Мария Мартинович: «Это такое счастье просыпаться утром, собираться на работу, быть среди людей»

Сельское хозяйство

З Марыяй Марціновіч мы сустрэліся каля лучайскага касцёла падчас парафіяльнага фэсту.

— Добра, што святая Імша была на 12 гадзін, — гаварыла жанчына. — У мяне якраз вольны час. А вярнуся дадому і неўзабаве буду збірацца да сваіх немаўлятак.

Марыя — аператар па догля­дзе цялят на дарошчванні, якія ўтрымліваюцца на лучайскай ферме ААТ «Навасёлкі-Лучай». Рабочы дзень пачынаецца ў 5 гадзін. За ёй і Аленай Сакалоўскай замацавана больш за 200 цялят. Іх пераводзяць у групу даглядчыц адразу пасля з’яўлення на свет.

Аператар па доглядзе цялят Марыя Марціновіч

— Даярка адзін раз цялятка папоіць і перадае нам, — расказвала Марыя. — Некаторых змяшчаем у асобную клетку пад спецыяльную лямпу, каб абсу­шыць, абагрэць. Праз соску поім ледзь не да месяца. Тады пераво­дзім у клеткі па 5 галоў, прывучаем самастойна піць з вядра.

Важна не дапусціць ніякай хваробы гадаванцаў, таму даглядчыцы пільна сочаць, каб цяляткі добра елі і набіралі вагу. Самых маленькіх пояць ільнасемем. Як вырастуць да кілаграмаў 70-80, некаторых цялушачак перадаюць у групу Наталлі Татарэнкі. Бычкоў і астатніх цялушак адпраўляюць на адкорм на навасёлкаўскую ферму, а сабе зноў набіраюць малых.

Напісаць пра Марыю Марціновіч парэкамендаваў дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык.

— Марыя Іванаўна на дарошчванні працуе даўно, — гаварыў Юрый Францішкавіч. — Зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. Хоць ужо мае права на пенсію, але пакуль з фермай не развітваецца. А мы рады, што такі адказны работнік застаецца ў страі, стабільна дабіваецца высокіх сярэднясутачных прываг, не дапускае падзяжу маладняку.

— Адной даглядаць 200 цялят было цяжкавата, — гаварыла Марыя Марціновіч. — Калі гады два назад прыйшла Алена Сакалоўская, палягчэла. Яна маладая, рухавая, адказная. Работу дзелім пароўну. Абедзве любім жывёлу.

Любоў да вясковага ўкладу жыцця ў свой час прывяла Марыю ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Атрымала прафесію ветфельчара і вярнулася на радзіму — у былы калгас «Гігант». Хутка выйшла замуж і паехала за мужам у Паставы. Амаль на 20 гадоў стала гара­джанкай, працавала на заводзе «Беліт». Затым па сямейных абставінах вярнулася ў бацькоўскі дом у Гаўрылавічах. Пазней атрымала кватэру ў Лучаі, дзе жыве і зараз.

— Захварэла дачушка, — напаўняюцца слязамі вочы жанчыны. — Лячылі яе не толькі ў раённай бальніцы, але і ў абласной, ез­дзіла на кансультацыі ў сталічныя клінікі. А гэта ўсё расходы. І я папрасілася на работу на ферму. Хоць працаваць там нялёгка, затое зарплата годная. Дзякуй Богу, Леначка паправілася, а я так і засталася пры цялятках — прыкіпела да іх душой. Удзячная кіраўніцтву гаспадаркі, што дае мне магчы­масць адчуваць сябе карыснай, запатрабаванай. Гэта такое шчасце  прачынацца раніцай, збірацца на работу, быць сярод людзей.

У Марыі Іванаўны цудоўныя дзеці: Саша — ваенны, падпалкоўнік, жыве з сям’ёй у Мінску, выхоўвае дваіх дзетак. Лена працуе фельчарам-лабарантам у лабараторыі раённай паліклінікі. З мужам пабудавалі ўласны дом. Іх сынок сёлета стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Для Марыі Іванаўны найбольшая ра­дасць — прыезд дарагіх людзей. Вольным часам жанчына любіць бываць у бацькоўскім доме ў Гаўрылавічах. Садзіць там агародніну і адпачывае душой.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:

В этом году свой профессиональный праздник работники молочного завода встречают в новых реалиях — на базе предприятия создано агропромышленное объединение
У Владимира Корытько, тракториста-машиниста ОАО «Камайский-агро» — 3-е место в районном соревновании среди трактористов-машинистов, занятых на химической защите растений
Работники Поставского льнозавода приступили к переработке нового урожая и к поставкам волокна Оршанскому льнокомбинату, а также коммерческим структурам



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.