Універсітэтамі былі вопыт і веды старэйшых
Яўгенія Бяліцкая свой юбілейны дзень нараджэння святкавала ў вузкім коле: прыехалі дачка з зяцем, унукі, праўнучка. За тэлефоннымі званкамі не мела часу спакойна пасядзець за сталом, паразмаўляць з роднымі. Свята прадоўжылася і на наступны дзень — віншаванні прымала ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава і старшыні ветэранскай арганізацыі Ганны Літвіновіч.

— Гэта ж столькі мы разам адпрацавалі! — не стрымлівала эмоцый юбілярка. — Аляксеевіч быў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі па жывёлагадоўлі, я — намеснікам па эканоміцы, Францаўна ўзначальвала арганізацыйна-кадравы аддзел. Час быў нялёгкі, але плённы і вясёлы, насычаны рознымі падзеямі.
Радзіма Яўгеніі Бяліцкай — Рамелькі. Адразу пасля школы «выскачыла» замуж. Паступіла на завочнае аддзяленне Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута. Працоўную біяграфію пачала ў мясцовым калгасе «Слава». Спачатку хадзіла на розныя работы. Затым прынялі касірам, дарасла да эканаміста. Пасля трэцяга курса была вымушана ўзяць акадэмічны водпуск, бо нарадзілася дачушка. І сёння з удзячнасцю ўспамінае старшыню калгаса Валерыя Прыходзьку. У яго навучылася як рабоце з лічбамі, так і жыццёвай мудрасці.
Ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама прыйшла ў 1977 годзе. Спачатку была галоўным эканамістам па працы і зарплаце і амаль 20 гадоў — намеснікам начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы. З’яўлялася намеснікам старшыні партарганізацыі і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі ўпраўлення. Да выканання як службовых, так і грамадскіх абавязкаў падыходзіла адказна. Пра высокую ацэнку яе работы сведчаць шматлікія ўзнагароды — Ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Віцебскага аблвыканкама, райвыканкама.
— Маімі ўніверсітэтамі былі вопыт і веды людзей старэйшага пакалення, — гаварыла Яўгенія Бяліцкая. — Ад іх па крупінках збірала мудрасць у свой жыццёвы заплечнік. Заўсёды старалася быць сумленнай і справядлівай. Мне пашчасціла працаваць з такімі прыстойнымі начальнікамі ўпраўлення, як Уладзімір Мацук, Эдуард Ляшковіч, Мікалай Горлач, намеснікамі — Пятром Розынкам, Аляксеем Філімонавым, Бярнардам Турлам. Кампетэнтнымі галоўнымі бухгалтарамі былі Іван Асяненка, Ганна Чэпік. Шмат залежала ў маёй рабоце ад эканамістаў і бухгалтараў гаспадарак раёна. Адказна выконвалі свае абавязкі Тамара Бароўка з Кураполля, Глафіра Собаль з Хаціл, Ірына Казлоўская з Навасёлак, Наталля Балаш з Лынтуп, Любоў Морнева з Янчукоў, Ірына Куцуха з Цешалава, Франц Вайцякян з Вярэнек, Вільгельма Гембіцкая з Камай. Знайшла ўзаемаразуменне і з маладымі: Ганнай Шубелькай з ААТ «Хацілы-агра», Людмілай Лакоткай з ААТ «Кураполле-агра», Ганнай Цяляк, Таццянай Андрэевай з упраўлення і іншымі.
На заслужаны адпачынак Яўгенія Бяліцкая пайшла ў 65 гадоў. Сумаваць па рабоце не давала праўнучка Валерыя, выхаваннем якой займалася.
— Дзеці, унукі — маё шчасце, — дзялілася Сцяпанаўна. — А Лерачка — асаблівая радасць. З-за напружанай работы мала часу прысвячала дачцэ. Нярэдка прыходзілася затрымлівацца дапазна падчас праверак, справаздач, розных сходаў. У выхадныя пастаянна ездзілі ў падшэфныя гаспадаркі на ўборку лёну, буракоў, капусты, на корманарыхтоўку. Хатняй гаспадаркай больш займаўся муж. Мала часу мела і на ўнукаў. Затое цяпер займаюся ўсім, чым пажадаю. Да пачатку пандэміі актыўна наведвала басейн. Цяпер грамадскіх месцаў стараюся пазбягаць. Шмат чытаю, гляджу тэлеперадачы, убачанае і пачутае абмяркоўваю са знаёмымі па тэлефоне. Прыемна, калі запрашаюць на раённыя святы, дзе сустракаюся з былымі калегамі. Удзячная ўсім, хто павіншаваў з юбілеем.
Яўгенія Сцяпанаўна — выдатны кулінар і повар. Любіць гатаваць розныя стравы. Гасцей частавала фірменным пловам і пірагом.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
Как прошло открытие отопительного сезона в Поставском районе?
Неравнодушные ко всему. Активные старейшины Юньковского сельсовета — главные помощники председателя
За полтора года семья Гончаровых превратила заброшенную школу в Ширках в уютную усадьбу для проведения мероприятий