Районный каравай в этом году увесистый — намолочено почти 60 тысяч тонн зерна

Сельское хозяйство

Рупліўцы хлебнай нівы былі ўшанаваны ў пятніцу на раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

Сёлета ў сувязі са складанай эпідсітуацыяй яно праводзілася ў вузкім фармаце ў зале пасяджэнняў райвыканкама: на ўрачыстасць запрасілі толькі пераможцаў раённага спаборніцтва. Атрыбутам свята традыцыйна стаў залацісты каравай — сімвал новага ўраджаю. Яго ўручылі першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзію Лютынскаму.

Раённы каравай у гэтым годзе важкі — намалочана амаль 60 тысяч тон збожжа. Дзяржаве прададзена больш за 6 000 тон. Нягледзячы на тое, што надвор’е стварала перашкоды, аграрыі раёна зрабілі ўсё магчымае, каб вырасціць вышэйшы, чым летась, ураджай, сабраць яго ў аптымальныя тэрміны і годна адзначыць сваё свята. Поспеху дабіліся тыя, хто цаніў кожную пагодлівую хвіліну, працаваў не пакладаючы рук.

Камбайнеры, якія дабіліся найвышэйшых намалотаў на жніве-2020: Андрэй Волк, Мікалай Чашун, Аляксандр Буча, Андрэй Сакалоў, Аляксей Власаў, Васілій Чабуранаў

Сёлета на жніве былі задзейнічаны 74 камбайны. Найбольшы ўклад у агульную справу ўнеслі хлебаробы ААТ «Хацілы-­агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра». А штогадовыя лідары Васілій Чабуранаў і Андрэй Сакалоў з малочнага завода на камбайнах New Holland запісалі на свае рахункі адпаведна 2 657 і 2 576 тон збожжа, 2 306 тон намалаціў Андрэй Волк і 2 104 — Мікалай Чашун з ААТ «Хацілы-агра». У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва маладыя камбайнеры з Хаціл Аляксей Власаў і Аляксандр Буча.

Звяртаючыся да прысутных, Генадзій Лютынскі падзякаваў ім за дасягнутыя поспехі, адзначыў высокі прафесіяналізм працаўнікоў вёскі. Добрыя словы ён адрасаваў не толькі камбайнерам, ва­дзіцелям, занятым на перавозцы збожжа, аператарам зернесушыльных комплексаў, але і тым, хто рыхтаваў глебу, сеяў азімыя і яравыя культуры, быў задзейнічаны на корманарыхтоўцы і цяпер вядзе ўздым зябліва. У тым, што па выніках уборкі раёну прысуджана другое месца ў вобласці, — заслуга і кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў агранамічнай, інжынернай службаў, якія ўмеюць мабіліза­ваць людзей на дасягненне пастаўленай мэты.

Ігар Бужэра, Іван Загурскі і Аляксандр Аліноўскі з ільнозавода выцерабілі лён больш чым на 300 гектарах і запрасавалі па 300 тон ільнотрасты

Пераходныя вымпелы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў першы намеснік старшыні райвыканкама ўручыў кіраўнікам ААТ «Хацілы-агра» Вячаславу Крыштафовічу, «Кураполле-агра» — Васілію Касцяню, «Янавіца-агра» — Андрэю Кажурну, «Сцяг Перамогі-агра» — Аляксандру Фалевічу, СП «Дунілавічы-агра» — Андрэю Сарапененку, начальніку груздаўскага аддзялення АБП «Рассвет Пастаўскі» Ігару Турону, намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славаміру Шапелю. Калектывы названых  гаспадарак удастоены ўзнагарод за высокія паказчыкі па вытворчасці зерня, травяных кармоў, алейных культур, уздыме зябліва. Ганаровыя граматы і Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі механізатары, якія дабіліся найвышэйшых паказчыкаў на сяўбе, падрыхтоўцы глебы, нарыхтоўцы кармоў, унясенні мінеральных удабрэнняў, хімічнай ахове раслін, жніве, уборцы льну. Старанная праца многіх работнікаў сельскай гаспадаркі Пастаўшчыны адзначана на дзяржаўным узроўні.

Аператары зернесушыльнай устаноўкі ААТ «Камайскі-агра» Анатолій Кундра і Дзмітрый Косараў

— Ганарымся, што ў нас паспяхова працуюць прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, — гаварыў Генадзій Лютынскі. — Яны поўнасцю забяспечваюць жыхароў раёна малочнай, мясной прадукцыяй, хлебабулачнымі вырабамі ўласнай вытворчасці. Гэта прадукцыя карыстаецца вялікім попытам і далёка за межамі раёна. Дзякуй шэфам — работнікам гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, асабліва калектывам філіяла «ДЭУ-33», лясгаса, УП ЖКГ, навучэнцам каледжа, якія аказвалі дапамогу ў перыяд напружаных сельскагаспадарчых работ.

Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Кацярына Малевіч падзякавала кіраўнікам ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай» за садзейнічанне ў працаўладкаванні моладзі і арганізацыю работы студатрадаў.

— У нашым раёне працавітыя людзі, — рэзюмаваў Генадзій Лютынскі. — Разам мы здольныя пераадольваць розныя нягоды, дасягаць добрых вынікаў. Ёсць і патэнцыял. І мы ведаем, як яго рэалізаваць. Таму разлічваю, што і ў наступным годзе пастаўская зямля аддзячыць высокім ураджаем. Тым больш што яго аснова сёлетняй восенню закла­дзена нядрэнная. Амаль на 14 700 гектарах пасеяны азімыя, а гэта на 1 072 гектары больш, чым летась. Пад азімы рапс адведзена 3 828 гектараў. Актыўна вядзецца ўздым зябліва. На­быты новыя трактары, камбайны, якія прадукцыйна выкарыстаем на веснавых палявых работах і жніве.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:

Работники Поставского льнозавода приступили к переработке нового урожая и к поставкам волокна Оршанскому льнокомбинату, а также коммерческим структурам
Мария Мартинович: «Это такое счастье просыпаться утром, собираться на работу, быть среди людей»
15 ноября — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.