Заведующая детсадом №2 «Солнышко» Наталья Рутковская пришла в профессию подростком

Важное Образование

Прыйшла ў прафесію падлеткам

Наталля Руткоўская 30 гадоў працуе ў сістэме дашкольнай адукацыі. 10 з іх займае пасаду загадчыцы дзіцячага сада №2 у райцэнтры. Некалі маленькай дзяўчынкай яна сама наведвала гэту ўстанову. І цяпер, праз гады, з цеплынёй успамінае сваю выхавальніцу Людмілу Аляксандраўну Балотнікаву.

— Вялікі ўплыў на мяне аказала і першая настаўніца Ядвіга Маісееўна Дунец, — гаварыла Наталля Аляксееўна. — Я настолькі ёй захаплялася, што і сама захацела працаваць у пачатковай школе. Вучыць малых было маёй марай, таму пасля заканчэння СШ №1 падала дакументы на адпаведны факультэт. Аднак конкурс у той год быў вельмі вялікім, і пасля першага экзамена я зразумела, што шансаў на паступленне мала. На шчасце, якраз быў недахоп кадраў у сістэме дашкольнай адукацыі, таму ўладкавалася выхавальніцай у дзіцячы садок «Калабок» у мікрараёне будаўнікоў.

На той час Наталлі Руткоўскай было ўсяго 16 гадоў. Аднак у яе так гарэлі вочы, так хацелася працаваць з дзецьмі, што ёй далі магчымасць сябе праявіць. Працаваць там было камфортна. Найперш дзякуючы добразычліваму стаўленню калег, прафесійнай падтрымцы метадыста аддзела адукацыі Валянціны Мікалаеўны Галінскай.

Пасля двух гадоў работы ў «Калабку» маладая выхавальніца паступіла ў Полацкі педагагічны каледж, які скончыла з чырвоным дыпломам. Пазней стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

Пасаду кіраўніка Наталля Руткоўская заняла ў 2007 годзе. Спачатку стала загадчыцай садка, у якім пачынала прафесійны шлях, затым непрацяглы час узначальвала калектывы дашкольных устаноў у Хацілах і Груздаве. З 2010-га працуе загадчыцай дзіцячага садка №2 «Сонейка». У яе падначаленні 32 чалавекі.

— Для мяне як кіраўніка важна, каб у калектыве была сяброўская атмасфера, — адзначыла загадчыца. — У нас шмат педагогаў з вялікім стажам, і адна з галоўных задач — перадаць іх вопыт моладзі. Сёлета на сваё першае рабочае месца прыйшлі дзве выпускніцы Полацкага педкаледжа. Ведаю, як важна на старце ў прафесію падтрымка калег, таму будзем дзяліцца з дзяўчатамі сакрэтамі сваёй працы.


Кожную раніцу іду ў дзіцячы садок з добрым настроем і жаданнем працаваць. Дзеці, якія сустракаюць мяне сваімі ўсмешкамі, натхняюць на гэта яшчэ больш.

Наталля Руткоўская


Усе бацькі, якія прыводзяць дзяцей у садок, заўважаюць наколькі прыгажэйшай і добраўпарадкаванай становіцца з часам яго тэрыторыя.

— Я па натуры гаспадарнік, — гаварыла загадчыца. — Уся агароджаная тэрыторыя садка — маё «царства». І хочацца, каб у гэтым «царстве» для дзяцей былі створаны зручныя, камфортныя і бяспечныя ўмовы. Дзякуючы бюджэтным сродкам, летась змаглі заасфальтаваць частку ўчастка, памянялі вокны і дзверы. За сродкі пазабюджэтнай дзейнасці і папячыцельскага савета ўстанавілі вялікую альтанку. Добраўпарадкоўваць дзіцячы садок і яго тэрыторыю дапамагаюць бацькі выхаванцаў, актыўныя работнікі садка і члены іх сем’яў.

Наталля Аляксееўна пераканана, што пры жаданні можна выра­шыць любую праблему. Сваім дэвізам па жыцці яна лічыць словы паэта Эдуарда Асадава: «В любых делах, при максимуме сложностей/ Подход к проблеме всё-таки один:/ Желанье — это множество возможностей,/ А нежеланье — максимум причин».

У размове з загадчыцай адчуваецца яе мудрасць, разважлівасць, прафесіяналізм.

— Для мяне, як і для многіх лю­дзей, узор мудрасці, чалавечнасці, дабрыні — мама, — кажа Наталля Руткоўская. — Яна 40 гадоў адпрацавала галоўным бухгалтарам у раённым аддзеле адукацыі. Мамы не стала, калі мне было 33, але яе ўрокі — на ўсё жыццё. У прафесіі выдатным настаўнікам з’яўляецца вопыт. За 13 гадоў на пасадзе кіраўніка даводзілася шукаць выйсце з розных сітуацый. Аднак цяжкасці загартоўваюць. Нягледзячы на іх, я вельмі люблю сваю работу.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
«Клуб программистов» в РЦДМ научит создавать сайты и мобильные приложения
Учительница начальных классов Лилия Тишалович в 10-й раз приняла под свое крыло первоклассников
Могут решить любую задачу. В Андроновской ЯССШ работают 11 креативных педагогов



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.