Продукция поставских хлебопеков стала призерами конкурса-смотра «Смаката-2020»

Главное Общество

Як заўжды, на вышыні

11—12 лістапада ў Мінску адбыўся Міжнародны сімпозіум хлебапёкаў. На ім былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2020». У чарговы раз на ўсю краіну заявіў пра сябе Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства — яго прадукцыя адзначана залатым і сярэбраным медалямі.

Члены дэгустацыйнай камісіі высока ацанілі якасць дасланых на конкурс вырабаў — бісквітнага рулета «Смак лета» і хлеба «Зерневы духмяны».

Майстар-кандытар Алена Пузан са сваімі салодкімі вырабамі

—У «Смакаце» мы ўдзельнічаем штогод і ніколі не вяртаемся з яе без медалёў, — адзначыла начальнік вытворчай лабараторыі філіяла Святлана Чалей. — Для нас гэта вялікі гонар, бо агляд рэспубліканскі, і на ім сваю прадукцыю прадстаўляюць буйныя беларускія прадпрыемствы хлебапякарнай прамысловасці, прыватныя кампаніі. Удзельнічаюць і многія прадпрыемствы сістэмы спажыўкааперацыі. Такая канкурэнцыя толькі натхняе на распрацоўку новых рэцэптаў і вырабаў.

Святлана Іосіфаўна прызналася, што здзіў­ляць журы атрымліваецца дзякуючы таму, што ў калектыве працуюць спецыялісты з залатымі рукамі. Адна з іх — майстар-кандытар Алена Пузан, якая ў сістэме спажыўкааперацыі з 1993 года і з’яўляецца пераможцай і прызёрам самых разнастайных кулінарных конкурсаў. Менавіта яна прыгатавала рулет «Смак лета», які заваяваў золата.

— Рулет складаецца з тонкага слою бісквіта і трох жэлейных праслоек — з вараных парэчак, лімону і мёду з агуркамі, — расказвала Алена Данатаўна. — Журы ўразіў не толькі тонкі кісла-салодкі смак кандытарскага вырабу, але і яго арыгінальны знешні выгляд: на разрэзе рулет выглядае як чырвона-жоўта-зялёная вясёлка. Прызнаюся шчыра: «пагуляць» з інгрэдыентамі, каб знайсці патрэбны смак, давялося нямала. Але тым прыемней было, калі ўсё атрымалася.

Поспехі пастаўскіх кандытараў падтрымліваюць і хлебапёкі.

— Некалькі гадоў назад за хлеб з сухафруктамі мы атрымалі на «Смакаце» Гран-пры, — працягвала Святлана Чалей. —Серабро за «Зерневы духмяны» таксама лічым поспехам. Колькасць яго прыхільнікаў пастаянна расце. Найперш гэты хлеб папулярны сярод пакупнікоў, якія прытрымліваюцца здаровага харчавання, бо ўзбагачаны клятчаткай і карыснымі рэчывамі. Прыгатаваны на аснове зерневай сумесі, якая ўтрымлівае ў сваім саставе зерне сланечніку, ільну і ўсе віды крупаў (грэцкія, рысавыя, прасяныя, аўсяныя). А таму не толькі смачны, але і карысны.

Ацаніць смак «Зерневага духмянага» можа кожны ахвотны. Хлеб ёсць у продажы ў пастаўскіх крамах. А вось пакаштаваць рулет-пераможцу «Смак лета» не так проста: гэта эксклюзіўны варыянт, які Алена Пузан паўторыць выключна на заказ.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Школьную и не только мебель производят в ОАО «Поставымебель»
Работники Поставского льнозавода приступили к переработке нового урожая
Работники молочного завода встречают свой профессиональный праздник в новых реалиях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.