З выездам на месца
У пачатку наступнага года сцены дзіцячага садка ў 6-м гарадку райцэнтра напоўняцца гоманам малечы. Зараз унутры памяшкання апошнія работы завяршаюць будаўнікі «Рассвета Пастаўскага». Побач з імі шчыруюць работнікі «Паставымэблі» — яны збіраюць на аб’екце дзіцячую мэблю.
Многія пастаўчане адзначаюць, што дашкольная ўстанова нагадвае казачны замак. Яна не толькі неверагодна прыгожая звонку, але і светлая ўнутры, з пафарбаванымі ў розныя колеры сценамі. Яркую афарбоўку мае і дзіцячая мэбля. Асноўным яе пастаўшчыком з’яўляецца ААТ «Паставымэбля».

— Абавязковай умовай тэндара, які мы выйгралі, з’яўляецца вытворчасць, дастаўка і зборка дзіцячай мэблі для садка, — тлумачыць інжынер-тэхнолаг завода Дзмітрый Крупадзёраў. — З выездам ва ўстанову працуем другі тыдзень. Ёсць план, як будзе мэблявана кожнае памяшканне ўсіх трох паверхаў. Згодна з ім, указваю грузчыкам, куды разнесці тыя ці іншыя вырабы. А ўжо непасрэдна прывядзеннем іх у належны выгляд займаюцца зборшчыкі мэблі Генадзій Жук і Анатолій Купко.
З дапамогай шрубакрутаў яны збіраюць ложкі, гардэробныя і шафы для цацак, сталы, крэслы, а таксама гульнявыя модулі. Гэта стэлажы ў форме паравозікаў, замкаў, рабочага месца цырульніка і г.д. Мэбля, вырабленая на прадпрыемстве, запоўніць як дзіцячыя пакоі, так і кабінеты адміністрацыі дашкольнай установы.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Работники Поставского льнозавода приступили к переработке нового урожая
Работники молочного завода встречают свой профессиональный праздник в новых реалиях
Продукция поставских хлебопеков стала призерами конкурса-смотра «Смаката-2020»