Детская школа искусств им. А.Ромера отметила 40-летний юбилей

Главное Культура

Юбілейная палітра

Так ёмка называўся тэматычны вечар, прысвечаны 40-гадоваму юбілею Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера. Ён адбыўся 30 кастрычніка ў Доме рамёстваў «Стары млын» і запомніцца яго ўдзельнікам натхнёна-творчай атмасферай, якую могуць стварыць вакол сябе толькі людзі мастацтва.

Усе, хто пераступаў у той дзень парог першай выставачнай залы Дома рамёстваў, нібы трапляў у мастацкую галерэю. Работы вучняў школы мастацтваў, выкананыя ў розных тэхніках, упрыгожылі не толькі сцены, але і калоны ў памяшканні. Удалае суседства акварэлі, графікі, нацюрмортаў, гравюр, вітражоў дазволіла «загу­чаць» колеравай гаме ў поўную сілу, стварыць адпаведны настрой. «Выбух радасці», — падслухала ўражанні аднаго з прысутных. Такі ж калейдаскоп фантазіі і натхнення панаваў і ў малой зале, дзе размясціліся работы выкладчыкаў школы. Мне здаецца, што аўтараў карцін з лёгкасцю можна было б вызначыць, нават калі б яны былі непадпісаныя. Кожная работа адлюстроўвае непаўторны ўнутраны свет асобнага выкладчыка, раскрывае яго характар, прымушае бачыць сэрцам, бо толькі з яго дапамогай, як сцвярджаў Экзюперы, і магчыма разгледзець галоўнае.

Настаўнік Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў А. Ромера Ганна Дрэлінская перадае вучням сакрэты мастацтва

Перадаваць сваё адчуванне свету з дапамогай выяўленчага мастацтва і вучаць дзяцей настаўнікі «художкі» ўжо на працягу 40 гадоў. Зараз тут у асноўнай групе займаюцца 125 дзяцей, а ў падрыхтоўчай — 70. Выпускнікамі школы сталі 585 чалавек, 67 з іх выбралі мастацтва сваёй прафесіяй.

А пачыналася ўсё з 54 вучняў, для якіх у 1980 годзе дзверы ў таямнічы свет мастацтва прыадчынілі настаўнікі Алена Лоўчык і Іосіф Атрахімовіч на чале з дырэктарам Ірынай Ілюхінай. Праз чатыры гады на гэтай пасадзе яе змяніла Ніна Бардзеева. Апошнія 22 гады ўстанову ўзначальвае Жанна Курдо. Візітная картачка школы — якасная мастацкая адукацыя акадэмічнага напрамку. Пра што яскрава сведчаць незлічоныя поспехі вучняў.

Тое, у якой творчай і ўтульнай атмасферы адбываецца навучанне і якой яркай вясёлкай на небасхіле раёна з’яўляецца мастацкая школа, засведчыў тэматычны вечар з паэтычнай назвай «Юбілейная палітра». Гэты сімвал мастацкай творчасці і стаў правадніком сустрэчы, а з яго базавымі колерамі атаясамліваліся дзеючыя асобы.

Самы насычаны — чырвоны — прадстаўлялі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік па сацыяльных пытаннях Станіслаў Чымбург і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская. Яны не скупіліся на шчырыя словы ў адрас юбіляраў, падкрэслівалі ўнікальнасць настаўнікаў і іх вучняў.

— Не магу назваць сябе знатаком мастацтва, аднак работы настаўнікаў і вучняў выклікалі ў мяне моцнае ўражанне, — прызнаўся кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. — Упэўнены, што яны нясуць радасць і іншым. Дзякую настаўнікам, якія так умела раскрываюць таленты дзяцей, вучаць іх бачыць і разумець прыгажосць. Няхай фарбы на вашых палотнах і палотнах вашых вучняў ніколі не згушчаюцца, а, наадварот, дазваляюць лю­дзям бачыць свет у больш яркіх танах.

Сяргей Васільевіч паабяцаў усебакова падтрымліваць школу мастацтваў і ў пацвярджэнне сваіх слоў уручыў дырэктару ўстановы сертыфікат на тысячу рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на набыццё мальбертаў.

Яркі аранжавы колер выдатна пасаваў дырэктару школы Жанне Курдо, творчы і энергічны жоўты — настаўнікам Іосіфу Атрахімовічу, Ганне Дрэлінскай, Марыне Скіндар, Марыне Баразне, Юліі Маісеевай і Уладзіміру Макараву. У зялёны — гарманічны — мастакі «пафарбавалі» калег з устаноў культуры раёна, у спакойны сіні — бацькоў сваіх вучняў. Паветраны і лёгкі блакітны дастаўся выпускнікам, загадкавы фіялетавы — цяперашнім вучням. І ў кожнага знайшліся цёплыя словы ў адрас школы і яе настаўнікаў. Вечар быў шчодры на віншванні, сюрпрызы, падарункі, у тым ліку творчыя і салодкія. Менавіта такі зрабіў юбілярам народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя», калі напрыканцы свайго выступлення ўручыў дырэктару школы шыкоўны торт, які ўпрыгожвалі ядомыя пэндзлі і палітра.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Благодаря Анне Вырвич и Тамаре Масловской гутчане живут насыщенной культурной жизнью
Редакция районной газеты «Поставский край» — один из победителей республиканского конкурса
Участники клуба национальной кухни, игры и обряда «Традиция» показали, как готовить «Вясельнага парсючка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.