«С детства любил животных!» Главный зоотехник ОАО «Новосёлки-Лучай» Иван Кисель

Главное Сельское хозяйство

Такіх, як Мар’янавіч, больш няма

Гэту фразу вынесла ў загаловак таму, што, рыхтуючы ў газету матэрыял пра галоўнага заатэхніка адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай» Івана Мар’янавіча Кісяля, чула яе ад розных людзей: спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, дырэктара таварыства, былых і сённяшніх жывёлаводаў — і цалкам з імі згодная.

Рэдка можна застаць у кабінеце Івана Мар’янавіча Кісяля

У гаспадарцы спецыяліст працуе 41 год, з іх 38 — галоўным заатэхнікам.

Загартоўка

Яго радзіма — Міёршчына. У сям’і падрастала чацвёра дзяцей. Маці працавала даяркай, бацька даглядаў калгасных авечак. Не меў здароўя, перанёс дзве аперацыі, хапала спраў па хатняй гаспадарцы. Таму старэйшаму сыну нярэдка даводзілася падмяняць яго.

— Усяго шэсць гадоў было, а я ўжо пасвіў авечак, — успамінаў Іван Мар’янавіч. — У атары былі і вялікія бараны латвійскай пароды. Ох і ўцякаў ад іх, каб не паднялі на рогі! Аднойчы на пашы заспела бура. Авечкі забеглі ў хлеў і, скучыўшыся, падпёрлі дзверы. У мяне не хапіла сілы адчыніць іх, таму застаўся на вуліцы. Пакуль прыбеглі бацькі, прамок да ніткі.

Сям’я трымала шмат жыўнасці на ўласным падвор’і: кароў, свіней, авечак, курэй. Янак дапамагаў даглядаць іх. А як цешыўся хлопчык цяляткамі ды парасяткамі!

— Змалку любіў жывёлу, таму і вучыцца пасля 8 класаў паступіў у сельгастэхнікум, — працягваў расказваць Мар’янавіч. — У тэхнікуме трымалі строгую дысцыпліну. Прапусціш без уважлівай прычыны дзве пары лекцый — пазбавішся стыпендыі. А дадому хацелася з’ездзіць. І па шпалах уначы дабіраўся, і ў незнаёмых людзей прасіўся на начлег, калі аўтобус не мог прабіцца праз сумёты снегу.

Загартоўка характару юнака працягнулася падчас службы ў арміі. Праходзіў яе ў ракетных войсках ва ўкраінскай Вінніцы. Мог там і застацца. Але горад зусім не вабіў.

Школа Алега Валодзькі

Пасля арміі Іван Кісель пяць гадоў адпрацаваў галоўным вет­урачом у адной з гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна. У маі 1979-га маладая сям’я пераехала на Пастаўшчыну, каб быць бліжэй да жончынай радні. Яе бацька цяжка хварэў, яму ампутавалі нагу. Патрабавалася дапамога. А на навасёлкаўскай ферме калгаса імя Суворава якраз была вакансія ветурача.

— Праз два гады працы на ферме мяне назначылі галоўным заатэхнікам калгаса, — расказваў спецыяліст. — Шчаслівы, што шмат гадоў працаваў пад кіраўніцтвам легендарнага старшыні Алега Адольфавіча Валодзькі. Многаму ў яго навучыўся. Старшыня ўсяго сябе аддаваў справе і таго ж патрабаваў ад спецыялістаў. Мы з ім ездзілі па іншых раёнах. Пераймалі ўсё перадавое і эфектыўнае, укаранялі ў сябе. А колькі жывёлагадоўчых будынкаў узведзена ў тыя гады! Прычым гаспадарчым спосабам. Тыя пабудовы і зараз эксплуатуюцца.

У 1985-м да гаспадаркі далучылі два суседнія калгасы: «Ударнік» і «Гігант». Будавалі дарогі, завозілі на фермы цялушак, паляпшалі кармавую базу, умацоўвалі працоўную дысцыпліну. Людзі сталі больш зарабляць, і гэта радавала кіраўніцтва і спецыялістаў.


З характарыстыкі Івана Кісяля:

Умела і эфектыўна кіруе галіной жывёлагадоўлі, стварае ў калектыве атмасферу добразычлівасці і зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Мае вялікі вопыт работы, шмат увагі надае павышэнню прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы, укараненню новых інтэнсіўных тэхналогій.


— Мы былі маладыя, энергічныя, гарэлі ідэямі, не лічыліся з часам, — успамінае Іван Кісель. — Заўсёды з удзячнасцю думаю пра тых жывёлаводаў, якія працавалі на фермах, калі там амаль не было механізацыі. Цяжка ім прыходзілася, але не наракалі, сумленна рабілі сваю справу і дабіваліся добрых вынікаў. Цяпер умовы непараўнальныя. А хто мог падумаць, што на фермах будуць упраўляцца робаты!

Расказваючы пра гады сумеснай працы з Алегам Валодзькам, Іван Мар’янавіч успомніў, як упершыню за 20 гадоў пайшоў у водпуск. Старшыня прафкама Любоў Хомчык угаварыла, каб адпачыў з сям’ёй у адным з сочынскіх санаторыяў. Вярнуўся на пяць дзён раней, бо паабяцаў гэта старшыні.

Працаваць цікава!

«Іван Мар’янавіч, а прыгадайце такія сітуацыі, калі хацелася на ўсё махнуць рукой і напісаць заяву аб звальненні». Такое маё чарговае пытанне ажно здзівіла суразмоўцу. «Ніколі такога не было! — адказаў цвёрда. — Мне заўсёды цікава працаваць. Тым больш што і зараз сельгаспрадпрыемствам кіруе адказны, вопытны і ініцыятыўны дырэктар. Паспяхова развіваецца як жывёлагадоўля, так і раслінаводства. Гаспадарка набывае новую тэхніку, будуе жыллё і вытворчыя аб’екты, расце заработная плата вяскоўцаў. Адно шкада, што хутка збягаюць гады. Ужо рыхтую сабе замену.

На сельгаспрадпрыемстве ўтрымліваецца 8 920 галоў буйной рагатай жывёлы, што складае 25,2% ад яе колькасці ў раёне. У дойным статку — 2 120 кароў. За дзевяць месяцаў атрымана 9 746 тон малака, 99% яго прададзена сортам «экстра», таварнасць — 91,7%. Вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы склала 1 097 тон, свіней — 198 тон.

— Круглы год вырошчваем быкоў у адкрытым полі па тэхналогіі, якую ў свой час падгледзеў у Германіі Алег Валодзька, — дзяліўся галоўны заатэхнік. — Дабіваемся добрых вынікаў. Быкі вырастаюць вагой да паўтоны.


З характарыстыкі Івана Кісяля:

Умее аналізаваць сітуацыю. Аператыўна прымае рашэнні. Валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. Энергічны і ініцыятыўны. Працуе з поўнай аддачай і бачаннем перспектывы.


Асобна варта сказаць пра коней. У гаспадарцы ёсць племянны рэпрадуктар беларускай запражной пароды. На цяперашні час там утрымліваецца 17 конематак і 2  жарабцы, а таксама маладняк для продажу. Гэта прыбаўляе клопату галоўнаму заатэхніку, але і задавальненне ад работы на конеферме ён атрымлівае. Шкадуе, што не павезлі сёлета на выставу «Бел­агра» кабылу Мілавіцу. Упэўнены, што заняла б першае месца.

Рэлакс па-вясковаму

Дзе, як не ў сям’і, чэрпаць чалавеку сілы? Іван і Ганна Кісель у шлюбе ўжо 44 гады. Стварыўшы сям’ю, вучыліся завочна ў вышэйшых навучальных установах, пазней будавалі дом. Выхавалі двух годных сыноў. Аляксей закончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Зараз працуе начальнікам Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Аляксандр па спецыяльнасці — юрыст, жыве з сям’ёй у Полацку.

Асаблівае захапленне галоўнага заатэхніка — племянныя коні

Найвялікшая радасць для баць­коў, калі да іх наведваюцца сыны, нявесткі, чацвёра ўнукаў. У адным з іх Мар’янавічу бачыцца прадаўжальнік яго справы. Заўважыў, як Максім цікавіцца ўсім, што тычыцца жывёлы. Нават дапамагаў лячыць Прыгажуню, якую дзядуля трымае на ўласным падвор’і. Рагуля дае шмат малака. Але і нямала часу траціцца на яе догляд. Гэта цалкам клопат гаспадара, бо, акрамя яго, наравістая Прыгажуня нікога да сябе не падпускае.

— Фізічная праца мне не ў цяжар, — прызнаўся Мар’янавіч. — Наадварот, я атрымліваю задавальненне, калі даглядаю карову, хаджу за плугам, прышчэпліваю яблынькі або зай­маюся іншымі гаспадарчымі справамі. Каб не збіцца з рытму, не дазваляю сабе расслабіцца нават у выхадны дзень. Для мяне найлепшы стымул — праца. І чым больш праблем узнікае, тым большае жаданне пераадолець іх.

Ну што можна дабавіць да гэтых слоў? Хіба толькі паўтарыць вынесеныя ў загаловак «Такіх людзей, як Мар’янавіч, больш няма».

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:

Механизатор ОАО «Знамя Победы-агро» Иван Моисеев работает на тракторе 43 года
В ОАО «Новоселки-Лучай» кукуруза занимала наибольшую в районе площадь — 1 067 гектаров
Директор Поставского молочного завода Константин Гайлевский рассказал о подготовке к зимне-стойловому периоду

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.