У горадзе пераднавагодняя атмасфера па-сапраўднаму адчуваецца не раней чым у снежні. А вось у раённым цэнтры дзяцей і моладзі святочны настрой з’яўляецца нашмат раней: тут ужо ў першай палове лістапада вызначылі пераможцаў традыцыйных рэспубліканскіх конкурсаў «Калядная зорка» і «ТэхнаЁлка».
Выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка» сёлета праводзіцца ў 24-ты раз. Мэты застаюцца ранейшымі — патрыятычнае і духоўнае выхаванне дзяцей, развіццё іх у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, далучэнне да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, захаванне рэгіянальных народных традыцый.

Сёлета на конкурс былі прадстаўлены 68 работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна. Узрост удзельнікаў — ад 8 да 16 гадоў. Яны маглі праявіць сябе ў 12 намінацыях: «Калядная зорка», «Зімовыя святы Беларусі», «Беларуская зіма», «Зімовы спорт», «Навагодняя ёлка», «Ёлачная цацка», «Навагодні персанаж» і іншых.
Усе работы вызначаліся высокім мастацкім узроўнем, арыгінальнасцю, мастацкім густам і якасцю. 10 з іх ужо адпраўлены ў Віцебск для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
Падведзены вынікі і раённага этапа рэспубліканскага конкурсу «ТэхнаЁлка». У ім удзельнічалі 7 устаноў адукацыі: усе гарадскія школы, гімназія, БШ №5 Пастаў, Камайская і Лынтупская сярэднія школы. Вынікі наступныя. Першыя месцы ў намінацыях «Дызайн-ёлка» і «РэтраЁлка» прысуджаны Паліне Сабалеўскай (гімназія) і Аляксею Смільгіню (СШ №3). У намінацыі «Сімвал 2021 года» адзначана работа Дар’і Валуевіч з Лынтуп. У катэгорыі «Калядная кампазіцыя» дыплом атрымаў гімназіст Мікалай Ермалаеў.
— Конкурсы «Калядная зорка» і «ТэхнаЁлка» ў рэспубліцы праводзяцца кожны год, і нашы навучэнцы заўжды актыўна ўдзельнічаюць у іх, — расказвала намеснік дырэктара раённага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Шумуліанене. — Сёлета найбольш актыўна праявілі сябе гімназісты. У пераможцах раённага этапа зноў аказалася Паліна Сабалеўская. У папярэднія гады яе работы перамагалі не толькі на абласным, але і на рэспубліканскім этапе конкурсу. Раскрыць свае творчыя здольнасці ёй дапамагаюць педагог Ірына Доўнар і бацькі. Іх падтрымка для дзяўчынкі значыць вельмі многа.
Усяго на абласным этапе конкурсу «ТэхнаЁлка» будуць прадстаўлены 3 работы юных пастаўчан. Пра вынікі творчага спаборніцтва яны даведаюцца напрыканцы лістапада.
Іна Сняжкова. Фота даслаў раённы цэнтр дзяцей і моладзі
Читайте также:
Третье место заняли выпускница Новосёлковской СШ Виктория Буялич и её учитель истории и обществоведения этой школы Елена Вишневская во II историческом конкурсе для молодёжи «За кадром: от истории семьи к истории сообщества»
Новая четверть для учащихся и учителей средней школы №1 начнётся в новых условиях
Микротопонимы принесли победу воропаевской школьнице на республиканском конкурсе