15-минутные занятия с элементами йоги существенно улучшают настроение и самочувствие, а самое главное — повышают иммунитет

Главное Здравоохранение Спорт

Апошнім часам многія з нас, затаіўшы дыханне, сочаць за сумнымі навінамі пра імклівае распаўсюджванне каранавіруса. А супрацоўнікі Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва затойваюць дыханне, калі… займаюцца спецыяльнай гімнастыкай для лёгкіх. Яны сцвярджаюць: 15-хвілінныя заняткі з элементамі ёгі істотна паляпшаюць настрой і самаадчуванне, адганяюць негатыўныя думкі, а самае галоўнае — умацоўваюць імунітэт. Карэспандэнт «ПК» адправілася ў цэнтр, каб праверыць, ці так гэта на самай справе.

…З трэнажорнай залы на трэцім паверсе адміністрацыйнага будынка даносяцца гукі спакойнай, рэлаксуючай музыкі. У 11.30 туды пачынаюць падыходзіць загадчыкі аддзяленняў, бухгалтары і іншыя супрацоўнікі цэнтра. Сярод іх заўважаю і кіраўніцтва ТЦСАН — дырэктара Марыю Ракоўскую і яе намесніка Вольгу Антух. Яны коратка знаё­мяць з новай ініцыятывай. Яе сэнс заключаецца ў тым, каб даць калектыву магчымасць ненадоўга адпачыць, размяцца, максімальна эфектыўна для здароўя выкарыстаць час, калі ва ўстанове ідзе праветрыванне кабінетаў.

Заняткі па дыхальнай гімнастыцы з супрацоўнікамі ТЦСАН праводзіць Святлана Громава

Ідэальны варыянт для такога перапынку — дыхальная гімнастыка. Гэта даўно правераны спосаб палепшыць вентыляцыю лёгкіх і павысіць дастаўку кіслароду ў арганізм, што ў сваю чаргу станоўча адбіваецца на рабоце мозга і іншых органаў.

— Наведваць заняткі па дыхальнай гімнастыцы мы пачалі яшчэ два тыдні назад, — расказвала Вольга Антух. — Раней я пра яе мала што ведала, таму аднеслася да заняткаў з вялікім інтарэсам. Папярэдне інструктар запэўніла, што выконваць практыкаванні нескладана. Так і аказалася на справе. Важна, што ўсё можна лёгка паўтарыць у хатніх умовах і такім чынам прыносіць карысць свайму здароўю. Яшчэ адзін вялікі плюс — для заняткаў не патрабуецца ніякае спартыўнае абсталяванне і нават спартыўнае адзенне. Кожны раз прыходжу ў залу ў добрым настроі і ў такім жа вяртаюся ў кабінет. Ведаю, што ў калег аналагічныя эмоцыі.

Заняткі праводзіць супрацоўніца ТЦСАН Святлана Громава. З ёгай яна пасябравала даўно — яшчэ падчас вучобы ў Віцебскім педінстытуце. Прыйшла ў кнігарню — і рука сама пацягнулася да паліцы са спецыяльнай літаратурай па гэтай тэме. Адчуўшы на сабе, наколькі гэта здорава і здарова, праз некаторы час вырашыла дзяліцца сваімі ведамі і вопытам з пастаўчанамі.

Святлана Громава право­дзіць не толькі размінку з супрацоўнікамі ТЦСАН, але і паўнавартасныя заняткі па ёзе для жыхароў райцэнтра. Яны праходзяць па вечарах у гэтым жа памяшканні тэрытарыяльнага цэнтра (яно, дарэчы, заўжды добра праветрываецца). Ёгу асабліва любяць наведваць мамы, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску. Прычым дзяцей яны могуць браць з сабой: побач з залай абсталяваны дзіцячы пакой, дзе малыя маюць магчымасць цікава бавіць час.

— Усе працэсы жыццядзейнасці чалавека пабудаваны на свабодным доступе кіслароду. Калі яго не хапае, арганізм адчувае моцны стрэс, — гаварыла Святлана Громава пасля завяршэння размінкі. — Папярэдзіць праблему дапамагаюць разнастайныя аднаўленчыя ўсходнія практыкі, якія з распаўсюджваннем каранавіруса сталі яшчэ больш папулярнымі ў свеце.

Усе тэхнікі, якія я паказваю, скіраваныя на правільнае дыханне і максімальнае насычэнне арганізма кіслародам, павышэнне імунітэту. Рытмічнае дыханне, актыўныя і пасіўныя практыкаванні станоўча ўздзейнічаюць на апорна-рухальны апарат, нервовую сістэму, кровазварот і інш. У выніку паляпшаецца настрой, павышаецца працаздольнасць.

Пульманолагі падкрэсліва­юць, што выкананне спецыяльных практыкаванняў для лёгкіх — адзін з найлепшых спосабаў дапамагчы свайму арганізму справіцца з каранавірусам і аднавіцца пасля яго. Для кожнага чалавека з улікам стану здароўя можна падабраць дыхальныя комплексы, якія палепшаць функцыянаванне бронхалёгачнай сістэмы, будуць садзейнічаць хутчэйшай папраўцы. Аднак іх абавязкова ўзгадняць з урачом — у такой гімнастыкі таксама ёсць супрацьпаказанні.

Іна Сняжкова.  Фота аўтара



Читайте также:

Как не поддаться панике во время пандемии СОVID-19? Советы психолога
На переднем краю обороны работают врачи-терапевты поликлиники Поставской ЦРБ
Профилактика коронавирусной инфекции в торговых объектах Поставщины

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.