класаў паступіла ў Полацкі педагагічны каледж. Па накіраванні прыехала ў Дунілавіцкую школу. Затым паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага педуніверсітэта імя М. Танка. Ужо 19 гадоў з’яўляецца настаўніцай пачатковых класаў СШ №4. Вярнуўшыся з работы дадому, яна застаецца настаўніцай для сваіх траіх дзяцей. Старэйшая, Аня, сёлета стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Таццяна і Ваня вучацца адпаведна ў 9 і 7 класах. Ірына Станіславаўна лічыць, што адбыцца ў прафесіі ёй дапамаглі муж, а таксама яго і яе бацькі. Менавіта па іх прыкладзе стараецца быць клапатлівай жонкай, пяшчотнай мамай, добрай настаўніцай.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Татьяна Дюшко стала лауреатом премии им. Героя Советского Союза Зинаиды Туснолобовой-Марченко
Бывший председатель колхоза «Перамога» Владимир Адамчик отметил 75-летний юбилей
В День матери  в отделе ЗАГС торжественно зарегистрированы четверо малышей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.