На мінулым тыдні ў Паставах адкрыўся цэнтр рытуальных паслуг «Век». Ён размясціўся па вуліцы Кастрычніцкай, 62«А», дзе раней знаходзілася мясцовае тэлебачанне. Ініцыятыва належыць індывідуальным прадпрымальнікам з Варапаева Наталлі і Аляксандру Галяшам.
Аказваць рытуальныя паслугі яны пачалі пяць гадоў назад. Спачатку адкрылі магазін у гарпасёлку, потым аналагічныя з’явіліся ў Мёрах і Глыбокім. У Паставах Аляксандр і Наталля пайшлі далей — арандавалі памяшканне ў аператара мабільнай сувязі А1, дзе абсталявалі магазін і развітальную залу з асобнымі ўваходамі.

— Ведаем, што рытуальная зала пры касцёле карыстаецца папулярнасцю, але адпяваць памерлага бацюшка туды не ходзіць, — расказвала пра ўзнікненне ідэі Наталля Галяш. — Наша зала будзе ўніверсальнай — для прадстаўнікоў розных канфесій. У памяшканні ёсць падстаўка пад труну, падсвечнікі, стол для пеўчых, 25 пасадачных месцаў для родных і знаёмых памерлага. Ёсць кандыцыянер. Магчыма, набудзем халадзільнік на 2 месцы.

Побач абуладкаваны пакой для адпачынку. Ёсць умывальнік, стол, крэслы. Тут можна пасядзець у цішыні, выпіць кавы альбо чаю. Напіткамі забяспечваюць гаспадары. Магазін размясціўся ў трох пакоях. У ім прадаюць адзенне, абутак, бялізну, крыжы, лампадкі, асвечаныя ў манастыры свечкі. Ёсць шырокі выбар пакрывал, насовак, іконак, ручнікоў і іншых неабходных рэчаў. Сарыентавацца ў асартыменце дапаможа прадавец.
— Труны вырабляем самі, — працягвае расказваць гаспадыня. — Цана залежыць ад тканіны і аддзелкі. Самая танная каштуе 80 рублёў, дарагая — 380 (лакіраваная). Вянкі таксама пляцём самі, выбар вялікі. Ёсць нават з лікам Божай Маці. Такія карыстаюцца попытам у католікаў.
— Працуем кругласутачна і па ўсім раёне, — уключаецца ў размову гаспадар. — Маем машыны, некалькі брыгад капачоў. Таксама можам абмыць памерлага з выездам дадому, прыгатаваць памінальны стол. А летам займаемся добраўпарадкаваннем могілак: устанаўліваем помнікі, агароджы, лаўкі, у тым ліку ў суседніх раёнах.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Поставский ТЦСОН оказывает разовые срочные услуги инвалидам и людям нетрудоспособного возраста
Жительница Юнек Наталья Жигалко всего за сутки «выращивает» цветы. Спросите как? Из зефира.
На спортивно-туристическом комплексе «Озерки» появится новая экологическая дорожка вдоль озера Белое