В отделении дневного пребывания для граждан пожилого возраста ТЦСОН прошел семинар «Обучение женщин основам агробизнеса»

Общество

Агароднікаў падтрымае «Кока-кола»

У мінулую нядзелю на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў семінар «Навучанне жанчын асновам аграбізнесу».

Гэты дабрачынны праект рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам, камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама пры фінансавай падтрымцы фонду кампаніі «Кока-кола», партнёраў з Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва таварыства з дадатковай адказнасцю «Бізнес-развіццё», Пастаўскага ТЦСАН. На семінар сабраліся як гаспадыні немалых прысядзібных участкаў, так і тыя, хто вырошчвае агародніну на некалькіх сотках. Аб’ядноўвала прысутных любоў да зямлі, імкненне мець ад яе аддачу.

Заняткі вядзе Юлія Капцэвіч

Заняткі праводзілі каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч, дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва ТДА «Бізнес-развіццё» Вольга Гарбаценка і кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры эканомікі і кіравання Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, эксперт у галіне арганічнага земляробства Анатолій Спрынчак. Яны падрабязна расказалі пра мэты праекта, механізмы яго рэалізацыі, вынікі, якіх можа дасягнуць кожная ўдзельніца. Бізнес-трэнеры правялі карысныя трэнінгі, падчас якіх вучылі прысутных асновам аграбізнесу, прадукцыйнаму выкарыстанню зямельных участкаў для атрымання дадатковага даходу сям’і, прапаноўвалі разгледзець у будучым адкрыццё малога бізнесу, арганізаваць сельскі турызм. Цікава было паслухаць і пра дзейнасць Беларускага дзіцячага фонду.

— На Віцебшчыне праект стартаваў два гады таму ў Аршанскім раёне, — расказвала Юлія Капцэвіч. — За гэты час каля 600 жанчын Аршаншчыны прынялі ў ім удзел. Падчас заняткаў не толькі слухалі лекцыі, чэрпалі веды па аграбізнесе, фінансавай дасведчанасці, маркетынгу, кааперацыі, але і знаёміліся з работай фермераў, кааператываў, вывучалі іх вопыт вырошчвання агародніны. Эксперыментавалі на сваіх агародах. Многія, прымяніўшы атрыманыя веды на практыцы, вырасцілі добры ўраджай, лішкі прадукцыі рэалізавалі і папоўнілі сямейны бюджэт. Пазней 20 жанчын звярнуліся ў мясцовыя органы ўлады з просьбай зарэгістраваць падсобную гаспадарку. Дзве гаспадыні пры падтрымцы практычнай лабараторыі Аршанскага ТЦСАН адкрываюць свой малы бізнес. Абагульняючы вопыт аршанак, мы вырашылі расшырыць геаграфію праекта: аднадзённыя семінары ўжо правялі ў Багушэўску, Дуброўне, Талачыне. На чарзе — Шаркаўшчына, Глыбокае, Докшыцы.

Праект не абмяжоўваецца толькі вучобай. Плануецца, што ў будучым самых актыўных удзельніц запросяць на двухдзённыя выязныя семінары. На бясплатнай аснове можна будзе атрымаць насенне, удабрэнні, сродкі аховы раслін, абсталяванне для ажыццяўлення сельскагаспадарчай дзейнасці. Практычная работа будзе весціся пры падтрымцы вопытных куратараў — аграномаў, экспертаў, якія пракансультуюць па любым пытанні вырошчвання якаснага ўра­джаю, пры неабходнасці выедуць на ўчасткі.

— Сёння вялікая ўвага надаецца занятасці насельніцтва, развіццю ў жыхароў сельскай мясцовасці эканамічнай актыўнасці, — працягвала Юлія Капцэвіч. — Актуальнасць праекта заключаецца ў тым, каб дапамагчы ім асвоіць сакрэты арганічнага земляробства і навучыць зарабляць грошы на ўласным агародзе. Для Беларускага дзіцячага фонду важна матываваць жанчын, якія выхоўваюць дзяцей, аказваюцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, часова не занятых у эканоміцы, на больш актыўнае і рацыянальнае выкарыстанне свайго часу і рэсурсаў зямлі, рэалізацыю камерцыйных задум.

Падчас семінара назірала за яго ­ўдзельнікамі: слухалі ўважліва, многія рабілі для сябе паметкі ў блакноце. А потым дзяліліся ўражаннямі.

— За плячыма цэлае жыццё. Здавалася, ведаю ўсё. Асабліва што датычыць вырошчвання агародніны. А тут пачула шмат новага і карыснага.

— Жывём у Юньках. У нас вялікі прысядзібны ўчастак. Думаем ­стаць пастаяннымі ўдзельнікамі такіх семінараў і прэтэндэнтамі на атрыманне насення, удабрэнняў.

— На маіх дзвюх сотках камерцыйнага размаху не будзе. Але тое-сёе з пачутага паспрабую прымяніць на практыцы.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В районном исполнительном комитете состоялось общее собрание работников Поставского ТЦСОН
Натуральные продукты. В микрорайоне строителей открылся новый магазин ОАО «Новоселки-Лучай»
Долгожительница Елена Урбанович из г.п. Лынтупы отметила 100-летний юбилей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.