Заведующий Лынтупской участковой ветлечебницей Александр Чернов — ветеринар с золотыми руками

Сельское хозяйство

У апошні дзень верасня загадчык Лынтупскай участковай ветлячэбніцы Аляксандр Чарноў з раніцы затрымаўся ў кабінеце — чакаў гасцей з нагоды свайго юбілейнага дня нараджэння.

 Павіншаваць імянінніка і ўручыць Ганаровыя граматы ад раённага выканаўчага камітэта, кіраўніцтва райветстанцыі, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прыехалі галоўны ветэрынарны ўрач раёна Андрэй Масцяніца, казначэй прафсаюзнай арганізацыі райветстанцыі Ала Семянас і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў.

— Аляксандр Уладзіміравіч — адзін з найвопытнейшых ветурачоў раёна, — гаварыў Андрэй Масцяніца. — У прафесію прыйшоў, можна сказаць, выпадкова, але за гады работы даказаў, што спецыялістамі не нараджаюцца, імі становяцца. І ён стаў ветэрынарам з залатымі рукамі, якога вызначаюць прафесіяналізм, кампетэнтнасць, адказнасць.

Нарадзіўся Аляксандр у Вільнюсе. Бацькі — беларусы: маці з Дуброўна, бацька з Віцебска. У свой час выехалі ў Літву і там засталіся.

— Мама нярэдка жартавала, што ў Віцебскі ветэрынарны інстытут мяне прывяла любоў да матылькоў, — расказваў імяніннік. — Я — карэнны гараджанін, а выбраў сельскую прафесію. І ніколі пра гэта не пашкадаваў. Падчас вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яна родам з Лынтуп. Па размеркаванні трапілі ў Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці. Нарадзіліся дзве дачкі і сын. Цешча і цесць прапанавалі перабрацца ў Лынтупы, каб яны маглі дапамагаць нам выхоўваць дзяцей.

На Лынтупшчыне Аляксандр Чарноў з 1985 года. Спачатку працаваў ветурачом у былым саўгасе імя Леніна. Кіраўніцтва заўважыла яго акуратнасць, прынцыповасць, мэтанакіраванасць і праз пэўны час назначыла галоўным ветурачом. У 1998-м узначаліў мясцовую ветлячэбніцу.

Сёння ў яго падпарадкаванні два ветурачы — Віктар Вяршыла і Лідзія Грэська. Нагрузка на кожным немалая. Яны адказныя за грамадскае пагалоўе на фермах ААТ «Янавіца-агра», «Камайскі-агра» і ў прыватным сектары.

Галоўным у сваёй рабоце Аляксандр Чарноў лічыць захаванне бяспечнай эпізаатычнай абстаноўкі, дыягностыку і прафілактыку захворванняў. На яго кантролі — вакцынацыя, сезонная апрацоўка жывёлы, выкананне зоагігіенічных і ветэрынарных правіл пры ўтрыманні, кармленні, доглядзе жывёлы, якая знахо­дзіцца на лячэнні. Пагалоўе на падвор’ях вяскоўцаў у апошнія гады значна скарацілася. А бывала, сям’я трымала па некалькі кароў, свіней, авечак. Ветурача могуць выклікаць у любы час сутак, таму здараюцца  бяссоныя ночы.

Цяпер, акрамя работы на фермах гаспадарак, А. Чарноў аказвае дапамогу хатнім гадаванцам — катам, сабакам. Самае складанае — правільна паставіць дыягназ і назначыць адпаведнае лячэнне. Жывёла не чалавек, яна не раскажа, дзе ёй баліць. Што занядужала цяля або карова, можна вызначыць па знешнім выглядзе і паводзінах: прыгнечанасць, адмова ад корму. Часам лякарства дапамагае не адразу, прыхо­дзіцца мя­няць прэпарат. Затое як прыемна бачыць станоўчы вынік лячэння!

Найбольш напружаны перыяд — стойлавы. У гэты час больш ацёлаў, каровы і цяляты часцей хварэюць. Летам на кругласутачным утрыманні жывёла аздараўліваецца дзякуючы сонцу, свежаму паветру, сакавітай траве.

Спецыялісты з раёна з задавальненнем расказвалі пра прафесіяналізм Аляксандра Чарнова. А сам імяніннік перыядычна прымаў віншаванні па тэлефоне, у тым ліку ад роднай сястры, якая больш за 20 гадоў жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, мамы, якой з мая пайшоў 86-ы год. Аляксандра засмучае, што закрыліся граніцы і няма магчымасці паехаць у Літву, каб праведаць маму. Сястра з Амерыкі сёлета таксама не прыязджала.

За віншавальнымі званкамі паступіў трывожны: адна з кароў, якія пасвіліся ў полі, не магла самастойна расцяліцца. Святочны настрой ветурача змяніўся заклапочанасцю, і ён неадкладна паспяшаўся на выклік.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
3 механизатора нашего района получили в подарок сертификаты от профсоюза работников «Белтелекома»
В субботу Витебск принимал главный праздник аграриев — областной фестиваль-ярмарку «Дожинки-2020»
Что покупали поставчане в воскресенье на сельскохозяйственной ярмарке?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.