Дзе ваша маска? Надзеньце, калі ласка
З 11 лістапада на тэрыторыі нашага раёна ўведзены абавязковы масачны рэжым. Мэта прафілактычнай меры — папярэдзіць масавае распаўсюджванне рэспіраторных захворванняў, у тым ліку COVID-19. Праз 2 дні — дастатковы час на «раскачку» пасля новаўвядзення — карэспандэнт «ПК» паназірала, ці выконваюць пастаўчане рашэнне райвыканкама.

Не толькі ў памяшканні
Пятніца, 11.30. У цэнтры горада віруе жыццё. Палова людзей — у масках нават на свежым паветры. Праўда, як яны надзетыя, пытанне ўжо іншае: у некага паверх сродку індывідуальнай аховы тырчыць нос, а ў некага маска цалкам знаходзіцца на барадзе. Але большасць гараджан за дзве хвалі каранавіруса ўсё ж такі навучыліся насіць яе правільна. Сярод іх і Надзея, якую перахапіла, калі тая падыходзіла да ўласнага аўтамабіля.
— Ці ведаеце пра абавязковы масачны рэжым? — пытаюся.
— Так, рашэнне райвыканкама прыйшло на працу, — адказвае. — Для ўласнай бяспекі і супакаення нашу і на вуліцы, і ў памяшканні.
Для асабістай бяспекі знаходзіцца на свежым паветры ў масцы і Андрэй, хоць і прызнаецца: «Калі шчыра, то думаю, што яна не дапамагае». Слаба верыць у здольнасць маскі засцерагчы ад хваробы і юнак гадоў дваццаці, які прадставіўся Уладзіславам. Але носіць яе і на вуліцы. А вось Таццяна ўпэўненая: «Вірус — як аэразоль, таму маска, відавочна, дапамагае». Жанчына працуе ў сацыяльнай службе раёна. Сцвярджае, што маску на працы насіла нават летам. Зараз жа рыхтуецца да магчымага вахтавага метаду работы. Такая мера неабходная для таго, каб не было заносу і распаўсюджвання хваробы ва ўстанове.
Не насіла і насіць не буду
Накіроўваюся ў адно з паштовых аддзяленняў райцэнтра. Там у адрозненне ад свежага паветра знаходзіцца ў масцы дакладна абавязкова. Усе так і робяць, апроч адной наведвальніцы. На выгляд жанчыне больш за 70.
— Пра масачны рэжым чулі? — удакладняю на ўсялякі выпадак.
— Не насіла і насіць не буду, бо ў ёй цяжка дыхаць. Можаце фатаграфаваць, можаце штрафаваць! — з выклікам адказвае жанчына, якая па ўзросце належыць да самай уразлівай групы насельніцтва і павінна засцерагацца ад інфекцыі асабліва старанна. — Хоць на той свет лезь, гэтак жыць не даюць. Каму наканавана, той захварэе. Усе перад Богам ходзім, а не перад гэтай анучай.
Пенсіянерку ў аддзяленні абслужылі. Зрэшты, як і жанчыну з хлопчыкам малодшага школьнага ўзросту, якая была без маскі і гэтак жа катэгарычна, як і яе папярэдніца, парыравала на маю заўвагу: «І што? Наша здароўе».

Менавіта пра ўласнае здароўе клапоцяцца дзве жанчыны, якія стаяць у ахоўных масках у гэтай жа чарзе. Ганна падчас другой хвалі эпідэміі сродак індывідуальнай аховы носіць ужо больш за 2 тыдні. Насіла і вясной.
— Калі верыць прачытанаму ў інтэрнэце, то верагоднасць заражэння каранавіруснай інфекцыяй складае 1,5% пры ўмове, што абодва кантактуючыя чалавекі знаходзяцца ў масках, — даводзіць аргументы суразмоўца.
А вось Ірына надзела маску перад наведваннем пошты і магазіна, бо сама кашляе і не хоча нікога заразіць. Баіцца прынесці хваробу і дадому, бо там яе чакае старэнькая матуля. Для Сяргея галоўны паказчык прытрымлівацца рашэння райвыканкама — нежаданне быць аштрафаваным. Заработная плата вартаўніка, сцвярджае, так «раскашаваць» не дазваляе. Маску сёння надзеў упершыню.
На ўсе сто
Як і чакала, стопрацэнтнае захаванне абавязковага масачнага рэжыму назіраю ў паліклініцы ЦРБ. У сродках індывідуальнай аховы тут нават маленькія дзеці, якіх бацькі прывялі на прыём да педыятра. Напрыклад, Ігнату няма і чатырох гадоў. У медустанову ён прыйшоў з татам. Пытаюся ў яго, як удалося пераканаць дзіця надзець маску. «Для таго, каб ты не захварэў», — тлумачым сыну неабходнасць яе нашэння ў бальніцы. Успрыняў нармальна, ніякіх угавораў не спатрэбілася».
Марыя, якую я заспела перад працэдурным кабінетам, патлумачыла наяўнасць маскі не толькі патрабаваннямі ўлады, але і ўласным жаданнем засцерагчыся ад інфекцыі.
— Людзі могуць і не ведаць, што з’яўляюцца пераносчыкамі каранавіруса, — упэўненая дзяўчына. — Таму хто, як не мы самі, паклапоціцца пра наша здароўе? Я толькі «за» такія меры.
Між тым такая ідылія назіралася ў паліклініцы не заўсёды, запэўнівае медрэгістратар Людміла. Расказвае, што яшчэ літаральна месяц таму назад наведвальнікам даводзілася нагадваць пра неабходнасць насіць маску ў паліклініцы.
Амаль без парушэнняў
Накіроўваемся ў магазін «Суседзі». Пра абавязковы масачны рэжым на ўваходзе нагадваюць ажно тры аб’явы. Зусім не ўспрымальных да візуальнай інфармацыі з правіламі ўваходу ў аб’ект гандлю знаёміць ахоўнік. Пры мне абмінуць яго спрабавалі два юнакі. Не атрымалася. Пакуль мы размаўлялі з таваразнаўцам пра адносіны пакупнікоў да новаўвядзення (большасць ставяцца з разуменнем), першы хлопец зайшоў у гандлёвую залу ўсе-такі ў масцы. Праз паўхвіліны следам за ім паўторна паспрабаваў прайсці без маскі яго сябар. І зноў няўдача. На спробу высветліць прычыну такіх паводзін атрымліваю досыць грубы адказ. Добра, што не мацерны — якое-ніякое выхаванне ў падлетка ўсё ж такі прысутнічае.

Затое знаёмая ўрач ахвотна дзеліцца меркаваннем, чаму носіць маску.
— Лічу, што гэта мая адказнасць. І не толькі за сваё здароўе, але і за здароўе сваёй сям’і, сяброў, калег, — тлумачыць сваю пазіцыю Алена. — Сачу за статыстыкай. І як толькі колькасць хворых на COVID-19 пачала імкліва расці, каб знізіць рызыку папоўніць іх шэрагі, пачала насіць маску. Карысталася ёй і ў першую хвалю.
Прывычная да гэтага «аксэсуара» і Марыя, якую сустракаю ў фірменным магазіне Пастаўскага малочнага завода «Малако». Жанчына працуе настаўніцай у школе. Клапоціцца як пра сваё самаадчуванне, так і вучняў, а таксама старэнькай мамы. Расказала, што цікавіцца інфармацыяй па гэтай тэме, шмат чытае. І хоць меркаванні наконт ахоўнага эфекту маскі розныя, для сябе вырашыла: насіць яе трэба.
Прадаўцы гэтай гандлёвай кропкі сцвярджаюць, што «безмасачных» пакупнікоў амаль няма. «Людзі настолькі адказна ставяцца да патрабавання, што некаторыя нават выходзяць з магазіна. Мы ж нікога не выганяем, толькі інфармуем пра новаўвядзенне, а таксама прапануем набыць сродак індывідуальнай аховы — ён каштуе ў нас досыць танна», — гаварылі. Праўда, пакуль я высвятляла ўсе акалічнасці, тавар мужчыну без маскі адпусцілі. «Абяцаў у наступны раз выправіцца», — патлумачылі.
На абанеменце раённай бібліятэкі чытачоў не назіралася, але, са слоў работніка ўстановы, «сёння, на дзіва, усе былі ў масках». За дзень да гэтага — толькі палова наведвальнікаў. Раней і ўвогуле не выкарыстоўвалі сродкаў індывідуальнай аховы.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Профилактика коронавирусной инфекции в торговых объектах Поставщины
Скорую вызывали? Наш корреспондент в один из дней подежурил вместе с бригадами отделения скорой и неотложной помощи Поставской ЦРБ.
С 11 ноября на территории Поставского района вводится обязательный масочный режим в целях предупреждения массового распространения респираторных заболеваний, в том числе COVID-19