Каким образом мошенники обчищают банковские счета доверчивых белорусов?

Безопасность Важное

У апошні час тэма кіберзлачынстваў стала адной з галоўных ва ўсіх айчынных сродках масавай інфармацыі. Але, нягледзячы на тое, што з экранаў тэлевізараў, па радыё і ў газетах пастаянна гаворыцца і пішацца, якім чынам махляры абчышчаюць банкаўскія рахункі беларусаў, колькасць пацярпелых ад іх не змяншаецца. І гэта вымушае нас, журналістаў, зноў і зноў звяртацца да названай тэмы. Сёння «ПК» запрасіў да размовы пракурора Пастаўскага раёна Ігара ВАЛЫНЦА.

Ігар Валынец

— Ігар Сямёнавіч, наколькі праблема кіберзлачынстваў актуальная для Пастаўшчыны?

— Вельмі актуальная, як і для ўсёй рэспублікі. У міліцэйскіх зводках ледзь не штодня фігурыруюць факты злачынстваў у ІТ-сферы. Толькі за апошнія два месяцы ў нашым раёне ад кібермахляроў афіцыйна пацярпелі каля 30 чалавек. Гэта грамадзяне, якія звярнуліся ў райаддзел міліцыі з пісьмовымі і вуснымі заявамі пра тое, што трапілі на вудачку зламыснікаў і з іх банкаўскіх рахункаў прапалі грошы. А колькі людзей пакуль не ведаюць, што ў іх укралі кроўна заробленыя, або ведаюць, але не хочуць заяўляць, бо ўкрадзены нязначныя сумы?! У любым выпадку ў маштабах краіны такіх падманутых тысячы.

— Нагадайце, калі ласка, самыя распаўсюджаныя спосабы крадзяжу грошай, якія выкарыстоўваюць махляры.

— Іх тры. Найбольш папулярны — гэта званок на мабільны тэлефон быццам бы супрацоўніка банка. Чалавек, які тэлефануе, агарошвае абанента тым, што да яго карт-рахунка быў ажыццёўлены несанкцыянаваны доступ, і просіць назваць рэквізіты банкаўскай карты. А як толькі атрымлівае іх, адразу здымае ўсе грошы.

Часта махляры ўзломваюць персанальныя старонкі грамадзян у сацыяльных сетках «Одноклассники», «ВКонтакте» і іншых. А затым адпраўляюць ад імя гаспадара акаўнта пісьмовыя паведамленні сябрам з просьбай пералічыць пэўную суму грошай на карту, трымальнікам якой з’яўляецца зламыснік. Даверлівы сябар пераводзіць грошы на ўказаны ў паведамленні рахунак і становіцца ахвярай падману.

Таксама нярэдка злачынцы тэлефануюць прадаўцу тавару па аб’явах на розных інтэрнэт-пляцоўках і выказваюць жаданне набыць рэч за безнаяўны разлік. Пры гэтым прапануюць атрымаць грошы быццам бы праз сайт Белпошты (Беларусбанка, «Куфара», ЕРИП і г.д.) шляхам уводу персанальных даных сваёй банкаўскай картачкі на фішынгавай веб-старонцы гэтага сайта. Вынік здзелкі вядомы: замест таго, каб пералічыць грошы за пакупку, зламыснік абчышчае карт-рахунак прадаўца.

— Што, на ваш погляд, з’яўляецца прычынай такіх крадзяжоў?

— У першую чаргу паспешлівасць і залішняя даверлівасць саміх пацярпелых, якія не падвяргаюць сумненню словы махляроў і адразу выконваюць іх просьбы. Замест таго, каб «узяць паўзу» і праверыць атрыманую інфармацыю. Часта крадзяжам грашовых сродкаў з карт-рахункаў садзейнічае і тое, што людзі пішуць свае ПІН-коды прама на картачках або на паперцы, якую кладуць разам з картай у кашалёк. У выпадку страты карты або кашалька зняць грошы з рахунка прасцей простага.

— Хто найчасцей паддаецца на хітрасць махляроў?

— Як паказвае практыка, у асноўным гэта людзі сярэдніх гадоў. Трэба адзначыць, што ўсе махляры — добрыя псіхолагі. І, здавалася б, псіхалагічна «апрацаваць» прасцей пажылога чалавека. Але тыя даволі рэдка трапляюць на вудачку. Магчыма, таму, што з-за ўзросту ці сваёй прыроднай асцярожнасці не спяшаюцца ра­біць тое, што ім прапануюць. А вось 30-40-гадовыя часта праяўляюць неабачлівасць. І тут не адыгрывае ролі адукацыя чалавека. Класічны прыклад у дадзенай сітуацыі — крадзеж 1 200 рублёў у 30-гадовага спецыяліста, які адносіцца да інжынерна-тэхнічнага персаналу, аднаго з прадпрыемстваў Пастаў.

— Ці проста раскрыць кіберзлачынства і вярнуць украдзеныя грошы?

— Зрабіць гэта надзвычай складана, і сёння на Пастаўшчыне ні адно такое злачынства не раскрыта. Растлумачу чаму. Усе кібермахлярствы здзяйсняюцца асобамі, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем інтэрнэт-сервераў, размешчаных у краінах Заходняй Еўропы, ва Украіне, у Расіі. Адпраўка запытаў за мяжу з мэтай высвет­ліць, з якога сервера адбыўся ўзлом старонкі ў сацсетках або на каго зарэгістраваны нумар, з якога тэлефанаваў махляр, і чаканне адказу на іх — доўгі працэс, ён можа заняць да паўгода. Праз столькі часу ўстана­віць месца знаходжання злачынцы вельмі складана, калі ён мабільны і можа мяняць серверы. У нашым раёне адсутнічаюць спецыялісты такога ўзроўню. Спецпадраздзяленні па барацьбе з кіберзлачыннасцю ёсць толькі ў цэнтральным апараце МУС. Таму сёння робіцца ўпор на прафілактыку.

— Парайце, што трэба рабіць, каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў.

— Парады простыя. Не адказвайце на званкі з незнаёмых нумароў з замежнымі кодамі, а адказаўшы, ні ў якім выпадку не паведамляйце даныя свайго карт-рахунка. Калі чалавек прадстаўляецца супрацоўнікам банка, перазваніце ў банк і ўдакладніце праўдзівасць паведамленай вам інфармацыі, а з абанентам адразу спыніце размову. Памятайце: ні ­адзін банк не папросіць свайго кліента паведаміць персанальныя даныя банкаўскай карты. Не палянуйцеся таксама набраць нумар знаёмага, які просіць дапамогі ў сацыяльных сетках, і ўдакладніць, ці патрэбны яму грошы і ці пісаў ён адпаведнае паведамленне. Калі даяце ў інтэрнэце аб’яву пра продаж тавару або збіраецеся купіць яго, афармляйце толькі электронныя грашовыя пераводы праз афіцыйную Белпошту. Усё гэта дапаможа пазбегнуць непрыемнасцей і захаваць свае грошы.

Гутарыла Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:

Под видом запчастей нарушители пытались переместить через границу легковой и грузовой автомобили
С июня по сентябрь в Поставском районе выявлено 19 фактов выращивания мака
Фликер поможет вам стать заметней в темноте



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.