Шахматы на бегу. Хотите узнать что это за вид спорта? Тогда не пропустите эту статью

Образование Спорт

Спартыўнае арыентаванне папулярнае ва ўсім свеце. У скандынаўскіх краінах яно наогул уваходзіць у абавязковую школьную праграму: гэта і выдатная прапаганда здаровага ладу жыцця, і выключная трэніроўка для мозга. Нездарма дадзены від спорту вобразна называюць шахматамі на бягу.

З мінулага года адчуць асалоду ад гэтай «гульні» ў поўнай меры могуць і школьнікі Пастаўшчыны: пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі распачалі сваю дзейнасць 4 дзіцячыя аб’яднанні турыстычнага напрамку. Кіруе імі педагог дадатковай адукацыі Уладзімір Кароль. За кароткі час яму ўдалося захапіць дзяцей спартыўным арыентаваннем. Пасля размовы з педагогам зразумела, чаму так адбылося.

Перад чарговым паходам

— Я пасябраваў з турызмам падчас вучобы ў СШ №1 — гэта быў дзесьці 6-ы клас, — расказваў Уладзімір Кароль. — Першымі, хто прывіў да яго любоў, былі Павел Трава (ён тады працаваў настаўнікам геаграфіі) і педагог дадатковай адукацыі Вадзім Вапілоўскі. З імі мы, школьнікі, ха­дзілі ў паходы, удзельнічалі ў спаборніцтвах па турысцкім мнагаборстве, спартыўным арыентаванні. Пазней мяне вельмі зацікавілі маладзёжныя турзлёты. Пастаянна выступаў за каманду Пастаўскага раёна на абласных спаборніцтвах, дапамагаў арганізоўваць такія мерапрыемствы ў нашым раёне.

На сёння ў аб’яднанні турыстычнага напрамку пры Цэнтры дзяцей і моладзі займаюцца каля паўсотні школьнікаў з пастаўскіх СШ №1, №2 і №4. Узрост дзяцей розны: прыходзяць і чацвёртакласнікі, і выпускнікі. З малодшымі вучнямі заняткі праводзяцца двойчы на тыдзень, са старэйшымі — тройчы.

Падчас спаборніцтваў

— Цяпер мы займаемся на базе СШ №2, а ў цяплейшае надвор’е выязджаем на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», — распавядаў далей Уладзімір. — Асабліва радуе тое, што за апошні год удалося абнавіць турысцкую амуніцыю: закуплены новыя вяроўкі, карабіны, спальнікі, каскі. Ёсць надзея, што будуць набыты і байдаркі. Такая падтрымка з боку кіраўніцтва цэнтра вельмі важная. Ініцыятывы заўжды вітаюцца і кіраўнікамі аддзелаў па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Без іх дапамогі ў мяне, напэўна, апусціліся б рукі і не было б такога жадання працаваць з дзецьмі.

Упэўненасці новаспечанаму педагогу дадаюць і вынікі нядаўніх спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні. Напрыклад, з нядаўняга адкрытага турніру ў Глыбокім пастаўчане прывезлі 7 узнагарод: у розных узроставых катэгорыях яны тройчы станавіліся першымі, тройчы — другімі і адзін раз — трэцімі. На «Кубку Полацка», дзе выступалі 27 каманд, падапечныя Уладзіміра Караля сталі дзясятымі. Улічваючы, што там спаборнічалі 4 каманды наймацнейшага ў Беларусі клуба спартыўнага арыентавання «Эрыдан» і тры каманды з Наваполацка, гэты вынік можна таксама лічыць поспехам.

З-за неспрыяльнай эпідабстаноўкі многія спаборніцтвы сёлета адмянілі. Затое больш часу можна было прысвя­ціць актыўнаму адпачынку на ўлонні прыроды. Напрыклад, у жніўні педагог з вучнямі хадзіў у чатырохдзённы пеша-байдарачны паход па тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Адбылося і трохдзённае пешае падарожжа па Пастаўшчыне, аднадзённае — па ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры» (большая яго частка знаходзіцца на тэрыторыі Мядзельшчыны). На асенніх канікулах у школьнікаў была магчымасць 2 дні патрэніравацца на скаладроме ў Полацку. Уражанняў ад гэтай паездкі ў дзяцей засталося асабліва шмат.

У наступным годзе Уладзімір Кароль плануе адправіцца са старшакласнікамі ў велапаход першай катэгорыі складанасці. Цяпер займаецца распрацоўкай маршруту. Ён пройдзе па тэрыторыях Пастаўскага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага раёнаў. Агульная працягласць дарогі складзе прыблізна 300 км, на яе пераадоленне будзе роўна ты­дзень. Педагог разлічвае, што за гэты час удасца не толькі ўдасканаліць паходныя навыкі, але і ўбачыць на шляху шматлікія славутасці і памятныя мясціны: маршрут будзе пралягаць праз самую паўночную кропку Беларусі, заказнік «Ельня», «Курган дружбы» (манумент знаходзіцца на стыку граніц Беларусі, Расіі і Латвіі), каля каталіцкіх і праваслаўных храмаў…


Сёння як ніколі важна, каб дзеці шмат рухаліся, бавілі час на свежым паветры, адклаўшы ўбок усе гаджэты.                                                                                                                                                          

Уладзімір Кароль


Уладзімір Пятровіч вандруе не толькі з навучэнцамі, але і з сябрамі-аднадумцамі. Напрыклад, у мінулым месяцы ён стаў удзельнікам паходу па тэрыторыі Дрэтуньскага ваеннага палігона на Полаччыне.

— За тры дні мы прайшлі пешшу 57 кіламетраў, — узгадваў суразмоўца. — Уражанні неверагодныя. Зрэшты, калі ты адпачываеш на прыродзе, па-іншаму і быць не можа. Толькі ў паходзе ўдаецца цалкам «адключыцца» ад мітусні, праблем і хваляванняў. Там не тое што інтэрнэту — сувязі тэлефоннай часам няма. Тэлефон патрэбны хіба толькі для таго, каб сфатаграфаваць навакольную прыгажосць. На шчасце, сярод маіх сяброў нямала тых, хто таксама любіць адпачы­ваць актыўна. Разам прасцей ува­сабляць у жыццё смелыя задумы. Напрыклад, у наступным годзе ёсць планы адправіцца ў паход па Карэліі. Спадзяюся, усё атрымаецца.

Расказваючы пра развіццё турыстычнага руху сярод дарослых, мой суразмоўца ста­віць у прыклад глыбачан. Там не першы год існуе клуб, які аб’ядноўвае аматараў актыўнага адпачынку. Такім чынам ёсць магчымасць пазнаёміцца з адна­думцамі, дамовіцца пра сумесныя вандроўкі. Гэта ідэя падабаецца Уладзіміру Каралю, і ён марыць стварыць такое ж аб’яднанне ў Паставах. Тым больш што вопыт ужо ёсць: з сёлетняга навучальнага года пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі пачаў сваю дзейнасць дзіцячы турыстычны клуб «Магелан».

Сплаў па  возеры Пліса на Глыбоччыне падарыў шмат станоўчых эмоцый

— Сёння як ніколі важна, каб дзеці шмат рухаліся, бавілі час на свежым паветры, адклаўшы ўбок усе гаджэты, — перакананы педагог. — Я бачу, што ім падабаюцца нашы заняткі. Бывае, ­едзем у цягніку з вандроўкі, яшчэ не развіталіся, а школьнікі ўжо просяць паехаць у наступную. Яны зара­джаюць сваёй цікаўнасцю, энергічнасцю, падштурхоўваюць да прыняцця тых або іншых рашэнняў — і ты таксама развіваешся як асоба, як спецыяліст. Многія, напрыклад, просяць паспрабаваць заняцца веласіпедным, лыжным спартыўным арыентаваннем. Калі раней я гэтыя віды не разглядаў, то цяпер задумваюся: а можа, сапраўды варта паспрабаваць?

Ці будзе гэта ўвасоблена ў жыццё, пакажа час і… старонка дзіцячага турклуба ў «Інстаграме». Вядзе яе Уладзімір Кароль, які дзеліцца з падпісчыкамі здымкамі з заняткаў, паходаў. Там жа адказвае на пытанні, што ўзнікаюць у дзяцей і дарослых наконт дзейнасці клуба і аб’яднанняў турыстычнага профілю. Назва старонкі — Тurklubmagelan. Калі ёсць жаданне, далучайцеся!

Іна Сняжкова. Фота з архіва Уладзіміра Караля



Читайте также:

Третье место заняли выпускница Новосёлковской СШ Виктория Буялич и её учитель Елена Вишневская
Определены победители районных этапов республиканских конкурсов «Рождественская звезда» и «ТехноЁлка»
Школьники Поставского района завоевали 6 дипломов на XI научно-практической конференции «Эврика»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.