Третье место заняли выпускница Новосёлковской СШ Виктория Буялич и её учитель Елена Вишневская

Образование

З верасня 2019 года па сакавік ­2020-га ў нашай краіне право­дзіўся ІІ гістарычны конкурс для моладзі «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці». Арганізавала яго прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў сумесна з маладзёжнай грамадскай арганізацыяй «Гісторыка» ў рамках праекта «Конкурсы па гісторыі ў Беларусі, Грузіі, Малдове і ва Украіне». Сярод удзельнікаў спаборніцтва былі 11-класніца Навасёлкаўскай СШ Вікторыя Буяліч і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гэтай школы Алена Вішнеўская, якія занялі трэцяе месца.

Нягледзячы на тое, што конкурс завяршыўся яшчэ ў пачатку года, яго вынікі падвялі толькі ў кастрычніку. За гэты час Вікторыя закончыла школу і паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Таму, калі сталі вядомыя пераможцы і я наведалася ў Навасёлкі, гутарыць давялося з адной Аленай Генадзьеўнай. Але яна змагла расказаць не менш за сваю вучаніцу.

Настаўніца Навасёлкаўскай СШ Алена Вішнеўская з матэрыяламі конкурсу

— Усё пачалося з тэлефоннага званка метадыста аддзела па адукацыі райвыканкама Баляславы Казуры, якая паведаміла: прыйшло палажэнне пра конкурс, трэба прыняць удзел. Пры гэтым дадала: «Разлічваю на перамогу», тым самым высока ўзняўшы планку, — прыгадвае мінулагоднія падзеі настаўніца. — Спачатку ніхто з нас не ўяўляў, што канкрэтна патрабуецца ад удзельнікаў. Была толькі назва конкурсу і ўказана, што на яго прымаюцца даследчыя работы маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў. Сталі думаць, пра каго можна напісаць, і свой выбар спынілі на вядомай у раёне і за яго межамі вышывальшчыцы Ліліі Зарэцкай.

Пазней, на навучальных семінарах, якія праводзілі арганізатары ў Віцебску, удзельнікі даведаліся, што даследчая работа павінна быць напісана ў форме эсэ на падставе інтэрв’ю з героем і фотаздымкаў з яго сямейнага архіва, зробленых у перыяд з 1945 па 2000 год. У ёй неабходна праз аналіз рэчаў і чалавечых адносін супаставіць гісторыю асобнай сям’і з гісторыяй краіны.

— На семінарах — а на іх прысутнічалі ў асноўным куратары работ — нас навучылі, як трэба пісаць, якія здымкі выбіраць, як правільна іх аналізаваць, на якія дэталі звярнуць увагу. Таму, калі сфарміравалася ідэя, працаваць было лёгка, — працягвала Алена Вішнеўская. — Вялікі дзякуй дачцэ Ліліі Радзівонаўны — Таццяне Іосіфаўне, якая выкладае ў нашай школе. Яна звяла з майстрыхай, дапамагла арганізаваць з ёй інтэрв’ю.

У якасці назвы сваёй працы Алена Генадзьеўна і Вікторыя ўзялі радкі з верша Я. Пясецкага «У божай міласці, у людской шчырасці будзе доўжыцца мой радавод», прысвечанага Ліліі Зарэцкай. А «фішкай» стаў фотаздымак вышытага жанчынай дрэва жыцця роду Лапачонак, які змясцілі ў канцы эсэ. Пачынаецца ж яно з прадстаўлення гераіні і апісання яе жыцця на цаліне, куды 15-гадовай дзяўчынай выехала з бацькамі з вёскі Макаршчына Варапаеўскага сельсавета. Затым сям’я вярнулася на радзіму. Тут Лілія Радзівонаўна выйшла замуж і нарадзіла пяцярых дзяцей. Пасля смерці мужа, каб пракарміць іх, вымушана была перабрацца ў Навасёлкі. Уладкавалася на ферму, дзе адпрацавала да выхаду на пенсію. На заслужаным адпачынку актыўна занялася любімай справай — вышываннем. Пачала прымаць удзел у розных выставах, фестывалях і нават тэлевізійных перадачах, атрымала званне народнага майстра. Нягледзячы на гады — а ёй хутка 80, — па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця.

Аўтары дадаткова зрабілі ві­дэапрэзентацыю работ Ліліі Зарэцкай і разам з астатнімі матэрыяламі адправілі на сайт «Па-за кадрам». Як даведаліся пазней, усяго на конкурс паступіла 120 даследчых прац. Журы раздзяліла іх на дзве катэгорыі: «Школьнікі» і «Студэнты» — і ў першай прысу­дзіла навасёлкаўцам трэцяе месца. З-за эпідэміі каранавіруса вынікі падводзілі анлайн, падчас відэаканферэнцыі з усімі ­ўдзельнікамі. З гэтай жа прычыны прызёры пакуль не атрымалі дыпломы і падарункі. А па ўмовах конкурсу аўтарам работ-пераможцаў даецца магчымасць прыняць удзел у міжнародным маладзёжным летнім лагеры, іх куратарам — у міжнароднай летняй акадэміі.

— Я рада, што мы паўдзельнічалі ў конкурсе, — кажа Алена Вішнеўская. — Пасля аб’яўлення вынікаў атрымала шмат віншаванняў ад калег, знаёмых. Тэлефанавала і Лілія Радзівонаўна, якой абавязкова перадам усе конкурсныя матэрыялы ў асабісты музей. Увогуле, гэта перамога — яшчэ адзін плюсік у скарбонку Навасёлкаўскай СШ, якая з’яўляецца для мяне роднай. Тут я вучылася, тут працуе мая мама і сама я мэтанакіравана прыйшла сюды працаваць.

 Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:

Родители и дети д/с «Солнышко» приняли участие в выставке «Вторая жизнь мусора»
Микротопонимы принесли победу воропаевской школьнице на республиканском конкурсе
Новая четверть для учащихся и учителей средней школы №1 начнётся в новых условиях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.