«Скорую» вызывали? Наш корреспондент дежурил с бригадами отделения скорой и неотложной помощи Поставской ЦРБ

Важное Здравоохранение

Выклікаюць з прычыны і без

Работа ў рэжыме «нон-стоп» — гэта пра медыкаў. Заўсёды ў авангардзе знаходзяцца і фельчары аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі Пастаўскай ЦРБ. Як праходзіць іх дзяжурства, паназірала карэспандэнт «ПК».

Нядзеля, 10 раніцы. Заходжу ў аддзяленне хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, папярэдне надзеўшы маску, як таго патрабуе аб’ява на дзвярах. На кушэтцы робіць рэвізію сумкі фельчар неадкладнай дапамогі Крысціна Пачкоўская, якая толькі заступіла на 12-гадзінную змену. У дыспетчарскай чакаюць выклікаў дыспетчар Фаіна Тамашэвіч, фельчары выязной брыгады Дзяніс Чарняк і Вераніка Сіманян. Усе трое на дзяжурстве з 8-мі раніцы. Не паспяваю агледзецца, як раздаецца тэлефонны званок.

— Хуткая. Што турбуе? — зняўшы трубку, пытаецца дыспетчар і нешта занатоўвае ў журнал.

Пасля высвятлення ўсіх акалічнасцей накіроўвае на выклік Крысціну: галаўны боль, тэмпература, павышаны ціск, болі ў жываце адносяцца да выпадкаў, калі неабходна неадкладная дапамога. Дзяніс і Вераніка адказваюць за хуткую. Да яе адносяцца экстранная (пажары, дарожна-транспартныя здарэнні) і тэрміновая (крывацёкі, роды, болі ў сэрцы, страта прытомнасці). Пры неабходнасці выязджаюць і на аказанне неадкладнай дапамогі.

Крысціна Пачкоўская адпраўляецца на выезд да хворага з павышанай тэмпературай

У «чыстай» зоне разам з Крысцінай надзяваем камбінезоны з капелюшамі, пашытыя са спанбонду, бахілы, чыстыя маскі, пальчаткі, ахоўныя шчыткі. У такой экіпіроўцы медыкі накіроўваюцца на кожны выклік, дзе фігурыруе павышаная тэмпература цела, бо ёсць верагоднасць, што пацыент хварэе на COVID-19.

Некалькі хвілін — і мы ў 5-м гарадку. Каля міні-рынку крокаў за пяць ад «хуткай» дарогу перабягае жанчына з новай коўдрай. Напэўна, яе справы больш тэрміновыя і важныя, чым чыёсьці жыццё альбо здароўе…

Заходзім у кватэру.

— Прывітанне, прывіды! — ветліва сустракае жанчына і запрашае прайсці ў пакой.

У яе некалькі дзён запар трымаецца высокая тэмпература. Недзе тыдзень назад паднімалася яна і ў мужа гаспадыні, ён не адчуваў ні смаку, ні паху, зараз жа яго нічога не турбуе. Пасля дэталёвага агляду фельчар ро­біць хворай укол і рэкамендуе ў панядзелак выклікаць участковага ўрача альбо прыйсці на прыём у 21-ы кабінет паліклінікі, дзе па жывой чарзе прымаюць пацыентаў з павышанай тэмпературай. Уваход — там, дзе і на флюараграфію.

Не паспяваем вярнуцца назад, як фельчару неадкладнай дапамогі паступае новае заданне: чалавека з хранічнай сардэчнай недастатковасцю непакоіць аддышка. Але завярнуць да яго па дарозе немагчыма, бо неабходна змя­ніць усе сродкі індывідуальнай аховы. Выкарыстаныя пакідаем у «бруднай» зоне. Крысціна адпраўляецца на выклік, а я «саджуся на хвост» Дзянісу. Пункт прызначэння — ізалятар часовага ўтрымання райаддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Дзяжурны на ўваходзе змярае нам тэмпературу, запісвае ў журнал. За паўхвіліны чакання з-за металічных дзвя­рэй ізалятара некалькі разоў даносіцца гучнае «дапамажыце!». Аказваецца, гэта крычыць наш кліент. Маладая жанчына злоўжывае алкаголем. На трэці дзень знаходжання тут ёй стала мроіцца, што нехта на яе нешта распыляе. Запатрабавала медыкаў. Пакуль фельчар яе аглядаў і рабіў заспакаяльны ўкол, вяла сябе спакойна. Як толькі міліцыянер павёў яе назад у камеру, з маленнем у голасе прасіла мяне (я адзіная была ў цывільнай вопратцы) патэлефанаваць яе маці і паведаміць, дзе знаходзіцца дачка. Называла нумар тэлефона і адрас. Ведаеце, думаю, і Станіслаўскі паверыў бы, не кажучы пра мяне. Але міліцыянеры запэўніваюць: месцазнаходжанне затрыманай яе маці вядома, а гэта ўсё — звычайны спектакль.

Плача сцэна і па многіх іншых заўсёдніках ізалятара, сцвярджае Дзяніс.

— Яны ўсімі даступнымі сродкамі імкнуцца выйсці з камеры, — адкрывае мне вочы на тое, што тут адбываецца. — Больш прывабным ім здаецца нават ложак у наркалагічным аддзяленні. Таму сімулююць і патрабуюць выклі­каць «хуткую» столькі разоў, пакуль не даб’юцца свайго. Міліцыянеры не могуць адмовіць, а мы не можам не прыехаць. А раптам і сапраўды чалавеку дрэнна? Але такіх выпадкаў адзінкі.

Пасля выкліку Дзяніс Чарняк запаўняе медыцынскую дакументацыю

Упэўніцца ў справядлівасці назіранняў фельчара я змагла ўжо праз паўгадзіны: той самай жанчыне зноў спатрэбілася дапамога медыка. Гэтак жа нахабна паводзяць сябе і іншыя аматары спіртнога: беспадстаўна выклікаюць «хуткую», падганяючы з выездам, лаяцца, абражаюць. Перш чым так рабіць, падумайце, што на вас дарэмна трацяцца бюджэтныя сродкі, марнуецца час медыцынскіх работнікаў. Я ўжо не гавару пра тое, што якраз у гэты момант камусьці сапраўды патрэбна дапамога. І такіх прыкладаў у работнікаў аддзялення колькі заўгодна. Імі яны ахвотна дзеляцца са мной, пакуль выклікі «пастаўлены на паўзу».

— У якія дні бывае больш званкоў? — цікаўлюся.

— Раз на раз не прыходзіцца, — канстатуюць. — Часцей звяртаюцца ў выхадныя, калі не працуе паліклініка. Напрыклад, у мінулую нядзелю было 50 выездаў, 35 з іх — па горадзе. Сёння ў нас зацішша. Напэўна, таму, што многія парадкуюць магілы родных напярэдадні Дзядоў. Праўда, сёння «аншлаг» па варапаеўскай зоне.

— А ці павялічылася ў параўнанні з летам колькасць выклікаў?

— Так, прыблізна ў два разы, — адказвае старшы фельчар Юрый Габец, які, нягледзячы на выхадны, знаходзіцца ў аддзяленні. — Паўплываў і сезон пад’ёму вострых рэспіраторных інфекцый, і другая хваля каранавіруса. Радуе, што сродкаў індывідуальнай аховы і антысэптыкаў дастаткова.

Спецыялісты адзначаюць, што людзі перасталі палохацца, калі бачаць медыкаў у поўнай экіпіроўцы. Затое некаторыя ўпэўненыя, што фельчары павінны зрабіць ім тэст на каранавірус. Але гэта не так. Работнікі «хуткай» пры падазрэнні на COVID-19 праслухоўваюць дыханне пацыента, змяраюць тэмпературу і насычанасць крыві кіслародам. У норме сатурацыя складае 94-100%, ніжэйшы паказчык можа ўказваць на пнеўманію. Яна па-ранейшаму бывае як бессімптомная, так і суправаджаецца высокай тэмпературай, ламотай у целе, аддышкай, адсутнасцю смаку і нюху. Як правіла, на флюараграфічным здымку яе можна ўбачыць на пяты дзень.

Вераніка Сіманян і Крысціна Пачкоўская правяраюць наяўнасць і спраўнасць медыцынскай апаратуры ў аўтамабілі хуткай дапамогі

Цяпер у абавязкі фельчараў уваходзіць і транспарціроўка хворых на COVID-19 з тэрапеўтычнага аддзялення ў інфекцыйнае ці з яго ў «рэанімацыю», абуладкаваную ў хірургіі (палац Тызенгаўзаў). Былі такія «пераезды» і ў нядзелю. Пасля кожнага машыну апрацоўваюць дэзсродкамі. Званкі ж ад жыхароў райцэнтра актывізаваліся вечарам.

На першы выклік за змену (не ўлічваючы перавозак) Вераніка адправілася каля 18 гадзін. Дапамогі медыка чакаў мужчына з гіпертанічным крызам. Па другім адрасе — з хранічнай сардэчнай недастатковасцю. Чатыры выезды за дзяжурства налічыў Дзяніс, Крысціна — больш за 10, але яе вахта яшчэ не скончана.

— Сёння дзівосны дзень! Прыходзьце да нас яшчэ, — гавораць мне работнікі аддзялення, намякаючы на спакойнае дзяжурства.

— Не, лепш заставайцеся з намі ў начную змену, — не згодны з імі калега, які заступае на дзяжурства і ўжо ведае, што днём было незвычайна спакойна. — А то напішаце, што сумуем на працы. Гэта не так.

Ахвотна веру.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Эксперты далі рэкамендацыі

На сайце Міністэрства аховы здароўя з’явілася новая рубрыка для спецыялістаў, дзе размешчана новая інфармацыя пра каранавірусную інфекцыю.

Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, эксперты кафедраў БДМУ і БелМАПА адказалі на самыя частыя пытанні ўрачоў розных спецыяльнасцей, якія цяпер працуюць у стацыянарных і паліклінічных установах і аказваюць меддапамогу пацыентам з інфекцыяй COVID-19.

У прыватнасці, тлумачыцца, што КТ-карціна двухбаковай віруснай пнеўманіі з’яўляецца прычынай для пастаноўкі дыягназу COVID-19 без дадатковага лабараторнага пацвярджэння. Лабараторнае пацвярджэнне інфекцыі COVID-19 неабходна правесці ў далейшым для канчатковай верыфікацыі дыягназу, статыстычнай рэгістрацыі такіх выпадкаў, ажыццяўлення выплат і інш.

Спецыялісты таксама адзначаюць, што няма сэнсу ў кантрольным ПЦР-даследаванні ў вылечаных пацыентаў перад выпіскай. Пасля 10-14-га дня захворвання большасць пацыентаў не кантагіёзныя, пры гэтым вынік ПЦР можа заставацца станоўчым да 2-3 месяцаў за кошт дэтэкцыі рэшткаў генетычнага матэрыялу нежыццяздольнага віруса, што прадэманстравана ў шэрагу клінічных даследаванняў. Закрыццё ліста непрацаздольнасці ў пацыентаў з бессімптомнай і лёгкай формай адбываецца не раней за 14-ы дзень, з сярэдняцяжкай і цяжкай формай — не раней за 21-ы дзень, што больш чым дастаткова для спынення выдзялення пацыентам жыццяздольнага віруса.

БЕЛТА



Читайте также:
В Поставском районе началась вакцинация против гриппа
С 22 октября меняются правила въезда в страну и трансфера через Беларусь в условиях COVID-19
Профилактика коронавирусной инфекции в торговых объектах Поставщины



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.