На переднем краю обороны работают врачи-терапевты поликлиники Поставской ЦРБ

Главное Здравоохранение

На пярэднім краі абароны працуюць урачы-тэрапеўты паліклінікі Пастаўскай ЦРБ

Менавіта яны вядуць пярвічны прыём пацыентаў з павышанай тэмпературай цела, ставяць ім дыягназ, назначаюць лячэнне. На ўрачоў ускладзена задача «сартыроўкі» хворых: каго лячыць амбулаторна, а каго шпіталізаваць і ў якое аддзяленне. Ад правільнасці іх рашэнняў залежыць многае. Галоўны ж прынцып дзеянняў усіх медыкаў — не нашкодзь.

Рабіць назначэнні – прэрагатыва ўрача

Адна з іх — Таццяна Дацэнка. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, у галіне працуе пяты год. Пачынала ўчастковым тэрапеўтам, потым перавучылася на дэрматавенеролага. На гэтай пасадзе і шчыравала апошні час. Але зараз медустанова мае вострую патрэбу ў пашырэнні тэрапеўтычнай дапамогі, таму і накіравала спецыяліста на яе аказанне. Каб трапіць на прыём у 21-ы кабінет паліклінікі, не патрэбны ні картачка, ні талон. Пацыенты з павышанай тэмпературай цела прымаюцца з 8 да 12 гадзін па жывой чарзе.

Прыём у 21-м кабінеце паліклінікі ЦРБ вядзе ўрач-тэрапеўт Таццяна Дацэнка

— Кожны дзень на прыём прыхо­дзіць шмат чалавек з праявамі вострых рэспіраторных інфекцый, а ў панядзелак і пятніцу іх колькасць яшчэ больш узрастае, — апісвае эпідэміялагічную карціну Таццяна Дацэнка. — Гэта тыя, хто толькі захварэў, і тыя, у каго, нягледзячы на лячэнне, трымаецца тэмпература. Пры неабходнасці дадатковага даследавання на месцы бяром кроў на клінічны аналіз, а пры пнеўманіі — робім аналіз крыві на антыцелы. Таксама я назначаю лячэнне, адкрываю бальнічны ліст, накіроўваю хворага на далечванне да ўчастковага тэрапеўта.

Прыём пацыентаў з павышанай тэмпературай Таццяна Дацэнка вяла і падчас першай хвалі каранавіруснай інфекцыі. Кажа, што з пачатку эпідэміі клінічныя праявы хваробы памяняліся ўжо некалькі разоў. Праўда, гэты факт больш істотны для медыкаў. Напрыклад, вясной пнеўманію немагчыма было праслухаць з дапамогай фанендаскопа, зараз можна. У цэлым жа сімптомы COVID-19 не змяніліся. Па-ранейшаму гэта адсутнасць смаку і нюху, пераважна субфебрыльная тэмпература (37,2—37,5оC), выяўленая агульная слабасць такая, што ажно хочацца прылегчы дзе заўгодна, задышка пры хадзьбе, а пры цяжкай «кавіднай» пнеўманіі — і ў стане спакою, рэдкі сухі кашаль без аддзялення макроты. Дарэчы, ён настолькі нязначны, што на яго рэдка звяртаюць увагу. У адзінкавых выпадках назіраецца прыступападобны. Сустракаецца каранавірусная інфекцыя і ў спалучэнні з танзілітам і сезоннымі ВРВІ.

Па назіраннях доктара, у нашым раёне на працягу апошніх трох тыдняў колькасць пацыентаў, якія прыхо­дзяць на прыём за дзень, прыблізна аднолькавая.

— Нашы людзі вельмі любяць самі ра­біць сабе назначэнні, — расказвае, з чым часта прыходзіцца сутыкацца, Таццяна. — Многія ў першы ж дзень хворобы бягуць на флюараграфію і прыходзяць да мяне з гатовым здымкам. Але на яе павінен накіроў­ваць доктар. Больш за тое, у першыя дні здымак нічога не пакажа. Каб «злавіць» пнеўманію, некаторых даво­дзіцца «свяціць» па 3-4 разы. Гэта хоць і невялікае, але ўсё ж такі апраменьванне. Таксама ёсць прыклады, калі пнеўманія на здымку праяўляецца толькі на 14-ы дзень.

Яшчэ адна парада ўрача — ні ў якім выпадку не хадзіць на працу з павышанай тэмпературай. Нават калі вы самі перахварэеце ў лёгкай форме, то можаце стаць прычынай смерці іншага чалавека.

Па новых правілах

— У сувязі з ростам рэспіраторных захворванняў, у тым ліку COVID-19, паліклініка ЦРБ падзелена на дзве зоны: чыстую і кантамінаваную (брудную), — паведаміў загадчык паліклінікі Міхаіл Петух.— Да другой адносяцца флюараграфічны, 21-ы і некаторыя дапаможныя кабінеты. Тут у першай палове дня прымаюцца пацыенты з павышанай тэмпературай. Пасля абеду праводзіцца дэзынфекцыя названых памяшканняў. І непасрэдна флюараграфічны кабінет перастае быць бруднай зонай, і ў ім робяць адпаведнае даследаванне здаровым людзям. Па накіраванні прайсці рэнтген лёгкіх можна і на 4-м паверсе паліклінікі. Але сюды дапускаюцца людзі без прыкмет рэспіраторнай інфекцыі.

Таксама ў медустанове абмяжоўваюцца планавыя мерапрыемствы па дыспансерызацыі насельніцтва і правядзенне скрынінгавых даследаванняў, рэабілітацыйнай дапамогі, фізіятэрапеўтычных працэдур. У індывідуальным парадку будуць вырашацца пытанні накіравання на медыцынскую экспертызу пацыентаў старэйшых за працаздольны ўзрост з абмежаванымі магчымасцямі.

У тым выпадку, калі вам патрэбна выпіска з меддакументаў ці даведка пра стан здароўя, вы можаце заказаць іх, патэ­лефанаваўшы ў рэгістратуру. Тут жа па папярэдняй дамоўленасці вам выпішуць ільготны рэцэпт і даставяць яго дадому.

Мяркуецца, што на плато па захваральнасці на «кавід» — маецца на ўвазе сітуацыя, калі штодзённая колькасць выяўленых выпадкаў прыблізна супадзе са штодзённай колькасцю тых, хто паправіўся, — наш раён выйдзе праз 3-4 тыдні.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:

Скорую вызывали? Наш корреспондент в один из дней подежурил вместе с бригадами отделения скорой и неотложной помощи Поставской ЦРБ.
С 11 ноября на территории Поставского района вводится обязательный масочный режим в целях предупреждения массового распространения респираторных заболеваний, в том числе COVID-19
Корреспондент «ПК» понаблюдала, соблюдают ли поставчане решение райисполкома о введении обязательного масочного режима в нашем районе



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.