Учительница начальных классов Лилия Тишалович в 10-й раз приняла под свое крыло первоклассников

Главное Образование

Дзясяты раз у першы клас

Настаўніца пачатковых класаў Лілія Міхайлаўна Цішаловіч сёлета ў дзясяты раз прыняла ў СШ №1 пад сваё крыло першакласнікаў.

Іх 16. Няўрымслівыя дзеці пакрыху прывыкаюць да школьных правілаў, нясмелыя наладжваюць сяброўскія адносіны з іншымі, і ўсе яны ўжо палюбілі сваю класную маму. Лілія Міхайлаўна кожную раніцу пераступае парог класа з прыветнай усмешкай. І малыя туляцца да яе, прыно­сяць у падарунак свае малюнкі, імкнуцца пачаставаць прысмакамі. А Лілія Міхайлаўна шукае індывідуальны падыход да кожнага, цярпліва вучыць найперш правільным паводзінам, імкнецца прывіць любоў да кнігі.

У дзяцінстве яна марыла ­стаць медыкам. Сяброўка ўгаварыла паступаць у педвучылішча. Па размеркаванні накіроўвалі на радзіму, у Браслаўскі раён. Папрасілася ў Пастаўскі, бо тут ужо працаваў будучы муж.

— Маім першым месцам работы была Апідамская васьмігодка, — расказвала Лілія Цішаловіч. — З настальгіяй успамінаю той час. З якой вялікай павагай вяскоўцы адносіліся да настаўнікаў, у тым ліку да мяне, маладзенькай! Мужчыны, вітаючыся, здымалі шапкі. Цеплынёй ахінулі ў калектыве. Я збіралася замуж і па ўсіх пытаннях раілася са старэйшымі калегамі Элеанорай Са­вельеўнай, Таццянай Арсень­еўнай. Мама жыла ў Браслаўскім раёне, тады не тое што мабільныя, нават звычайныя тэлефоны былі не ў кожнага. І гэтыя настаўніцы сталі маімі дарадцамі.

Адпрацаваўшы год у сельскай школе, Лілія Цішаловіч уладкавалася ў першую гарадскую. Вядома, была трывога пры падрыхтоўцы да першага ўрока. Але вучні адчулі яе дабрыню і прыкіпелі душой. Той клас і цяпер часта збіраецца разам. Запрашаюць і першую настаўніцу.

— З Францыі прыязджае Вераніка Дзеравянка, з Ізраіля — Коля Сіскевіч — і тады ў нас абавязкова свята, — дзялілася эмоцыямі Лілія Міхайлаўна. — У гэтым класе вучыліся Дзіма Касарэўскі, Саша Кірэй, Паша Шылей, Оля Крукоўская. Ганаруся імі ўсімі і заўсёды рада сустрэчы. Многія, закончыўшы школу, змянілі месца жыхарства. Але калі нават праездам бываюць у Паставах, заглядваюць да мяне хоць на хвілінку. А як сілкуе перапіска праз сацыяльныя сеткі! Я вельмі люблю дзетак, і гэта дапамагае пераадольваць цяжкасці, якіх у працы настаўніка нямала. Але радасці ўсё ж больш. Пераступаеш парог школы — а хлопчыкі і дзяўчынкі бягуць насустрач, абдымаюць, гатовы цалаваць. Або часам іду па вуліцы, сустракаю сваіх «першаклашак», якія вучацца ў старэйшых класах ці даўно закончылі школу, — і зноў абдымкі, шчырыя словы, успаміны.

Але каб так было, якім цярпеннем, вытрымкай трэба валодаць: не павысіць голас, тлумачачы новы матэрыял або ўшчуваючы за дрэнныя паводзіны. Лілія Міхайлаўна вучыць дзетак не толькі чытаць, пісаць, лічыць, але і з павагай адносіцца адно да аднаго, умець саступіць і дараваць, быць сумленнымі, трымаць дадзенае слова, ніколі не парушаць абяцанне, быць міласэрнымі. У настаўніцы спалучаюцца дабрыня і патрабаваль­насць, спагада і справядлі­васць. І вучні гэта адчуваюць. У класе да месца дзелавы тон, трапны жарт, шчырая і даверлівая размова. Нярэдка яе выпускнікі, будучы ў старэйшых класах, заглядваюць, каб падзяліцца радасцю, абмеркаваць праблемы, параіцца.

Дзякуючы педагагічнаму таленту, прафесійнаму майстэрству, адказнасці, чуласці, клапатлівасці, Лілія Міхайлаўна ўмее аб’яднаць вакол сябе не толькі вучняў, але і бацькоў, з якімі наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Настаўніцу часта называюць другой мамай: яна ахінае пяшчотай гаманлівых малых і дапамагае ім стаць сапраўднымі школьнікамі.

А мару жанчыны пра медыцыну ажыццявіў сын Сяргей. Ён — урач-траўматолаг. Жыве і працуе ў Віцебску. Нявестка — урач-анколаг. Радуе трохгадовы ўнучок. У Ліліі Міхайлаўны клапатлівы муж. Іх сям’я — узор для іншых.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Праздник улыбок и встречи со школой. День знаний прошел в школах Поставщины
207 юношей и девушек стали первокурсниками Поставского государственного колледжа
«Клуб программистов» в РЦДМ научит создавать сайты и мобильные приложения



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.