«Главное — любить то, чем занимаешься». Руководитель фермерского хозяйства «Золотая овца» Наталья Бейнер

Важное Сельское хозяйство

Галоўнае – любіць тое, чым займаешся

Наталля Бейнер з вёскі Дварчаны Камайскага сельсавета не па чутках ведае ўсе тонкасці сялянскага жыцця: з дзяцінства прывучана да працы на зямлі. Сёння яна — кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Золотая овца».

Сельскай гаспадаркай сям’я Бейнер займалася заўсёды. Але пастаянна сутыкалася з адной праблемай — не хапала зямлі. Аднак у 2019 годзе, дзякуючы Дзяржаўнай праграме па развіцці аграрнага бізнесу ў нашай краіне, гаспадары атрымалі ў карыстанне 50 гектараў. І работа закіпела…

Найперш купілі некалькі бычкоў і свінак мясных парод, адначасова вывучаючы разнастайныя пароды авечак. Спыніліся на французскай — прэкос. Жывёлы гэтай пароды непатрабавальныя ў доглядзе, маюць устойлівы імунітэт. Для пробы набылі некалькі галоў. Авечкі даюць прыплод два разы на год, таму сёлета атара ўжо значна павялічылася. Каб павысіць прадукцыйнасць, у гэтым годзе купілі яшчэ барана паўднёваафрыканскай пароды дорпер.

Для вядзення вялікай гаспадаркі неабходна шмат сіл і часу. Наталлі Мікалаеўне дапамага­юць у гэтым муж Пётр Браніслававіч і сын, які жыве непадалёк. Каб забяспечыць усю скаціну на зіму кармамі, іх нарыхтоўку пачынаюць ранняй вясной. Араць, культываваць, баранаваць глебу ў сям’і Бейнер могуць не толькі мужчыны. Сама гаспадыня спрытна кіруе сельскагаспадарчай тэхнікай. Але апрацоўка зямлі — не асноўны клопат фермераў. Куды важней не прамарудзіць з сяўбой яравых, вызна­чыць месца пад азімыя культуры, падабраць найбольш ураджайны гатунак бульбы… Гэтыя і іншыя пытанні патрабуюць пэўных агранамічных ведаў. Адначасова даводзіцца быць заатэхнікам, селекцыянерам і ветурачом. Паколькі адпаведнай спецыяльнай адукацыі жанчына не мае, увесь час займаецца самаадукацыяй. Каб ведаць усе нюансы вядзення аграбізнесу, удзельнічае ў разнастайных навучальных семінарах, якія праводзяцца па гэтым напрамку. Напрыклад, у мінулым годзе прысутнічала на круглым стале, арганізаваным у вёсцы Камарова Мядзельскага раёна прадстаўнікамі бізнес-інкубатара (праекта па развіцці сельскага прадпрымальніцтва). Адтуль пачэрпнула шмат карыснага для сябе і налета плануе ўвасобіць у жыццё некаторыя новыя ідэі па развіцці ўласнай справы.

Праца на зямлі і вырошчванне жывёлы — адзін бок развіцця сялянскай (фермерскай) гаспадаркі. Другі — перапрацоўка, захоўванне, транспарціроўка і рэалізацыя прадукцыі. Бейнеры адказна падыходзяць да гэтых працэсаў і выконваюць усе неабходныя патрабаванні да вядзення гаспадаркі. Дакументацыя і рэгулярныя справаздачы — цалкам зона адказнасці гаспадыні.

Нягледзячы на вялікую занятасць, Наталля Мікалаеўна знаходзіць час і на хобі — вырошчванне кветак. У цёплую пару года ў кветніку Бейнераў раскашуюць каля 20 кустоў руж, а дома літаральна кожны куточак застаўлены вазонамі.

Цікаўлюся ў гаспадыні, што для яе галоўнае ў жыцці. І чую ў адказ:

— Сям’я. У нас дзве дачкі, сын і васьмёра ўнукаў. Разам з Пецем мы прыкладваем усе намаганні, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы. Дзеля іх працуем не пакладаючы рук. Але сялянства для нас — гэта стан душы. А калі любіш тое, чым займаешся, жыццё становіцца насычаным і цікавым.

Святлана Шафаровіч. Фота аўтара



Читайте также:
Мария Мартинович: «Это такое счастье просыпаться утром, собираться на работу, быть среди людей»
15 ноября — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности
Районный каравай в этом году увесистый — намолочено почти 60 тысяч тонн зерна



Tagged

1 комментарий по теме “«Главное — любить то, чем занимаешься». Руководитель фермерского хозяйства «Золотая овца» Наталья Бейнер

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.